У БНТУ абмеркавалі прэстыж i запатрабаванасць тэхнічнай адукацыі ў Беларусі.
Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт — гэта не проста адукацыйны, але і навукова–тэхнічны, культурны і спартыўны комплекс. Сёння студэнты тут авалодваюць 85 спецыяльнасцямі. “У БНТУ дакладна выбудавана бесперапынная сістэма адукацыі. Мы супрацоўнічаем і з сярэдняй школай, і з установамі ПТА і ССА, і з установамі вышэйшай адукацыі, і павышэння кваліфікацыі, — адзначыў першы прарэктар БНТУ Георгій Вяршына. — Наш універсітэт унёс неацэнны ўклад у развіццё базавых галін эканомікі краіны. Да ўсяго, што стваралася інжынерамі Беларусі, БНТУ мае дачыненне. Я не ведаю ніводнага прадпрыемства, дзе не працавалі б нашы выпускнікі”.
Георгій Аляксандравіч расказаў, што ў Беларусі пачынаюць распрацоўваць вучэбныя праграмы для профільных класаў інжынернай накіраванасці. “Спадзяёмся, да 1 верасня кожны факультэт БНТУ будзе мець профільны клас у адной з гімназій Мінска, Баранавіч і ў іншых гарадах краіны. Далей усё будзе залежаць ад вучняў школ. Калі нашы профільныя класы будуць карыстацца папулярнасцю, тады мы ўнясём прапанову ў Міністэрства адукацыі аб увядзенні пэўных ільгот пры паступленні для гэтай катэгорыі абітурыентаў, як гэта ёсць, напрыклад у педагагічных, сельскагаспадарчых або ваенна–патрыятычных класах”, — патлумачыў першы прарэктар.
Паводле яго слоў, у краіне існуе вялікая запатрабаванасць у спецыялістах інжынернай накіраванасці. “Патрэба ў інжынерных кадрах настолькі вялікая, што мы не можам з пункту гледжання размеркавання задаволіць заяўкі ўсіх нашых буйных прадпрыемстваў. Разам з тым інжынерная праца ў краіне ацэньваецца дастаткова высока. Матэрыяльны бок не ўступае ІТ–сферы”, — адзначыў Г.Вяршына.
Сёлета ў БНТУ будзе набор на новы напрамак “Лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве” спецыяльнасці “Эканоміка i арганізацыя вытворчасці”.
Дарэчы, за 10 апошніх гадоў У БНТУ з’явіліся 50 новых спецыяльнасцей. Каб узнікла новая спецыяльнасць у тэхнічным універсітэце, неабходны тры складнікі: матэрыяльна–тэхнічная база, навуковая школа і інфармацыйнае забеспячэнне. “Усе неабходныя краіне спецыяльнасці мы абавязкова адкрываем. Так, сёлета будзе набор на новы напрамак “Лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве” спецыяльнасці “Эканоміка i арганізацыя вытворчасці”, — дадаў першы прарэктар.
Ён таксама падзяліўся сваім меркаваннем наконт мэтавага навучання: “На мой погляд, мэтавае навучанне — найлепшая форма арганізацыі падрыхтоўкі спецыяліста. Калі чалавек хоча выбраць прафесію педагога або інжынера, то ён свядома на гэта ідзе. Сваю кар’еру значна прасцей пабудаваць на адным прадпрыемстве. Тут табе гарантаваны працаўладкаванне і падтрымка. Цяпер некаторыя прадпрыемствы вельмі ў гэтым зацікаўлены, напрыклад МАЗ. Прычым не проста зацікаўлены ў спецыялісце, яны нават гатовы аказваць дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага спецыяліста”.
У сваю чаргу рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі падкрэсліў, што за тэхнічнай адукацыяй будучыня: “Гэта відавочна: усе новыя ідэі генерыруюцца тымі, хто з’яўляецца носьбітам ведаў інжынерна–тэхнічнага профілю. Тэхнічная адукацыя пранікае ва ўсе сферы, не толькі ў прамысловасць, але і ў гандаль, у сферу паслуг, у бытавое асяроддзе, нам без гэтага ніяк не абысціся. Выбраўшы тэхнічную адукацыю, амбіцыйныя маладыя людзі ніколі не памыляцца. У створаным у БНТУ адукацыйным асяроддзі яны змогуць разгарнуцца і стаць паспяховымі ўжо ў працэсе навучання, не чакаючы заканчэння навучання або 3–4 гады, пакуль набяруцца вопыту. Таму запрашаю абітурыентаў паступаць на тэхнічны профіль, бо ён — драйвер развіцця эканомікі краіны і грамадства”.
У Беларусі пачынаюць распрацоўваць вучэбныя праграмы для профільных класаў інжынернай накіраванасці па ініцыятыве БНТУ.
Усяго БНТУ сёлета плануе прыняць 4365 абітурыентаў плюс 101 чалавек — на ваенна–тэхнічны факультэт. “Бюджэт практычна застаўся на ранейшым узроўні, мы набіраем толькі на 11 чалавек менш, чым у мінулым годзе. А вось на пазабюджэце будзе вучыцца на 70 чалавек менш, чым раней. На мэтавую падрыхтоўку плануем прыняць 42 абітурыенты”, — паведаміў Г.А.Вяршына.
Вольга Антоненкава
Источник: Настаўніцкая газета