Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Актуальныя і своечасовыя

Пытанні падрыхтоўкі інжынерных кадраў і ўзаемадзеянне ўніверсітэтаў з прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі абмеркавалі на пасяджэнні Рэспубліканскага савета рэктараў.

— Падрыхтоўка інжынерных кадраў — важная задача для эканомікі краіны. Менавіта таму на пасяджэнні Рэспубліканскага савета рэктараў мы разглядаем пытанне канцэпцыі развіцця інжынернай адукацыі ў Беларусі да 2035 года. Яна ўключае ў сябе ўсе ступені адукацыі пачынаючы з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку дзейнасць 175 інжынерна–тэхнічных цэнтраў, створаных на базе школ, i работу інжынерных класаў, выпускнікі якіх сёлета ўпершыню будуць паступаць у нашы тэхнічныя ўніверсітэты. Безумоўна, вельмі важная сувязь вышэйшай школы з рэальным сектарам эканомікі, — паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Ён адзначыў, што такія формы работы, як стварэнне цэнтраў кампетэнцый на базе УВА пад канкрэтныя патрэбы заказчыкаў кадраў, адкрыццё вучэбных класаў на прамысловых прадпрыемствах, дзе студэнты будуць праходзіць практычную падрыхтоўку, — вельмі значныя.

— На парадку дня новая форма далучэння моладзі да інжынернай дзейнасці — стварэнне так званых маладзёжных канструктарскіх бюро на базе ўніверсітэтаў. Гэта прынцыпова новая форма для нашай краіны, але, упэўнены, яна дасць магчымасць моладзі не проста атрымліваць адукацыю інжынерна–тэхнічнага профілю, але i рэалізоўвацца ўжо на самых ранніх стадыях сваёй прафесійнай дзейнасці, выконваючы канкрэтныя заказы прадпрыемстваў i атрымліваючы за гэта адпаведнае фінансавае стымуляванне, — дадаў міністр.

Паводле яго слоў, у 2024/25 навучальным годзе 11–я класы інжынернай накіраванасці заканчваюць каля 2,3 тысячы маладых людзей. У гэтым годзе яны змогуць паступаць ва УВА на адпаведныя спецыяльнасці па выніках субяседавання.

— Для паступлення ва УВА на інжынерныя спецыяльнасці выпускнікам профільных класаў дастаткова зрабіць тры простыя крокі. Першы — вызначыцца са спецыяльнасцю. На сайце Міністэрства адукацыі ў адпаведнай укладцы для абітурыентаў ёсць пералік спецыяльнасцей, на якія могуць паступаць выпускнікі інжынерных класаў. Другі крок — выбраць універсітэт, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка па гэтай спецыяльнасці. Паколькі па адной і той жа спецыяльнасці яна вядзецца як у рэгіянальных, так і ў сталічных УВА. Трэці — падрыхтавацца да субяседавання, — праінфармаваў Андрэй Іванавіч.

Дарэчы, пералік пытанняў да субяседавання размешчаны на сайтах Мінадукацыі i ўніверсітэтаў. Першае пытанне білета будзе прысвечана агульнаму факультатыву “Уводзіны ў інжынерную прафесію”, а другое будзе спецыялізаваным — у залежнасці ад таго профілю, па якім дзеці вучыліся ў інжынерным класе, напрыклад, будзе тычыцца машынабудавання, інфармацыйных тэхналогій, энергетыкі.

Пры гэтым міністр адукацыі раіць усім выпускнікам інжынерных класаў здаць ЦЭ і ЦТ:

— Гэта будзе падстрахоўкай на выпадак няўдалага праходжання субяседавання i дасць магчымасць абітурыенту паступіць па традыцыйнай траекторыі, як астатнія выпускнікі. Канечне, улічваючы, што практычна кожнае чацвёртае бюджэтнае месца ва УВА прыпадае на інжынерныя спецыяльнасці, а гэта больш за 7,5 тысячы, шансы на паступленне ў выпускнікоў класаў прафесійнай накіраванасці вельмі высокія. Але яшчэ раз паўтаруся: заўсёды трэба мець запасны варыянт. Таму здача ЦЭ і ЦТ — гэта настойлівая рэкамендацыя для ўсіх выпускнікоў інжынерных класаў.

Што тычыцца тэрмінаў прыёмнай кампаніі — 2025, то яны застануцца ранейшымі.

— Тэрміны падачы дакументаў, праходжання субяседавання, паступлення мэтавікаў, здачы ўнутранага экзамену, залічэння бюджэтнікаў i платнікаў застануцца ранейшымі, усё пройдзе ў тыя ж тэрміны, як і ў мінулым годзе, — сказаў Андрэй Іванец.

