Сучасныя абітурыенты ўсё больш увагі звяртаюць як на вучэбны кампанент, так i на творчы. Бо ім важныя не толькі прафесійныя кампетэнцыі, але i магчымасці раскрыцця іх асобасных якасцей. Як у БНТУ развіваюць іх, раскажа прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ўніверсітэта Цімур Мацюшынец.
Свядомы выбар
— Цімур Уладзіміравіч, як вы прыйшлі ў БНТУ і чым запомніліся студэнцкія гады?
— Выбар універсітэта быў свядомы і зроблены па прыкладзе бацькі, які ў свой час скончыў політэхнічны інстытут. Можна сказаць, што ў нашай сям’і тэхнічны напрамак адукацыі ў крыві. Дзядуля па бацькоўскай лініі — выкладчык фізікі, а бабуля — настаўніца матэматыкі. Таму з тэхнічнымі дысцыплінамі я заўсёды быў на ты і іншы профіль нават не разглядаў.
У 11 класе пачаў рыхтавацца да паступлення ў БНТУ, на той момант гэта была політэхнічная акадэмія. У тыя гады вышэйшыя навучальныя ўстановы праводзілі ўнутрыўніверсітэцкія алімпіяды па прадметах уступных іспытаў, вынікі якіх залічваліся пры паступленні. Я скарыстаўся гэтым правам і набраў максімальную колькасць балаў на алімпіядзе па матэматыцы. Пасля паспяхова прайшоў субяседаванне і паступіў на спецыяльнасць “Машыны і тэхналогіі ліцейнай вытворчасці”.
Вучоба давалася лёгка, таму паралельна на старшых курсах прайшоў перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Інфармацыйныя тэхналогіі”, атрымаў вадзіцельскае пасведчанне і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай (усміхаецца). Акрамя таго, было актыўнае грамадскае жыццё і ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах.
На старшых курсах заняўся і навуковай работай. Разам з прафесарамі кафедры выконваў разнастайныя праекты і навукова-даследчыя работы для прамысловых прадпрыемстваў. Абараняючы дыплом, разумеў, што далей пайду ў магістратуру, аспірантуру і звяжу свой прафесійны шлях з кафедрай. Пасля заканчэння аспірантуры абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Крытэрыі і метады праектавання аснасткі, якая выкарыстоўваецца для вырабу адлівак” з укараненнем на РУВП “Граніт”, што ў Мікашэвічах.
Пасля абароны дысертацыі, працуючы ўжо на пасадзе дацэнта кафедры, быў уключаны ў склад прыёмнай камісіі факультэта, а праз 3 гады — у прыёмную камісію БНТУ. Там 9 гадоў быў намеснікам адказнага сакратара.
Маё глыбокае перакананне: студэнцтва — перыяд, калі можна многага дасягнуць, паспрабаваць сябе ў розных галінах, навуцы, творчасці, спорце і канчаткова сфарміравацца як асоба.
Цімур і яго каманда
— Калі вы сталі прарэктарам і што паспелі змяніць ва ўніверсітэце?
— Мяне прызначылі на пасаду прарэктара ў снежні 2023 года. Праводзіць рэвалюцыю задача не ставілася, быў выбраны шлях планавага рэфармавання работы са студэнтамі. Асноўным напрамкам стала больш шчыльнае ўзаемадзеянне з маладзёжнымі структурамі, падтрымка студэнцкіх ініцыятыў. Так, у мінулым годзе студэнтамі былі прапанаваны і рэалізаваны некалькі праектаў. Адзін з іх — “Моладзь пра галоўнае”, яго ініцыіравалі лідары маладзёжных структур БНТУ для абмеркавання актуальных пытанняў. Студэнты самі праводзілі дыялогавыя пляцоўкі з аднагодкамі і на роўных абмяркоўвалі хвалюючыя тэмы, у тым ліку і электаральную кампанію, эканамічнае развіццё краіны. Гэта дало добрыя вынікі, бо моладзі прасцей абмяркоўваць і раскрывацца з роўнымі сабе. Практычна ў гэты ж час пачаў працаваць і наш Telegram-канал “СТУДМЕДЫЯ | БНТУ”, у якім трансліруюцца навіны пра студэнтаў і для студэнтаў.
