У Палацы культуры чыгуначнікаў адбыўся грандыёзны фінал Мінскага гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года». Свае ўстановы вышэйшай адукацыі прадставілі i пазмагаліся за выхад у фінал 12 пераможцаў адборачных тураў.
У гэтым годзе канцэпцыяй гарадскога тура конкурсу «Студэнт года» сталі «Эксклюзіўныя авіялініі». Удзельнікаў чакала насычаная праграма: творчыя нумары, дэманстрацыя прамоўніцкага майстэрства па зададзеных тэмах. Інтэлектуальны тур (абарона праектаў) прайшоў напярэдадні фіналу.
Варта адзначыць, што на працягу двух тыдняў канкурсанты прайшлі сапраўдны творчы марафон: майстар–класы на згуртаванне, па дэфіле ад «Міс Мінск — 2023» Надзеі Толсцікавай, курсы па прамоўніцкім майстэрстве ад тэлевядучага Жана Сянкевіча, лекцыі аб асабістым брэндзе і правільнай абароне праекта ад дырэктара «Белбрэндаўдыт» Валянціны Дыніч, рэпетыцыі, прымеркі і падбор калекцый.
Пераможцай гарадскога этапа конкурсу «Студэнт года» стала студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Юлія Левіна. Яна падзякавала арганізатарам конкурсу i сваей камандзе, а таксама адзначыла, што падрыхтоўка была вельмі складанай, але ўсе намаганні поўнасцю апраўдаліся. Цяпер дзяўчына прадставіць Мінск на рэспубліканскім этапе конкурсу. Другое месца заняў студэнт Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» Іван Осіпаў, а трэцяе падзялілі паміж сабой студэнтка БДУ Стэфанія–Віталія Віннічак і студэнтка БНТУ Арына Колесава.
Галоўная задача конкурсу «Студэнт года» — аб’яднаць моладзь, бо падчас адборачных тураў юнакі i дзяўчаты знаёмяцца адзін з адным і ствараюць сумесныя праекты. Аб гэтым сказаў першы сакратар Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ Раман Бандарук: «Мы спадзяёмся, што з кожным годам усё больш студэнтаў будзе даведвацца аб гэтым конкурсе і пачне прадстаўляць сваю ўстанову адукацыі». На яго думку, інтэлектуальныя і творчыя маладыя людзі, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, з’яўляюцца гонарам сваіх навучальных устаноў.
Сяргей Расолька
Источник: Звязда