У апошнія гады ў Беларусі усё больш набірае абароты стартап–рух. Яго ўдзельнікі — генератары прарыўных ідэй i стваральнікі перспектыўных праектаў, што тычацца самых розных сфер жыцця.
Развіццё і прасоўванне інавацыйных праектаў маладых вучоных звычайна пачынаецца з установы, дзе яны вучацца.
Напрыклад, у БДУІР навукоўцу–пачаткоўцу прапануюцца два шляхі рэалізацыі. Першы — прыйсці ў традыцыйную навуковую школу і развівацца ў ёй пад кіраўніцтвам мэтра — вядомага вучонага. Ён будзе даваць пэўныя задачы, і па выніках іх выканання студэнт пачне публікаваць даследчыя артыкулы. Другі — паўдзельнічаць у конкурсе навуковых і інавацыйных ідэй, перамагчы ў ім і атрымаць грант на рэалізацыю свайго праекта ў студэнцкай навукова–даследчай лабараторыі ўніверсітэта.
— Па выніках завочнага і вочнага тураў прапаноўваем некаторым навучэнцам рэалізаваць іх перспектыўныя ідэі і праекты на базе нашай лабараторыі. Мы дапамагаем маладым даследчыкам у напісанні тэхнічнага задания і садзейнічаем на ўсіх этапах выканання праекта. Акрамя таго, афіцыйна працаўладкоўваем іх, і многія з іх такім чынам атрымліваюць першае працоўнае месца, — расказала загадчыца студэнцкай навукова–даследчай лабараторыі БДУІР Марыя Баранава.
Яна лічыць, каб атрымаць экспертную ацэнку, неабходна ўдзельнічаць у розных конкурсах, напрыклад, “100 ідэй для Беларусі”.
— Прайшоўшы такую школу, студэнты атрымаюць веды і навыкі, сапраўды неабходныя для будучай работы і запуску паспяховага бізнесу. Я веру, што некаторыя з нашых навучэнцаў здольны ў юным узросце запускаць прыбытковыя стартапы, таму мы актыўна развіваем інфраструктуру, што дапамагла б падхапіць перспектыўную ідэю, якая дойдзе да слыху інвестараў, — дадала М.Баранава.
БДУІР заўсёды падтрымліваў маладзёжную навуку. Сёння ён імкнецца больш развіваць распрацоўкі ІТ–напрамку, арыентуючы студэнтаў на міждысцыплінарныя даследаванні.
— IT — у першую чаргу інструмент як для медыцыны, так i для прамысловасці. Любы сучасны станок праграмуемы, таму ў гэтай сферы заўсёды запатрабаваны інавацыі, без якіх развіццё ў любой галіне прамысловасці не ўяўляецца магчымым, — паведаміла загадчыца студэнцкай НДЛ.
У сваю чаргу кожны факультэт БНТУ асобна адбірае патэнцыяльныя інавацыйныя праекты i пачынае іх прасоўваць, дэманструючы ў тым ліку на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”
— Кожны год універсітэт вылучае свае праекты. Яны спачатку праходзяць факультэцкі этап, потым універсітэцкі. Летась у нас былі два пераможцы на гэтым конкурсе: праграмнае забеспячэнне CartON i вадародны рухавік, які выклікаў асаблівую цікавасць і сабраў ля свайго стэнда вялікую колькасць людзей, — расказаў намеснік старшыні савета маладых вучоных БНТУ Яўген Міхасік.
Па яго словах, універсітэт наладзіў супрацоўніцтва з Паркам высокіх тэхналогій. У ліпені паміж БНТУ і сакратарыятам наглядальнага савета ПВТ падпісана пагадненне аб узаемадзеянні.
— Мы запрашаем прадстаўнікоў ПВТ, каб яны данеслі студэнтам, што іх навуковая дзейнасць не абмяжоўваецца конкурсамі або канферэнцыямі, што ім варта працягваць яе і камерцыялізаваць — атрымліваць пэўную выгаду і папулярызаваць, — падкрэсліў Я.Міхасік.
Ён нагадаў, што ў БНТУ ёсць навукова–тэхналагічны парк “Палітэхнік”, які спрыяе развіццю стартап–руху:
— Маладыя вучоныя БНТУ могуць атрымаць падтрымку і першыя ўласныя вырабы, а таксама дапамогу ў прасоўванні свайго праекта. Значнасць “Палітэхніка” падкрэсліваюць і прадстаўнікі Парка высокіх тэхналогій, таму што вельмі многія пачыналі менавіта ў нашым парку.
Вольга Антоненкава
Источник: Настаўніцкая газета