На базе нашага ўніверсітэта праводзіўся праект “Студенческое открытое знание” ў фармаце ток-шоу і з удзелам вядомых спікераў. Безумоўна, знакавыя сустрэчы мы працягнем і сёлета.
У 2024 годзе быў арганізаваны цэнтр ідэалагічнай работы і па справах моладзі. Адзін з асноўных напрамкаў яго дзейнасці, акрамя ўзаемадзеяння са студэнтамі, — выхаваўчая работа з супрацоўнікамі ўніверсітэта. У яе рамках 20 лютага ў адзіны дзень інфармавання мы запрасілі дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалая Яўгеньевіча Бузіна. Разам з ім мы абмеркавалі працэсы, якія адбываюцца ў свеце і вакол нашай краіны, пытанні нацыянальнай бяспекі і законапраекты, якія прымаюцца.
— Усе мы ведаем: адзін у полі не воін. Для дасягнення выніку заўсёды патрэбна зладжаная каманда.
— Цімур без каманды ў прынцыпе не можа быць (усміхаецца). Мне пашанцавала з камандай. Ва ўсіх падраздзяленнях, якімі я кірую (ЦІРіСМ, медыяцэнтр, упраўленне па справах культуры, Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы), касцяк складае актыўная моладзь, з якой заўсёды цікава. Калі працуеш з моладдзю, то і сам застаешся маладым. У нас усюды моладзь, і яна ўключаецца ў работу літаральна з першага курса.
Занятак па душы
— Цімур Уладзіміравіч, у БНТУ створаны ўмовы для раскрыцця творчага і спартыўнага патэнцыялу кожнага студэнта?
— Так. У БНТУ ёсць усё для заняткаў спортам і фарміравання здаровага ладу жыцця. Кожны студэнт, пачынаючы з першага курса, можа павысіць свой узровень фізічнай падрыхтоўкі і ўдасканаліць навыкі ў тым ці іншым відзе спорту. У нас ёсць два спартыўныя комплексы, сучасныя басейн і стадыён, у інтэрнатах — спортпляцоўкі. Ва ўніверсітэце функцыянуе больш за 20 секцый: па цяжкай атлетыцы, армрэслінгу, баскетболе, біятлоне, лыжных гонках, боксе, валейболе, вольнай барацьбе, дзюдо, лёгкай атлетыцы, кулявой стральбе, спартыўным арыентаванні і інш. Абсалютна кожны студэнт можа знайсці сабе занятак па душы.
Абітурыенты, нацэленыя на вучобу ў БНТУ, могуць далучыцца да нашага Telegram-канала і даведацца, чым і як жыве наша студэнцтва.
У спорце БНТУ заўсёды займае дастойныя месцы. Мы ганарымся нашымі студэнтамі-чэмпіёнамі: біятланістам Антонам Смольскім, цяжкаатлетам Яўгенам Ціханцовым, шахматыстамі Максімам Царуком і Аляксандрай Тарасенка, якія дабіваюцца поспехаў нават на сусветным узроўні.
Ва ўніверсітэце дзейнічаюць 26 творчых калектываў. Шэсць з іх маюць ганаровае званне “народны”: аркестр народных інструментаў, духавы аркестр, тэатр “СаТрАП”, тэатр-студыя “Калізей”, ансамбль скрыпачоў і харавая капэла.
Цікавы момант адбыўся на апошняй выставе “Адукацыя і кар’ера”, дзе мы праводзілі вялікае мерапрыемства для інжынерных класаў. Там выступалі нашы творчыя калектывы. Адзін з іх — вакальна-эстрадная студыя “Закаханая душа”. Многія наведвальнікі выставы падыходзілі і пыталіся, як абітурыенту трапіць у яе. А мы адказвалі: “Усё вельмі проста, трэба ўсяго толькі стаць студэнтам БНТУ і мець пачатковыя вакальныя даныя”.
Большасць нашых студэнтаў уцягнуты ў культурнае і спартыўнае жыццё УВА. Папулярнасцю карыстаюцца такія мерапрыемствы, як “Міс БНТУ”, “Містар БНТУ”, “Студэнт года БНТУ”. Але асабліва праявіць сябе нашы навучэнцы могуць на фестывалі студэнцкай творчасці “Вясна БНТУ”. Ён праходзіць некалькі дзён, кожны з якіх прысвечаны пэўнаму віду мастацтва: танцу, інструментальнай музыцы, песні, стэму.
