Якія сумесныя адукацыйныя праграмы рэалізуюць установы адукацыі Беларусі i Пскоўскай вобласці?
У Пскове прайшло 10–е пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Пскоўскай вобласці на чале з намеснікам Прэм’ер–міністра Беларусі Ігарам Петрышэнкам і губернатарам Пскоўскай вобласці Міхаілам Вядзернікавым.
— Пскоўская вобласць — наш добры сусед, з якім склаліся даўнія ўстойлівыя сувязі. У нас шматграннае ўзаемадзеянне. На чарговым пасяджэнні рабочай трупы, якая ўжо стала важным інструментам маніторынгу выканання дамоўленасцей, разгляду актуальных пытанняў супрацоўніцтва і прыняцця аператыўных рашэнняў, мы абмеркавалі стан і перспектывы развіцця гандлёва–эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, а таксама адукацыі, культуры, маладзёжнай палітыкі і турызму, — сказаў І. Петрышэнка.
Што тычыцца адукацыі, то сёння супрацоўніцтва ўніверсітэтаў Беларусі і Пскоўскай вобласці ажыццяўляецца ў рамках 35 прамых двухбаковых дагавораў. Адзін з перспектыўных напрамкаў — рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм, у тым ліку па сеткавым узаемадзеянні ўніверсітэтаў.
— Сёння ВДУ імя П. М. Машэрава, ВДТУ і БНТУ працуюць па дзесяці сумесных адукацыйных праграмах з Пскоўскім дзяржаўным універсітэтам, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Бахановіч. — Напрыклад, ВДУ і ПскоўДУ сумесна рыхтуюць магістрантаў па спецыяльнасці “Псіхалогія” ў рамках сеткавага ўзаемадзеяння. У бягучым годзе распрацоўваюцца яшчэ тры сумесныя праграмы: “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” (бакалаўрыят), “Гісторыя” і “Мовазнаўства (магістратура).
У ПскоўДУ функцыянуе сумесная з БНТУ Перадавая інжынерная школа гібрыдных тэхналогій у станкабудаванні Саюзнай дзяржавы для сеткавай падрыхтоўкі інжынерных кадраў. Галоўным прадуктам ПІШ стане гібрыдны апрацоўчы цэнтр.
Два гады назад у межах рэалізацыі дзяржпраграмы “Навукова–тэхналагічнае развіццё Расійскай Федэрацыі” ў БНТУ сумесна з ПскоўДУ была створана Перадавая інжынерная школа гібрыдных тэхналогій у станкабудаванні Саюзнай дзяржавы для сеткавай падрыхтоўкі інжынерных кадраў. Яе асноўная задача — падрыхтоўка міжгаліновага інжынера — 2035, здольнага ствараць новыя тэхналогіі і прадукты ў станкабудаванні. Ужо прайшлі навучанне 2402 чалавекі: 984 расіяніна і 1418 беларусаў.
Сёння БНТУ і ПскоўДУ рыхтуюць спецыялістаў па васьмі адукацыйных праграмах бакалаўрыяту і магістратуры ў галіне станкабудавання. Зараз ідзе работа над ліцэнзаваннем дзвюх новых праграм па спецыяльнасцях “Тэхналагічныя машыны і абсталяванне” і “Кіраванне ў тэхнічных сістэмах”. Для навучання прыцягваюцца вядучыя выкладчыкі, вучоныя, а таксама інжынерна–тэхнічныя супрацоўнікі прадпрыемстваў. Распрацавана таксама дзевяць новых праграм дадатковай прафесійнай адукацыі.
— Да таго ж мы прапануем актывізаваць узаемадзеянне профільных устаноў адукацыі Беларусі і Пскоўскай вобласці па падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна для станкабудавання. Напрыклад, паміж Аршанскім дзяржаўным механіка–эканамічным каледжам, дзе функцыянуе цэнтр кампетэнцый машынабудаўнічага профілю, і Вялікалуцкім політэхнічным каледжам. А яшчэ мы гатовы арганізаваць для выпускнікоў школ Пскоўскай вобласці на базе санаторыя–прафілакторыя БНТУ “Палітэхнік” адукацыйную змену інжынернага профілю, — акцэнтаваў увагу першы намеснік міністра адукацыі.
Пасля завяршэння пасяджэння беларуская дэлегацыя разам з Ігарам Петрышэнкам наведала Перадавую інжынерную школу.
— Калектывы дзвюх УВА — ПскоўДУ і БНТУ — аб’ядналіся для стварэння нацыянальнай сеткі тэхналагічных цэнтраў лазерных і адытыўных тэхналогій. Гэта дазволіць ініцыіраваць розныя праекты. Трансфер тэхналогій і прадуктаў ПІШ вырашаецца сумесна з расійскай інвестыцыйнай кампаніяй АФК “Сістэма”, а індустрыяльнай пляцоўкай для вытворчасці доследных узораў абсталявання служыць беларускае станкабудаўнічае прадпрыемства “Рухсерваматор”, — праінфармавала рэктар ПскоўДУ Наталля Ільіна.
Паводле яе слоў, галоўным прадуктам Перадавой інжынернай школы стане гібрыдны апрацоўчы цэнтр. Ён будзе сумяшчаць адытыўныя тэхналогіі (лазерную наплаўку) і традыцыйныя тэхналогіі механічнай апрацоўкі (фрэзерную, такарную). Таксама яго аснасцяць эфектыўнай сістэмай кіравання і інавацыйным электрапрывадам, што аблегчыць працу з новымі функцыянальнымі матэрыяламі.
— У гэтым годзе нашымі сумеснымі намаганнямі з БНТУ мы да канца падрыхтуем поўны камплект канструктарскай дакументацыі па такім станку, а “Рухсерваматор” павінен вырабіць доследны ўзор. Ужо ёсць шэраг прадпрыемстваў, зацікаўленых у гэтым апрацоўчым цэнтры, які стане асновай усіх рамонтаў у станкабудаванні,—дадала Н. Ільіна.
Беларускай дэлегацыі былі прадстаўлены магчымасці навукова–вытворчага цэха для апераджальнай падрыхтоўкі інжынерных кадраў па актуальных навукова–тэхналагічных напрамках і лабараторыі плазменных і лазерных тэхналогій расійска–беларускага навукова–даследчага цэнтра ПІШ.
Такім чынам, у найбліжэйшы час ПІШ плануе вырабіць гібрыдны станок, распрацаваць тэхнічны праект інавацыйнага прывада, стварыць сеткавую аспірантуру, а таксама адкрыць цэнтр камерцыялізацыі і трансферу тэхналогій.
У завяршэнні візіту ў ПІШ Ігар Петрышэнка і віцэ–губернатар Пскоўскай вобласці Нінэль Салагаева высадзілі на пляцоўцы расійска–беларускага ландшафтнага тэхналагічнага парка саджанцы лістоўніцы і хвоі як драўняныя сімвалы дзвюх краін. У будучыні гэтую традыцыю прадоўжаць студэнты.
Дарэчы, у цяперашні момант працягваецца работа над стварэннем расійска–беларускага тэхнапарка прыгранічных рэгіёнаў “Цэнтр інклюзіўнай адукацыі”. А яшчэ ў Пскове 13–15 лістапада плануецца правядзенне сумеснага форуму “Саюзная дзяржава: інклюзіўная адукацыя. Цэнтры і тэхнапаркі”.
Вольга Антоненкава
Источник: Настаўніцкая газета