Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Калі хобі становіцца прафесіяй

Для паспяховага развіцця навукі і адукацыі важна ісці ў нагу з часам, а можа, нават быць на крок наперадзе. I гэта зразумела: сёння, у час бесперапыннага развіцця інавацыйных тэхналогій, спыніцца — значыць, зрабіць некалькі крокаў назад.

Не менш важная роля ў забеспячэнні высокага ўзроўню развіцця тэхналогій адводзіцца высокакваліфікаваным спецыялістам. Аб тым, як ажыццяўляецца іх падрыхтоўка, расказала намеснік дырэктара па вучэбна–метадычнай рабоце філіяла БНТУ Барысаўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Тамара Эдуардаўна Лявоцкая.

У 2020 годзе філіял БНТУ Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж адзначыў 55–годдзе свайго існавання.За гэты час каледж выпусціу многа спецыялістаў па шматлікіх профілях. Сёння філіял БНТУ рыхтуе спецыялістаў па такіх напрамках, як “Геадэзія”, “Вытворчасць і тэхнічная эксплуатацыя прыбораў і апаратаў”, “Тэхналогія машынабудавання”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Аўтамабілебудаванне”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Прамысловая цеплаэнергетыка”.

Для таго каб сфарміраваць неабходныя практычныя навыкі, а таксама дапамагчы навучэнцам у засваенні тэарэтычных ведаў, у Барысаўскім дзяржаўным політэхнічным каледжы створаны сучасны рэсурсны цэнтр, у якім размяшчаюцца спецыялізаваныя лабараторыі. Усе яны забяспечаны вучэбным і вытворчым абсталяваннем, персанальнай камп’ютарнай тэхнікай з адпаведным праграмным забеспячэннем.

“У нас ствараюцца ўсе ўмовы для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў, адаптаваных да ўмоў сучаснай вытворчасці, — расказвае Тамара Эдуардаўна Лявоцкая. — Свае веды і ўменні навучэнцы адпрацоўваюць у рэсурсным цэнтры, што адкрыты на базе філіяла. У структуру рэсурснага цэнтра па аўтаматызацыі прамысловых працэсаў і вытворчасці ўваходзяць 7 лабараторый, якія аснашчаны сучасным абсталяваннем і вучэбнымі стэндамі ў галіне аўтаматызацыі. Навучанне ў рэсурсным цэнтры ахоплівае ўсе спецыяльнасці, па якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка ў каледжы. Так, у нас дзейнічаюць лабараторыя аўтаматызацыі цеплаэнергетычных працэсаў, лабараторыя аўтаматызацыі вытворчых працэсаў у машынабудаванні, лабараторыя электрапрывода i электрычных машын, лабараторыя гідра– i пнеўмапрывода, лабараторыя мехатронных сістэм, лабараторыя электраабсталявання i электронных сістэм аўтамабіля, лабараторыя электронікі i лічбавых прылад, а таксама вытворчыя майстэрні. Усе без выключэння лабараторыі аснашчаны сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем, сучаснымі праграмамі навучання i перападрыхтоўкі i даюць магчымасць кожнаму жадаючаму авалодаць тымі навыкамі і ўменнямі, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням, а таксама дазваляюць павысіць сваю кампетэнтнасць і стаць сапраўдным прафесіяналам”.

Пры стварэнні на базе каледжа рэсурснага цэнгра планавалася, што ён будзе дапамагаць адточваць навыкі ўсім без выключэння навучэнцам, на якой бы спецыяльнасці яны ні вучыліся.

“Рэсурсны цэнтр дапамагае пазнаёміцца з найноўшай тэхнікай і з найноўшым абсталяваннем. Увогуле, ідэя рэсурснага цэнтра была ў тым, каб аб’яднаць усіх навучэнцаў адным словам — “аўтаматызацыя”, — працягвае тлумачыць Т.Э.Лявоцкая. — Сёння на ўсіх прадпрыемствах краіны з’яуляюцца новыя аутаматычныя сістэмы. Калі нашы выпускнікі прыходзяць на вытворчасць, нам бы хацелася, .каб яны не згубіліся ў тым мностве абсталявання і тэхнікі, што прадстаўлена на прадпрыемстве.Таму мы аб’ядналі цэнтр па аўтаматызацыі і прамысловых працэсах і вытворчасці.

Кожная лабараторыя першапачаткова абсталёўвалася для адной спецыяльнасці, але займацца ў кожнай з іх могуць усе навучэнцы каледжа па абсалютна любой спецыяльнасці. Безумоўна, нехта вучыцца для азнаямлення, а для іншых навучэнцаў будуем змест вучэбнай праграмы так, каб яны маглі ў рамках сваіх дысцыплін і спецыялізацый пазнаёміцца з іншымі аўтаматычнымі сістэмамі”.

Наталля Сахно

Источник: Настаўніцкая газета

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *