Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

У прыярытэце інтарэсы краіны

Аб чым Ігар Сергяенка гаварыў са студэнтамі факультэта транспартных камунікацый БНТУ.

Мерапрыемства прайшло ў рамках праекта Палаты прадстаўнікоў «Моладзь для Беларусі!». Спікер праінфармаваў студэнтаў аб структуры і паўнамоцтвах Нацыянальнага сходу, расказаў аб заканадаўчай і міжнароднай дзейнасці дэпутацкага корпуса, рабоце ў выбарчых акругах. Старшыня Палаты прадстаўнікоў прывёў канкрэтныя прыклады, якія сведчаць аб магутным эканамічным патэнцыяле нашай краіны, сацыяльнай арыентаванасці дзяржаўнай палітыкі.

«Сітуацыя ў нас стабільная»

Асобна Ігар Сергяенка спыніўся на дасягненнях суверэннай Беларусі. «Сёння мы пішам новую, чарговую главу нашай гісторыі, падкрэсліў ён. 26 студзеня пройдуць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Усе з вас, каму ёсць 18 гадоў, будуць прымаць у іх удзел. Выбары — гэта важная грамадска–палітычная падзея. Выбар павінен быць усвядомлены, у імя будучыні нашай краіны, якую мы вызначаем і будуем самі, ставячы ў прыярытэт інтарэсы не асобнай часткі грамадства, а ў цэлым нашай краіны».

На фоне шэрагу дзяржаў, у тым ліку суседніх з намі, Беларусь развіваецца і стварае сваю будучыню пад мірным небам. «Сённяшняя сітуацыя ў нас стабільная, і цяперашняя выбарчая кампанія праходзіць у спакойнай, канструктыўнай абстаноўцы, — канстатаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Але не варта забываць, што мы з вамі, па сутнасці, знаходзімся ўцягнутымі ў інфармацыйную вайну. Колькі ствараецца шматлікага роду фэйкаў, правакацый, пачынаючы ад паведамленняў, якія вымушаюць людзей пераводзіць махлярам грошы, нягледзячы на работу, якая праводзіцца. На прыватным прыкладзе нейкага нядбайнага прадаўца або няякасна пастаўленага тавару, або аўталаўкі, якая недаехала ў канкрэтны населены пункт, можна паказаць, што гэта сістэмны недахоп, што гэта характэрна ў цэлым для краіны». У сувязі з гэтым спікер заклікаў маладых людзей адэкватна падыходзіць да ўспрыняцця інфармацыі, параіў атрымліваць інфармацыю з дзяржаўных СМІ — у прыватнасці, звяртацца да друкаванай прэсы.

Каля 300 мерапрыемстваў — у рамках праекта

Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу на важнасць захавання гістарычнай памяці. Размова ішла аб подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адразу ж у аўдыторыі, дзе праходзіла сустрэча, спікер прапанаваў паглядзець фрагмент з расійскай кінастужкі на ваенную тэму, пасля якой, напэўна, ні ў каго з маладых людзей не засталося сумнення ў тым, чаму мы ўсе павінны адстойваць праўду аб нашым гераічным і трагічным мінулым.

Студэнты адрасавалі Старшыні Палаты прадстаўнікоў пытанні. Хлопцы і дзяўчаты цікавіліся, ці варта ўкараняць у выбарчы працэс сучасныя тэхналогіі, што трэба рабіць для таго, каб людзі цанілі ўкладзеныя дзяржавай сродкі на рэканструкцыю і будаўніцтва дарог. Маладыя людзі выказалі прапанову наведваць з экскурсіямі Дом урада, дзе разам з Саветам Міністраў размяшчаецца Палата прадстаўнікоў. Агучвалі і асабістыя пытанні: моладзь цікавіла, ці падабалася ў свой час спікеру вучыцца ў ВНУ і ці карыстаецца ён сацсеткамі. Адным словам, атрымаўся шчыры дыялог, без закрытых тэм.

Вынікі сустрэчы Ігар Сергяенка падвёў у размове з журналістамі. Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што ў рамках праекта «Моладзь для Беларусі!» дэпутаты выступаюць у маладзёжных аўдыторыях, расказваюць аб сённяшнім дні нашай краіны, аб дасягненнях Беларусі за 30 гадоў прэзідэнцтва.

«Ён задумваўся як праект на базе канкрэтных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў, але зрабіў крок далёка за рамкі запланаванага, — заўважыў спікер. Сёння дэпутаты ўжо правялі каля 300 мерапрыемстваў у розных навучальных аўдыторыях, маладзёжных калектывах, рэгіёнах, горадзе Мінску. Размаўляючы са студэнтамі БНТУ, канкрэтна факультэта транспартных камунікацый, я адчуў, што будучыя інжынеры жыва цікавяцца грамадска–палітычным жыццём нашай краіны. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты літаральна заўтра–паслязаўтра прыйдуць у дарожныя арганізацыі і будуць на практыцы рэалізоўваць тыя задачы, якія паставіў кіраўнік дзяржавы ў Год добраўпарадкавання краіны».

Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу на тое, што дарожнае будаўніцтва ў Беларусі інтэнсіўна развіваецца. «Цудоўныя магістралі звязваюць горад Мінск з абласнымі цэнтрамі, узмоцнена рамантуецца дарожная сетка ў раёнах, пастаўлена задача кіраўніком дзяржавы зрабіць дарогі паміж аграгарадкамі і раённымі цэнтрамі, — канкрэтызаваў ён. — І вось гэтыя хлопцы і дзяўчаты, якія сёння прысутнічаюць у аўдыторыі, гэтым будуць займацца».

Па словах студэнта 4 курса БНТУ Аляксандра Малашкі, веды, якія маладыя людзі атрымалі з вуснаў Старшыні Палаты прадстаўнікоў, ім абавязкова спатрэбяцца ў будучыні. «Такі фармат сустрэч актуальны: моладзь можа задаць пытанні, якія іх цікавяць, дасведчанай асобе і атрымаць разгорнуты, кампетэнтны адказ», — канкрэтызаваў ён.

Вераніка Канюта

Источник: Звязда

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *