У школах краіны ў верасні адкрыецца больш за 160 інжынерных класаў i груп, у якіх будзе вучыцца каля 2 тысяч дзесяцікласнікаў.
”Каб павысіць цікавасць да інжынерных прафесій, Мінадукацыі распрацавала вучэбна–праграмную дакументацыю, якая дазваляе з 1 верасня пачаць адкрыццё інжынерных класаў. Праграму распрацоўваў вядучы тэхнічны ўніверсітэт — БНТУ. Ён жа будзе каардынатарам іх дзейнасці, хоць разам з імі працаваць будуць усе ўніверсітэты тэхнічнага профілю краіны ў цесным узаемадзеянніз з галоўнымі ўпраўленнямі па адукацыі. Мы лічым, што той станоўчы эфект, які мы атрымалі ад увядзення педагагічных класаў 5 гадоў назад, у сярэднетэрміновай перспектыве будзе магчымы і пры фарміраванні інжынерных класаў”, — заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Ён падкрэсліў, што распрацаваныя ўнікальныя міжпрадметныя вучэбныя праграмы аб’ядноўваюць фізіку, матэматыку, геаграфію, біялогію, хімію, інфарматыку — тыя прадметы, на стыку якіх рыхтуюць інжынерныя ці інжынерна–тэхнічныя кадры.
“Мы ўпэўнены ў падтрымцы профільных міністэрстваў, таму што гэта ў першую чаргу падрыхтоўка кадраў пад іх патрэбы. Пры навучанні старшакласнікаў будзе рэалізавана звязка “школа — універсітэт — прадпрыемства”. Кожны тэхнічны ўніверсітэт мае цесныя кааперацыйныя сувязі з рэальным сектарам эканомікі — гэта сумесныя кафедры, падрыхтоўка дыпломных і курсавых работ. Важна тое, што вучні інжынерных класаў будуць прыходзіць на прамысловыя прадпрыемствы, бачыць сваё патэнцыяльнае рабочае месца і ў будучыні пры паступленні рабіць выбар на карысць інжынернай прафесіі”, — упэўнены міністр адукацыі.
Ідэя фарміравання інжынерных класаў узнікла не спантанна. На працягу 2022/2023 навучальнага года ў сталічных школах быў апрабіраваны інжынерны факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”, вучэбная праграма якога распрацоўвалася сумесна з БНТУ.
Днямі на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта прайшоў рэспубліканскі семінар па арганізацыі работы ў класах інжынернай накіраванасці. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і вышэйшых навучальных устаноў краіны, а таксама кіраўнікі галоўныхупраўленняў па адукацыі.
Адкрываючы семінар, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч адзначыў, што ў краіне ўдзяляецца вялікая ўвага высакаякаснай падрыхтоўцы інжынераў: “Менавіта інжынерныя класы дазволяць стварыць бесперапынную падрыхтоўку спецыялістаў. Мы плануем праз арганізацыю і стварэнне такіх класаў пачаць раннюю прафарыентацыю сярод нашых школьнікаў, каб ва ўніверсітэты яны прыходзілі падрыхтаванымі і матываванымі”.
Аляксандр Генадзьевіч перакананы, што інжынерныя работнікі развіваюць высокатэхналагічныя галіны і ствараюць новыя галіны эканомікі. Таму стварэнне інжынерных класаў адыгрывае важную ролю. Тым больш падрыхтоўка інжынера — вельмі працяглы і працаёмкі працэс. Аднак за 4—5 гадоў ва ўніверсітэце не заўсёды ўдаецца ў поўнай меры яго падрыхтаваць. Каб выправіць становішча, будзе стварацца бесперапынная падрыхтоўка ў цеснай узаемасувязі школы, універсітэта і прамысловага прадпрыемства.
З гэтым згодны і рэктар БНТУ Сяргей Харытончык. Ён лічыць, што пры дапамозе факультатыўных заняткаў, наведвання прадпрыемстваў, сустрэч з прафесарска–выкладчыцкім складам універсітэтаў падрастаючае пакаленне далучыцца да інжынернай справы.
