Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Главная страница » «Карабель» спусцілі са стапеляў

«Карабель» спусцілі са стапеляў

Пасажырамі абноўленага лайнера ведаў стануць амаль 2800 студэнтаў чатырох факультэтаў БНТУ.

Будынак на праспекце Незалежнасці, які «прышвартаваўся» побач са станцыяй метро «Барысаўскі тракт» і знаёмы кожнаму мінчаніну, нарэшце зноў ажыў.

Навабранцы–першакурснікі, якія ўпершыню пераступілі парог 15–га корпуса, у чаканні ўрачыстасці ціхенька перашэптваліся, імкнучыся адгадаць, якое «начынне» іх чакае ўнутры гэтай вялікай будовы. А чакае ix цэлы свет, які адкрые шлях да ix будучай прафесіі: спецыялізаваныя памяшканні для лабараторных работ, аснашчаныя па апошнім слове тэхнікі, сучаснае абсталяванне, якое дазваляе атрымліваць веды на ўзроўні сусветных стандартаў. Гэта асяроддзе для эфектыўнага навучальнага працэсу, у якім з гэтага часу будуць рыхтаваць прафесіяналаў у галіне архітэктуры, будаўніцтва, транспартных камунікацый і энергетычнага будаўніцтва — спецыялістаў, вельмі запатрабаваных эканомікай краіны.

— Адукацыя ў нас заўсёды з’яўлялася і з’яўляецца прыярытэтным кірункам дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, падкрэсліла ўпаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля Качанава, якая асабіста кантралявала ход рамонтных работ 15–га корпуса БНТУ. — Будуюцца новыя ўстановы адукацыі, рэканструююцца і мадэрнізуюцца дзеючыя, абнаўляюцца праграмы і адукацыйныя стандарты — дзяржава ўкладвае сур’ёзныя сродкі ў развіццё сістэмы адукацыі нашай краіны.

Цяперашняя моладзь вартая таго, каб ёю ганарыліся, лічыць Наталля Іванаўна:

— Вы таленавітыя, разумныя і крэатыўныя. Кіраўнік нашай дзяржавы неаднаразова паўтараў, што менавіта такія юнакі і дзяўчаты патрэбны нашай краіне, таму што вы — яе будучыня.

Да віншаванняў са знамянальнай падзеяй у жыцці студэнтаў далучыліся міністр адукацыі Андрэй Іванец і рэктар БНТУ Сяргей Харытончык.

Унутры абноўлены 15–ы корпус уражвае не менш, чым звонку. Паляпшэнні закранулі ўсе ключавыя аспекты — ад мікраклімату да аснашчэння аўдыторый і кабінетаў. Кожнае рашэнне тут падпарадкавана галоўнай мэце — стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для атрымання ведаў і развіцця інжынернай думкі. Лабараторыі папоўніліся сучасным абсталяваннем, якое адпавядае актуальным стандартам будаўнічай і архітэктурнай галін.

Гэта дазволіць студэнтам не проста асвойваць тэорыю, а паглыбляцца ў задачы, максімальна набліжаныя да рэальнага праектавання. I ўжо заўтра яны будуць гатовыя прымяняць гэтыя інструменты ў сваей прафесіі, — упэўнены Сяргей Харытончык.

— Выбраў транспартныя камунікацыі таму, што сучасныя дарогі становяцца разумнымі. Хачу ўнесці ў гэты працэс і свой уклад, — сказаў Ягор Засохін, які паступіў у БНТУ сёлета, будзе асвойваць спецыяльнасць «Транспартныя камунікацыі».

Гэта спецыяльнасць прыцягнула і першакурсніка Сяргея Курганскага, але кірунак ён абраў іншы — аэрадромнае будаўніцтва:

— Я заўсёды захапляўся нашым Нацыянальным аэрапортам. Праектаванне, узвядзенне, рэканструкцыя аэрадромаў, узлётна–пасадачных палос — гэта наколькі рамантычна, настолькі і складана.

Алена Вінаградава

Источник: Звязда