Выпускнікі энергетычнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта дынамічна развіваюць энергетычны комплекс краіны, падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй Іванец на адкрыцці новага корпуса ўстановы.
Вучэбна–лабараторны корпус разлічаны на амаль 900 студэнтаў. Ён стане пляцоўкай для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных інжынераў–энергетыкаў. Тут студэнты атрымаюць якасную адукацыю, рыхтуючыся да будучай работы на прадпрыемствах краіны.
— Энергетычны факультэт БНТУ з’яўляецца кузняй кадраў для энергетычнай галіны, паліўна–энергетычнага комплексу. Яго выпускнікоў вельмі чакаюць энергазабеспячальныя арганізацыі: ад вытворчасці электрычнай цеплавой энергіі да перадачы яе па сетках, структурныя падраздзяленні, энергазбыт. Прычым маладыя спецыялісты змогуць праявіць сябе і на такім важным аб’екце, як Беларуская атамная электрастанцыя. Дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта энергетычны комплекс нашай краіны інтэнсіўна развіваецца, укараняюцца новыя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне, ажыццяўляецца аўтаматызацыя і лічбавізацыя тэхналагічных працэсаў, — адзначыў намеснік прэм’ер–міністра Віктар Каранкевіч падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця корпуса.
Ён перакананы, што ў новых лабараторыях авалодаць неабходнымі ведамі студэнтам дапамогуць і будучыя заказчыкі кадраў — энергазабеспячальныя арганізацыі. Бо паміж Міністэрствам адукацыі, БНТУ і арганізацыямі сістэмы Міністэрства энергетыкі выбудавана цеснае ўзаемадзеянне, накіраванае на практыкаарыентаванасць, каб выпускнікі, прыйшоўшы на прадпрыемства, маглі адразу ж уключыцца ў тэхналагічны працэс.
— Важна, каб у далейшым было цеснае ўзаемадзеянне па ўмацаванні матэрыяльна–тэхнічнай базы, аснашчэнні лабараторый сучасным абсталяваннем. Упэўнены, што тут будуць выпускацца высокага ўзроўню спецыялісты, якія ў далейшым змогуць унесці значны ўклад у развіццё энергетычнага комплексу краіны, — дадаў Віктар Міхайлавіч.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец нагадаў, што БНТУ па праве лічыцца флагманам інжынернай адукацыі краіны, які славіцца далёка за межамі Беларусі:
— Энергетычны факультэт атрымаў свой доўгачаканы дом. Жадаю выкладчыкам і студэнтам напоўніць яго ведамі, новымі ідэямі і распрацоўкамі, каб мы часцей чулі, якія высакакласныя спецыялісты выпускаюцца на энергетычным факультэце, і як дынамічна развіваецца энергетычны комплекс нашай краіны. Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы ў апошнія гады БНТУ актыўна пашыраецца. Зусім нядаўна мы адкрылі новы інтэрнат на 1 тысячу месцаў, цэнтр кампетэнцый па лічбавым машынабудаванні, а цяпер і новы корпус. Такая работа будзе працягвацца і далей.
А вось міністр энергетыкі Дзяніс Мароз звярнуў увагу на тое, што адкрыццё новага корпуса праходзіць у дні, калі беларуская энергасістэма святкуе 95–годдзе свайго існавання:
— За гэты час яна ператварылася ў сучасны, высокатэхналагічны комплекс, які ўключае дзясяткі станцый высокага ціску, сотні тысяч кіламетраў энергетычных сетак, жамчужыну беларускай энергетыкі — БелАЭС. Але ўсе гэтыя дасягненні самі па сабе немагчымыя і не будуць працаваць без чалавека–энергетыка, які кіруе гэтымі складанымі механізмамі і сістэмамі. А гэты чалавек набывае свае веды менавіта тут — у БНТУ. Пры гэтым мы як энергетыкі добра разумеем: перад намі цяпер стаіць задача па напаўненні гэтага корпуса самымі сучаснымі, высокатэхналагічнымі лабараторыямі для таго, каб студэнты маглі тут вывучаць усё тое, што сёння з’яўляецца самым перадавым, атрымліваць веды і ісці на вытворчасць ужо максімальна падрыхтаванымі. Абсалютна перакананы, што нашымі сумеснымі намаганнямі гэты будынак стане крыніцай навучання новых пакаленняў высакакласных энергетыкаў.
Новы вучэбна–лабараторны корпус № 21 БНТУ знаходзіцца па адрасе вуліца Якуба Коласа, 16. Ён уяўляе сабой 12–павярховы будынак з трохпавярховай гасцініцай, чатырохпавярховым рэдакцыйна–выдавецкім аддзелам і трохпавярховай бібліятэкай. Для арганізацыі вучэбнага працэсу ў корпусе спраектаваны лабараторыі кафедр, выкладчыцкія, актавая зала на 100 месцаў, паточная аўдыторыя на 100 чалавек, канферэнц–зала на 60 месцаў, адміністрацыйныя памяшканні, пакоі вылічальнага цэнтра, вучэбныя класы і лабаранцкія.
Энергетычны факультэт БНТУ — адзін з найстарэйшых вядучых факультэтаў універсітэта. Ён мае багаты вопыт па падрыхтоўцы інжынерных і навукова–педагагічных кадраў у галіне электра– і цеплаэнергетыкі. Сёння ў складзе факультэта 7 кафедр і 2 навукова–даследчыя лабараторыі. Тут займаецца звыш 2200 студэнтаў: каля 1500 — навучэнцы дзённага аддзялення і больш за 700 — завочнага. На ЭФ навучанне вядзецца па 4 спецыяльнасцях: “Інжынерная эканоміка”, “Праектаванне і эксплуатацыя атамных электрычных станцый”, “Цеплаэнергетыка і цеплатэхніка” і “Электраэнергетыка і электратэхніка”. Пры паступленні на іх неабходна здаць ЦЭ/ЦТ па беларускай/рускай мове, матэматыцы і фізіцы, а на “Інжынерную эканоміку” замест фізікі трэба прайсці тэсціраванне па замежнай мове.
Вольга Антоненкава
Источник: Настаўніцкая газета
