Сёння на ваенна-тэхнічным факультэце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта завяршылася аднасутачная прафесійна-арыентацыйная акцыя «Адзін дзень з жыцця курсанта» з навучэнцамі 11-х класаў сярэдніх навучальных устаноў Рэспублікі.
З 12.00 18 кастрычніка да 12.00 19 кастрычніка юнакоў на суткі размясцілі ў інтэрнаце факультэта, дзе яны пражылі 24 гадзіны па распарадку дня курсанта.
Уступны занятак з прыбылымі правялі начальнік ваенна-тэхнічнага факультэта палкоўнік Андрэй Пачобыт і намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце палкоўнік Міхаіл Скіба.
— Акцыю ў сценах нашага факультэта «Адзін дзень з жыцця курсанта» праводзім ужо шосты год. Сярод моладзі мерапрыемства папулярна. На 50 месцаў, а больш навучэнцаў мы не ў стане прыняць, атрымалі 93 заяўкі з усіх абласцей Рэспублікі Беларусь. Таму давялося займацца яшчэ і адборам удзельнікаў акцыі, — распавёў чытачам партала Выдавецкага дома «Звязда» палкоўнік Андрэй Пачобыт. — Наш Прэзідэнт сказаў, што патрыятызм — не проста размовы пра тое, як мы любім Радзіму. Гэта штодзённая праца на яе карысць! І выкладчыцкі склад факультэта, курсанты штодня над гэтым працуюць!
З маладымі людзьмі былі праведзены заняткі па рукапашным баі, вывучэнню тактыка-тэхнічных характарыстык стралковай зброі і іншых вучэбных дысцыплінах.
Навучэнцы практычна выканалі практыкаванні навучальных стрэльбаў з ПМ і АК-74 на трэнажоры, навучальныя задачы на тактычным трэнажоры «Узвод у абароне», практычна адпрацавалі практыкаванні па ваджэнню машын на навучальным трэнажоры.
Вучэбныя зборы скончыліся падвядзеннем вынікаў.
Сардэчна запрашаем на ваенна-тэхнічны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта не толькі ў дні прафесійна-арыентацыйных акцый, але і для атрымання ваеннай прафесійнай адукацыі!
Віктар Іванчыкаў
Фота аўтара
Источник: zviazda.by