Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Інжынеры патрэбныя ўсюды…

БНТУ рыхтуецца прыняць Форум ВНУ інжынерна–тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы.

На 5 дзён беларуская сталіца стане цэнтрам інжынерна–тэхналагічнай думкі. З 21 да 25 кастрычніка 2025 года ў БНТУ пройдзе ХІV Форум ВНУ інжынерна–тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы. Гэта падзея стане ўнікальнай пляцоўкай для ўзаемадзеяння вядучых навучальных устаноў, вучоных і студэнтаў з Расіі і Беларусі, якія аб’ядналі агульныя інтарэсы ў сферы інжынерыі і сучасных тэхналогій.

«У форуме ўдзельнічаюць студэнты Саюзнай дзяржавы і замежныя партнёры, — расказаў рэктар БНТУ Сяргей Харытончык. — Мы бачым, наколькі ўзрасла роля інжынерыі ў нашых краінах. Гэтаму ўдзяляецца першарадная ўвага ў падрыхтоўцы кадраў. Наш форум папулярызуе гэтыя прафесіі і кірункі, паказвае перавагі, якімі спецыялісты будуць валодаць пры завяршэнні навучання ва ўніверсітэтах».

«Пытанне развіцця інжынернай адукацыі знаходзіцца ў „топе“ ўвагі кіраўнікоў краін, урадаў, міністэрстваў. Якасць падрыхтоўкі інжынераў вызначаецца тэхналагічным развіццём краін — гэта ў аснове. Будзе абмяркоўвацца штучны інтэлект, сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі», — удакладніў Сяргей Харытончык.

Адна з асноўных задач форуму — даць шанц удзельнікам паказаць усе свае магчымасці, каб сфарміраваць здаровую канкурэнцыю. Моладзь актыўна рыхтуецца да бізнес–баёў, іншых мерапрыемстваў форуму і спадзяецца паказаць сябе з лепшага боку.

Падчас работы форуму будуць прапрацаваны пытанні стварэння сумесных адукацыйных праграм і правядзення сумесных даследаванняў, падкрэсліў Сяргей Харытончык:

«Гэта пляцоўка таксама стане добрай магчымасцю для таго, каб дасягнуць дамоўленасцяў па рэалізацыі канкрэтных кірункаў і знайсці пункты ўзаемадзеяння з расійскімі ВНУ. Па выніках правядзення папярэдніх форумаў ужо былі дасягнуты некаторыя буйныя дамоўленасці. Адной з іх стала стварэнне перадавой інжынернай школы Саюзнай дзяржавы на базе дзвюх ВНУ: Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Па гэтым кірунку сёння рэалізоўваецца і актыўна развіваецца шэраг адукацыйных праграм у галіне гібрыдных тэхналогій і станкабудавання».

Паводле слоў першага прарэктара БНТУ Андрэя Сафонава, цеснае супрацоўніцтва з расіянамі дазваляе пераймаць апошні вопыт у адукацыі і развіцці тэхналогій: «Намі створана перадавая школа Саюзнай дзяржавы па станкабудаванні. Гэта ўнікальны прыклад сярод 30 падобных школ, адзіны варыянт двайнога ўдзелу Беларусі і Расіі. Дзякуючы такім напрацоўкам падобная школа дзейнічае ў БНТУ. Мы рыхтуем спецыялістаў, выкарыстоўваючы патэнцыял дзвюх краін. Дзякуючы форуму ў нас цесныя сувязі з Ніжагародскім тэхнічным універсітэтам. У звязку мы вядзём падрыхтоўку нашых спецыялістаў. Ужо адбыліся выпускі для нашай атамнай галіны і энергетыкі».

Данііл Хмяльніцкі

Источник: Звязда