“БНТУ будзе суправаджаць інжынерныя класы на працягу ўсяго навучання, удасканальваючы вучэбны матэрыял, узаемадзейнічаючы са школьнікамі — запрашаючы іх на экскурсіі ва ўніверсітэт і лабараторыі і далучаючы да навуковай дзейнасці. Будзе створана цэлая сістэма падрыхтоўкі старшакласнікаў, каб яны маглі з упэўненасцю і разуменнем прыйсці ў прафесію”, — паведаміў Сяргей Васільевіч.
У рамках семінара з дакладамі аб сістэме мер і выніках работы па стварэнні інжынерных класаў у рэгіёнах краіны выступілі прадстаўнікі галоўных упраўленняў па адукацыі і УВА тэхнічнага профілю. Так, рэктар БрДТУ Сяргей Каспяровіч паведаміў, што ў 15 раёнах Брэсцкай вобласці ідзе набор у 8 інжынерных класаў і 20 груп, дзе будуць навучацца адпаведна 178 і 149 старшакласнікаў. Яны будуць вывучаць на паглыбленым узроўні фізіку і матэматыку, і ў меншай ступені хімію і біялогію.
“Універсітэт не ў пасіўным становішчы, мы дадаткова прапанавалі пяці школам Брэста адкрыць інжынерныя класы. Мы гатовы ўдзельнічаць у выкладанні факультатыву i навучанні на базе ўніверсітэцкіх лабараторый”, — сказаў Сяргей Антонавіч.
Ён выступіў з прапановай: пералік інжынерных спецыяльнасцей, на якія выпускнікі такіх класаў змогуць паступаць без уступных экзаменаў (маючы ў атэстаце па профільных прадметах не ніжэй за 8 балаў, а па астатніх — не ніжэй за 7), звузіць да канкрэтнага пераліку выключна інжынерных прафесій, па якіх ёсць вялікі попыт заказчыкаў кадраў.
У сваю чаргу рэктар БДТУ Ігар Войтаў праінфармаваў, што іх універсітэт гатовы больш узаемадзейнічаць з інжынернымі класамі па профілі “Хімія і матэматыка”, бо ў іх пераважаюць менавіта гэтыя напрамкі.
“У гэтым навучальным годзе ў Мінскай вобласці запланавана адкрыццё 5 класаў i 28 груп, сумарна гэта 260 чалавек. Мы бачым два напрамкі ўзаемадзеяння: навукова–метадычны i прафарыентацыйны. Да лістапада падрыхтуем для школьнікаў вучэбна–метадычныя дапаможнікі ў электронным i папяровым выглядзе па пытаннях уступных іспытаў па хіміі, фізіцы i матэматыцы” — лічыць Ігар Вітальевіч.
Развіццё сеткі інжынерных класаў будзе падтрымана комплексам мерапрыемстваў па нарматыўна–прававым, навукова–метадычным, інфармацыйным, арганізацыйным, прафарыентацыйным і матэрыяльна–тэхнічным забеспячэнні, які зацверджаны Мінадукацыі ў выглядзе дарожнай карты. Такі падыход прадвызначае неабходнасць далейшай распрацоўкі навуковых асноў канцэпцыі бесперапыннай інжынерна–тэхнічнай адукацыі.
“Інжынерныя класы паспрыяюць больш усвядомленаму выбару прафесіі. Абітурыенты, яшчэ будучы школьнікамі, змогуць зразумець сутнасць інжынернай адукацыі і будуць больш матываваны на паступленне. Такім чынам, эфектыўнае ўзаемадзеянне і работа ўсіх зацікаўленых будуць спрыяць паспяховаму развіццю бесперапыннай інжынернай адукацыі”, — рэзюмаваў першы намеснік міністра адукацыі.
Источник: Настаўніцкая газета