У рытме ўніверсітэта
— Раскажыце пра найбольш значныя дасягненні вашых студэнтаў за апошні год.
— Летась вельмі шмат было зроблена валанцёрамі. Нашы юнакі і дзяўчаты актыўна ўдзельнічалі ў электаральнай кампаніі. 20 чалавек былі ўключаны ў спецыяльныя фонды Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і па падтрымцы таленавітай моладзі.
Студэнты БНТУ рэгулярна ўдзельнічаюць у праекце “100 ідэй для Беларусі” і конкурсе маладзёжных праектаў “Мінская змена”. У гэтым годзе акцэнт зроблены на архітэктурных праектах па добраўпарадкаванні горада. Дарэчы, летась студэнты архітэктурнага факультэта Валерыя Мяркулава і Міхаіл Варанко распрацавалі праект рэканструкцыі гістарычнай часткі Нясвіжа. Аўтары прапанавалі зрабіць акцэнт на турызме з апорай на гісторыка-культурную спадчыну і сучасную інфраструктуру горада, узбагаціўшы яго новымі месцамі для адпачынку і прыемнага баўлення часу.
Калі гаварыць не пра дасягненні, а пра значныя падзеі, то, бадай, самае моцнае ўражанне на нашых студэнтаў аказала сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі, арганізаваная ў канцы верасня на базе БДУІР.
— А калі да вас прыходзяць безыніцыятыўныя студэнты, ці ўдаецца і іх уключыць у культурнае жыццё ўніверсітэта?
— Першы год навучання самы складаны, але ў той жа час і самы актыўны. Мы робім максімальны ўпор на тое, каб зацікавіць першакурснікаў і далучыць да ўсіх універсітэцкіх працэсаў. У нас працуе інстытут настаўніцтва: куратары з ліку студэнтаў старшых курсаў замацоўваюцца за кожнай групай першакурснікаў. Да таго ж мы праводзім шэраг культурных і спартыўных мерапрыемстваў на згуртаванне групы, такія як агляды-конкурсы на лепшую групу і лепшы пакой у інтэрнаце, маладзёжны форум “Студэнцкая змена БНТУ”. Дзякуючы гэтым мерапрыемствам, нават тыя, хто першапачаткова не праяўляў цікавасці да творчасці, пачынаюць далучацца, бо бачаць, як актыўна працуюць астатнія аднагрупнікі.
— Чаму ў першую чаргу неабходна навучыць сучаснага студэнта?
— Навучыць вучыцца. Гэта важны навык, які дапаможа адаптавацца да хутказменлівых умоў і патрабаванняў. Яшчэ важна сфарміраваць правільныя мадэлі паводзін у грамадстве, асабліва ўлічваючы ўплыў сучасных тэхналогій і гаджэтаў. У эпоху лічбавых камунікацый лёгка страціць пачуццё адказнасці за свае словы і ўчынкі, асабліва калі зносіны адбываюцца не асабіста, а праз экран. Таму вельмі важна развіваць уменне правільна пазіцыянаваць сябе, захоўваць павагу да старэйшага пакалення і гісторыі сваёй краіны, а таксама праяўляць патрыятызм незалежна ад абставін.
— Якія далейшыя задачы па развіцці выхаваўчай і ідэалагічнай работы БНТУ ставіце перад сабой?
— Для нас галоўнае — стварыць усе ўмовы для моладзі і паказаць, што рэальнае жыццё больш цікавае, чым віртуальнае. Мы імкнёмся максімальна ўцягнуць студэнтаў у грамадскае жыццё БНТУ.
Калі студэнты жывуць адным жыццём і ў рытме ўніверсітэта, яны не баяцца прапаноўваць ідэі і праекты, накіраваныя на яго развіццё.
Сумесная дзейнасць спрыяе фарміраванню каманднага духу і стымулюе крэатыўнасць. А яшчэ мы стараемся ўмацоўваць сувязь паміж студэнтамі і выпускнікамі, забяспечваючы бесперапынны абмен вопытам і падтрымліваючы іх адносіны нават пасля завяршэння навучання. Думаю, гэта павінна быць у кожным універсітэце.
— Цімур Уладзіміравіч, вялікі дзякуй за цікавую размову!
Вольга Антоненкава
Источник: Настаўніцкая газета