У Мінску стартаваў ХІV Форум ВНУ інжынерна–тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы.
Да 25 кастрычніка ўключна Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт будзе эпіцэнтрам маштабнай падзеі — тут праходзіць ХІV Форум ВНУ інжынерна–тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы. Мерапрыемства сабрала звыш тысячы навукоўцаў, спецыялістаў, студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў з больш чым 40 ВНУ Беларусі, Расіі, Узбекістана і іншых краін.
Сёлета асноўная канцэпцыя форуму, які праводзіцца з 2012 года, прысвечана прыярытэтным кірункам навуковай, навукова–тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ВНУ Саюзнай дзяржавы, развіццю інжынернай адукацыі ў Саюзнай дзяржаве і маладзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва, а таксама патрыятычнаму выхаванню ў інжынернай адукацыі Саюзнай дзяржавы.
«Унікальнасць форуму ў тым, што падобнай падзеі сярод інжынерных ВНУ няма нідзе ў свеце, — адзначыў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Аляксей Кубрын. — Ёсць падпісаныя пагадненні паміж асобнымі ВНУ, працягваюцца абмены інфармацыяй, тэхналогіямі, методыкамі навучання. Але такой маштабнай падзеі няма. Асаблівасць нашага форуму яшчэ і ў тым, што цікавасць да яго за ўсе гады, якія ён праводзіцца, не падае, а, наадварот, павялічваецца».
Аляксей Кубрын падкрэсліў, што сёння інжынерныя спецыяльнасці ставяцца ў аснову. «Мы прыйшлі ўжо да практычнага вырашэння той задачы, якая пастаўлена двума прэзідэнтамі, — аб павышэнні прэстыжу інжынерных прафесій і павышэнні якасці спецыялістаў, якія выпускаюцца. Таму што мы павінны забяспечыць самы высокі ўзровень якасці прадукцыі і самыя высокія тэхналогіі», — сказаў ён.
Сярод актуальных праектаў у інжынерным кірунку намеснік дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы вылучыў у першую чаргу авіяцыйную галіну: «Задача пастаўлена Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам — ствараць авіяцыйную галіну ў Беларусі. Значыць, неабходна рыхтаваць спецыялістаў, а гэта найшырэйшы спектр».
Адзін з вядучых вектараў, якім заўсёды славілася Беларусь, — машынабудаванне. «Значыць, трэба рыхтаваць самых сучасных спецыялістаў па гэтым кірунку. Быў пэўны перыяд часу, калі інжынерным спецыяльнасцям удзялялася мала ўвагі. Цяпер трэба папаўняць колькасць інжынерных спецыялістаў для таго, каб прадпрыемствы па–ранейшаму працавалі ў сур’ёзным тэмпе, — канкрэтызаваў Аляксей Кубрын. — Акрамя таго, нельга забываць пра „бум“, які працягваецца ў касмічнай тэматыцы. Ёсць задача кіраўніка дзяржавы аб фарміраванні падрыхтоўкі да выхаду на арбітальную групоўку спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Гэта таксама шырокі спектр спецыялістаў. Тыя прадпрыемствы, якія сёння ёсць, загружаныя досыць сур’ёзна, але людзей менавіта высокай кваліфікацыі ўсё роўна не хапае».
Першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Бахановіч адзначыў важнасць інжынернай адукацыі для падрыхтоўкі спецыялістаў, якія робяць важкі ўнёсак у развіццё эканомікі краіны: «Канцэпцыя развіцця інжынернай адукацыі, якая нядаўна прынята ўрадам на найбліжэйшыя 10 гадоў, праграма стварэння цэнтраў кампетэнцый і іншая работа, што сёння выконваецца ў Міністэрстве адукацыі разам з ВНУ, вядучымі прадпрыемствамі, заказчыкамі кадраў, безумоўна, дае свае вынікі.
З будучымі спецыялістамі мы павінны гэтую работу пачынаць з ранняга ўзросту. Бачым, як эфектыўна запрацавалі нашы інжынерныя класы. З 2,5 тысячы выпускнікоў сёлета больш за 70 % паступілі ў ВНУ на інжынерна–тэхнічныя спецыяльнасці. Прыцягваем нашу моладзь да інжынерна–тэхнічнай адукацыі. У гэтым сэнсе форум ВНУ міжнароднага тэхналагічнага профілю — тая пляцоўка, дзе сустракаюцца спецыялісты і абмяркоўваюць цэлы шэраг пытанняў».
Аляксандр Бахановіч выказаў меркаванне, што спачатку трэба прыцягнуць маладога чалавека і ў інжынерна–тэхнічную адукацыю, і ў навуку, а затым аказаць яму ўсялякую дапамогу для таго, каб бізнес–інкубатары, стартап–праекты, праграмы настаўніцтва навукоўцаў і педагогаў дазволілі давесці сваю ідэю спачатку да нейкага зразумелага ўзору, а затым каб гэтая прадукцыя была пастаўлена на вытворчасці і працавала на эканоміку краіны.
Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця рэктар БНТУ Сяргей Харытончык нагадаў вынікі мінулых форумаў: «За 13 гадоў правядзення мерапрыемства мы дасягнулі вялікай колькасці вынікаў. Адзін з прыкладаў поспеху — стварэнне перадавой інжынернай школы Саюзнай дзяржавы ў галіне гібрыднага станкабудавання.
У гэтым кірунку мы стварылі новыя навучальныя праграмы, зрабілі акцэнт на лічбавізацыі, новых метадах падрыхтоўкі нашых студэнтаў. Мы таксама стварылі канструкцыю гібрыдна–апрацоўчага цэнтра. І сёння разам з расійскімі партнёрамі ўпэўнена рыхтуем спецыялістаў для гэтых кірункаў».
Паводле яго слоў, мы самі сталі рыхтаваць спецыялістаў у галіне атамнай энергетыкі для Беларускай атамнай электрастанцыі. «На першых этапах Ніжагародскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт узяў асноўныя моманты падрыхтоўкі нашых студэнтаў на сябе. Паступова мы пераймалі іх вопыт і сёння ўжо самастойна вядзём падрыхтоўку сваіх студэнтаў для гэтай галіны. Таксама з пачатку правядзення форуму вельмі актыўна заняліся падрыхтоўкай спецыялістаў для патрэб абароннага комплексу. Такога кірунку не было ў нашым універсітэце, і наш партнёр — Іжэўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт — спрыяў стварэнню гэтага кірунку навучання ў нас», — паведаміў рэктар БНТУ.
Асноўная канцэпцыя форуму прысвечана папулярызацыі інжынернай адукацыі, прыцягненню моладзі ў сферу навукі, стварэнню міжуніверсітэцкай платформы для рэалізацыі ключавых кірункаў беларуска–расійскага інтэграцыйнага супрацоўніцтва па прыярытэтных вектарах развіцця навукі і тэхнікі і падтрымцы таленавітай моладзі.
Данііл Хмяльніцкі
Фота БНТУ
Источник: Звязда
