Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Дом з краявідам на будучыню

Учора ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё новага інтэрната.

Свой часовы камфартабельны дом падзеляць студэнты двух універсітэтаў — БНТУ і БДТУ.

Новы, з іголачкі, будынак па архітэктуры пераклікаецца са знакамітым навучальным корпусам БНТУ, які знаходзіцца побач, а ўнутры проста «дыхае» камфортам. Блокі з пакоямі на 2 або 3 месцы, у кожным — асобныя кухня, санвузел і душавы пакой. Ёсць у інтэрнаце спартыўная і трэнажорная залы, пральня, кафэ і іншыя сучасныя выгоды, якія можна пералічваць вельмі доўга, як, зрэшты, і апісваць эмоцыі студэнтаў, якія толькі ўсяліліся ў новае жыллё.

…У дзень адкрыцця інтэрната свой настрой маладыя людзі перанеслі на пляцоўку каля ўвахода ў іх агульны дом. Падзяліць радасць студэнтаў прыбылі высокія госці – намеснік прэм’ер–міністра Ігар Петрышэнка, міністр адукацыі Андрэй Іванец, прафесарска–выкладчыцкі склад БНТУ і БДТУ, іншыя афіцыйныя асобы.

— Адукацыя ў жыцці кожнага чалавека займае асаблівае месца, — звярнуўся да ўдзельнікаў цырымоніі Ігар Петрышэнка. — Таму сфера адукацыі заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі кіраўніка нашай дзяржавы і ўрада Беларусі. І менавіта таму Аляксандр Лукашэнка ў 2020 годзе прыняў рашэнне аб будаўніцтветрох інтэрнатаў і вучэбна–лабараторнага корпуса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Мы гэтую задачу выканалі і сёння адкрываем ужо трэці інтэрнат для Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, падзяліўшы пароўну і па–сумленнаму колькасць месцаў паміж студэнтамі дзвюх ВНУ.

Намеснік прэм’ер–міністра выказаў надзею, што ў гэтым цудоўным доме студэнцкая дружная сям’я атрымае новы зарад бадзёрасці і аптымізму, які дапаможа стаць студэнтам добрымі спецыялістамі.

— На працягу ўсёй нашай суверэннай гісторыі мы стараліся, стараемся і будзем далей развіваць і ўдасканальваць матэрыяльна–тэхнічную базу кафедраў нашых ВНУ, — працягнуў Ігар Петрышэнка. — Мы будзем адкрываць новыя спецыяльнасці і спецыялізацыі для таго, каб наша краіна з’яўлялася перадавой ва ўсіх сферах, і нам гэта вельмі важна для падрыхтоўкі магутных інжынерных кадраў. Мы стварылі належныя ўмовы для вашай вучобы, падрыхтоўкі да заняткаў — зрабілі ўсё, што дазволіць вам якасна асвойваць тую спецыяльнасць, на якую вы паступілі ў вышэйшую навучальную ўстанову.

Ён падкрэсліў, што вельмі важна, каб у гэтым сучасным і ў той жа час утульным студэнцкім доме панавалі спакой і сапраўднае студэнцкае сяброўства. Ігар Петрышэнка шчыра падзякаваў будаўнікам, якія ў рэкордныя тэрміны здалі годны будынак з добрымі абсталяванымі пакоямі, а таксама студэнтам, якія прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да адкрыцця інтэрната.

— Я хачу пажадаць вам знайсці ў гэтых сценах сапраўдных сяброў, — сказаў віцэ–прэм’ер, — якія будуць ісці з вамі па жыцці, хачу пажадаць, каб вы сталі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны і сапраўднымі спецыялістамі ў сваёй галіне.

Пасля перадачы сімвалічнага ключа і традыцыйнага перарэзвання чырвонай стужкі віцэ–прэм’ер, міністр адукацыі, рэктары БНТУ і БДТУ разам з запрошанымі на святочнае мерапрыемства гасцямі азнаёміліся з памяшканнямі ўнутры інтэрната — наведалі залу для аэробікі, трэнажорную залу, блок для пражывання, медыцынскі пункт, буфет.

— Умовы, якія створаны ў новым інтэрнаце, блізкія да ідэальных, — падзяліўся ўражаннямі Андрэй Іванец. — У студэнтаў ёсць усе магчымасці: асобная кухня ў кожным блоку, канферэнц–залы… Сёння вялікая ўвага ўдзяляецца здароўю нашай моладзі, таму ёсць трэнажорная зала, зала аэробікі. Гэта таксама вельмі важна для творчых і знаходлівых.

Кіраўнік адукацыйнага ведамства канстатаваў, што сёння забяспечанасць інтэрнатамі студэнтаў у Беларусі складае больш за 90 %. Што датычыцца зноў адкрытага і падобных яму інтэрнатаў, то, па словах міністра, у іх будуць засяляцца ў першую чаргу тыя, хто праявіў сябе ў вучобе, у студэнцкіх атрадах, конкурсах і іншых карысных актыўнасцях.

«Звязда»

Источник: Звязда

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Метки: