Упершыню рэспубліканскае мерапрыемства “Школа маладога вучонага” адбылося ў снежні 2023 года ў БДУ. Амаль за год праект аб’яднаў сотні маладых навукоўцаў.
Сёлета праект “Школа маладога вучонага” сабраў больш за 350 удзельнікаў з усёй краіны. Работа школы арганізавана ў Мінску на базе БНТУ. Сёння яна завяршае сваю дзейнасць.
Удзельнікі мерапрыемства — студэнты, магістранты, аспіранты, маладыя вучоныя са сталічных i рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі. На працягу пяці дзён яны слухалі лекцыі вядучых спецыялістаў, удзельнічалі ў майстар-класах, семінарах, групавых дыскусіях, а таксама пабывалі на экскурсіях у лабараторыях БНТУ і Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.
Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, міністр адукацыі Андрэй Іванец зазначыў, што мерапрыемства праводзіцца сумесна з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях, НАН Беларусі, Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй і Паркам высокіх тэхналогій. На яго думку, важна, каб маладыя людзі, прыходзячы ў навуку, разумелі свае перспектывы i маглі зрабіць асабісты ўклад у будучыню краіны.
— Сёння мы ўдзяляем асаблівую ўвагу развіццю стартап-руху, а таксама рэалізацыі інавацыйных праектаў. Міністэрства адукацыі ўжо з наступнага года пачне праводзіць асобны конкурс навукова-тэхнічных праектаў для маладых вучоных, выдзяляць гранты працягласцю 1–2 гады, каб кожны малады чалавек, які займаецца навукай у нашых універсітэтах, мог атрымаць практычную рэалізацыю сваіх ідэй і праектаў, — падкрэсліў міністр.
У фокусе ўвагі школы маладога вучонага падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Навічкі ў навуцы змаглі наведаць карысныя сустрэчы, на якіх абмяркоўваліся патрабаванні да выканання і афармлення дысертацыйных работ, іх абароны. Акрамя таго, спікеры падзяліліся інфармацыяй аб этапах абароны дысертацыі, сістэме”Антыплагіят”для забеспячэння акадэмічнай сумленнасці, інавацыйным прадпрымальніцтве, тэхналогіях штучнага інтэлекту і нейрасетках, расказалі, як іх выкарыстоўваць у навуковых даследаваннях. Таксама маладыя навукоўцы даведаліся некаторыя сакрэты прамоўніцкага майстэрства і эфектыўнай абароны сваіх даследаванняў на канферэнцыях.
Гаворачы пра ўклад моладзі ў навуку ў цэлым, міністр удакладніў, што сёння толькі ў сістэме ўніверсітэтаў Мінадукацыі навуковымі даследаваннямі заняты больш за 5 тысяч маладых чалавек, якія працуюць па ўсіх напрамках.
— Моладзь — прагрэсіўная частка грамадства. Цікавасць у яе выклікаюць галіны, якія дынамічна развіваюцца, такія як інфармацыйныя тэхналогіі, нейрасеткі, штучны інтэлект, біятэхналогіі, фармацэўтыка. Маладыя людзі сёння хочуць не проста прыйсці ў навуку, а атрымаць важкі вынік, які заслужыць прызнанне і ў нашай краіне, і за яе межамі, — сказаў Андрэй Іванец.
Марына Куняўская
Источник: Настаўніцкая газета