Запатрабаваныя і канкурэнтаздольныя

Сёння падрыхтоўка інжынерных кадраў займае значнае месца ў агульным аб’ёме падрыхтоўкі спецыялістаў у айчыннай сістэме вышэйшай адукацыі, забяспечваючы развіццё кадравага патэнцыялу практычна па ўсіх напрамках эканомікі краіны. Асноўнымі прынцыпамі, якія выкарыстоўваюцца пры праектаванні адукацыйных праграм, з’яўляюцца спалучэнне неабходнай фундаментальнай падрыхтоўкі і практычных кампетэнцый, пастаянная актуалізацыя выкарыстання перадавых тэхналогій у адукацыйным працэсе, рэалізацыя прынцыпу “адукацыя праз усё жыццё”, цеснае супрацоўніцтва з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, фарміраванне і развіццё творчых і лідарскіх здольнасцей будучых спецыялістаў.

На рынку працы ўзрастае запатрабаванасць канкурэнтаздольных інжынёрных кадраў па ўсіх напрамках, але пры гэтым ні адна з галін эканомікі не можа канстатаваць дастатковае кадравае забеспячэнне такімі работнікамі. Асаблівую актуальнасць набываюць пытанні павышэння эфектыўнасці практычнай падрыхтоўкі інжынераў і ўдзелу заказчыкаў кадраў у забеспячэнні практыка–арыентаванага навучання.

—Пры гэтым варта адзначыць, што шэраг дзеянняў ужо зроблены. Супрацоўніцтва УВА з заказчыкамі кадраў прадугледжвае сумесную распрацоўку, узгадненне, карэкціроўку адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў і праграм, удзел спецыялістаў прадпрыемстваў у арганізацыі адукацыйнага працэсу і практык на іх базе, а таксама функцыянаванне філіялаў кафедр і вучэбных лабараторый на прадпрыемствах. Трэба сказаць, што гэта работа сапраўды ўжо выбудавана і не з’яўляецца навіной для нашых заказчыкаў кадраў, — адзначыў рэктар БНТУ Сяргей Харытончык.

Істотную ролю ў рэалізацыі задачы павышэння практыкаарыентаванасці падрыхтоўкі інжынераў адыгрывае адкрыццё цэнтраў кампетэнцый. Іх мэта — развіццё інавацыйных форм узаемадзеяння, акадэмічнай мабільнасці і ажыццяўлення інтэграцыі прафесійнай адукацыі і вытворчасці.

— Адным з ключавых напрамкаў узаемадзеяння ўніверсітэтаў і заказчыкаў кадраў з’яўляецца сумесная прафарыентацыйная работа. У 2024/25 навучальным годзе, напрыклад, БНТУ разам з заказчыкамі кадраў правёў шэраг маштабных мерапрыемстваў для таго, каб прыцягнуць мэтавікаў. Прадстаўнікі факультэтаў пастаянна ўзаемадзейнічаюць з профільнымі прадпрыемствамі, з іх кіраўніцтвам абмяркоўваюць патрэбнасці ў мэтавіках, арганізоўваюць сустрэчы з абітурыентамі. Усё гэта таксама ўжо не з’яўляецца аднабаковай ініцыятывай, — дадаў Сяргей Васільевіч.

Зараз на перадавых прадпрыемствах і ў арганізацыях універсітэты ствараюць філіялы кафедр. Іх дзейнасць у вытворчых умовах накіравана на павышэнне прафесійнай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, азнаямленне навучэнцаў з будучым месцам працы і функцыянальнымі абавязкамі. Напрыклад, у БНТУ створана больш за 100 філіялаў кафедр на перадавых прадпрыемствах i ў арганізацыях.

Значную ролю ў арганізацыі практыкаарыентаванай падрыхтоўкі інжынерных кадраў адыгрывае адкрыццё вучэбна–практычных цэнтраў.

— На базе такіх цэнтраў у працэсе навучання будучыя спецыялісты атрымліваюць практычныя веды i каштоўны прафесійны вопыт. Так, МАЗ i БНТУ стварылі цэнтр сучасных адукацыйных тэхналогій. На яго базе праходзяць навучанне будучыя кадры для айчыннага машынабудавання. У распараджэнні будучых спецыялістаў інтэрактыўны клас, аўдыторыя тэарэтычнага навучання i лабараторная зона, абсталяваныя ўсім неабходным. Перавага гэтага цэнтра ў тым, што заняткі там вядуць у асноўным спецыялісты завода. Натуральна, яны могуць растлумачыць пытанні асаблівасцей любой канструкцыі, любога тэхналагічнага працэсу. А гэта дазваляе настолькі падрыхтаваць студэнта, што ён, прыйшоўшы на сваё першае працоўнае месца, адразу ўключыцца ў вытворчы працэс, — перакананы рэктар БНТУ.

Ён звярнуў увагу, што сёння сапраўды робіцца вельмі шмат для развіцця інжынернай адукацыі, але заказчыкаў кадраў вельмі вялікая колькасць, а таму застаюцца пэўныя пытанні. Аднак прыняцце канцэпцыі развіцця бесперапыннай інжынернай адукацыі Беларусі на перыяд з 2025 па 2035 год дасць магчымасць з большай эфектыўнасцю рэалізоўваць задачы, пастаўленыя ўрадам перад сістэмай адукацыі.

Вольга Антоненкава

Источник: Настаўніцкая газета

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *