Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Важны крок

У БНТУ дакументы на бюджэт падалі больш за 2200 абітурыентаў.

У тройцы найбольш запатрабаваных факультэтаў — будаўнічы, энергетычны, інфармацыйных тэхналогій i робататэхнікі.

Сёлета галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны гатовы прыняць на дзённую форму навучання 2697 бюджэтнікаў і 665 платнікаў. Лічбы набору для завочнікаў: 500 месцаў — на бюджэт i 555 — на платнае навучанне.

Першыя тры абітурыенты, якія пераступілі парог 501–й аўдыторыі роўна ў 9 раніцы ў першы дзень падачы дакументаў, традыцыйна атрымалі ад рэктара БНТУ Сяргея Харытончыка памятныя сувеніры і пачулі пажаданні ў свой адрас:

— Сёння абітурыенты робяць важны крок у сваім жыцці. Мне вельмі прыемна, што сваю будучыню яны звязваюць з нашым універсітэтам. Ужо даўно даказана, што тут рыхтуюць патрэбных краіне спецыялістаў. Тых, з каго, дзякуючы нашым выкладчыкам, атрымаюцца да апошняга курса ўпэўненыя ў сабе прафесіяналы.

У першай тройцы апынуўся Аляксандр Алешка, выпускнік сярэдняй школы № 13 Слуцка, які хоча стаць інжынерам–энергетыкам і паступае на энергетычны факультэт:

— Я выбраў спецыяльнасць “Электраэнергетыка і электратэхніка”. Мне не хочацца з’язджаць з роднага горада, а гэтая прафесія ў нас якраз вельмі запатрабаваная, у прыватнасці на прадпрыемстве “Слуцкія электрычныя сеткі”. БНТУ выбраў па парадзе сяброў і знаёмых, лічу, што гэта лепшы тэхнічны ўніверсітэт у краіне. Свае гадавыя адзнакі на ЦЭ і ЦТ я пацвердзіў, спадзяюся, што балаў хопіць для паступлення на бюджэт.

Студэнткай гэтага ж факультэта плануе стаць і мінчанка Дар’я Зыль, якая таксама атрымала прэзент ад рэктара. Дзяўчына разглядае выключна бюджэтную форму навучання.

Нагадаем, дакументы на бюджэт прымаюць з 12 па 17 ліпеня. А ў першыя тры дні ў выпускнікоў педагагічных i ваенна–патрыятычных класаў, а таксама выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка быў шанс стаць студэнтамі БНТУ па льготнай траекторыі — толькі прайшоўшы субяседаванне па профільным прадмеце. Ім скарысталіся 42 чалавекі.

Сярод іх, напрыклад, выпускніца педкласа мінскай сярэдняй школы № 52 Ксенія Беразняк. Дзяўчына выбрала прафілізацыю “Прыкладное праграмаванне”, якую лічыць цікавымі перспектыўным напрамкам. Падчас вучобы ў школе наведвала факультатыўныя заняткі”Асновы 3D–мадэлявання”. Як і Глеб Малевіч, выпускнік гімназіі № 1 Капыля, які выбраў БНТУ яшчэ ў 10 класе. Тады ж вызначыўся і з факультэтам: ён таксама збіраецца вывучаць прыкладное праграмаванне. Педагогам юнак вырашыў стаць па прыкладзе сваёй мамы, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, а таксама сусветнай мастацкай культуры.

— З гэтай прафесіяй я знаёмы не па чутках, і мяне яна прыцягвае. Да таго ж з інфарматыкай я на ты. Пытанні, якія будуць на субяседаванні, мы вывучалі на факультатыве “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. ЦЭ я здаваў па матэматыцы і беларускай мове, а ЦТ — па фізіцы. Сярэдні бал атэстата — 9,4, — гаворыць малады чалавек.

А вось для педкласаўца з Мінска Данііла Катульскага, які даведаўся пра магчымасць паступіць ва УВА па субяседаванні толькі пры падачы дакументаў, гэтая навіна стала прыемным сюрпрызам. Ён прыйшоў падаваць дакументы на агульных падставах, таму рэкамендацыю школы не атрымаў, але паспяшаўся выправіць сітуацыю і адправіўся ў школу па неабходны дакумент.

— Новаўвядзеннем гэтага года стала пашырэнне спіса спецыяльнасцей для паспяховых выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка амаль у два разы (з 23 да 41). Яшчэ адна навацыя: сёлета па такім жа спрошчаным алгарытме залічваюцца на ваенна–тэхнічны факультэт БНТУ выпускнікі ваенна–патрыятычных класаў, якія паспяхова прайшлі субяседаванне, — расказала Наталля Афанасьева, адказны сакратар прыёмнай камісіі БНТУ, дырэктар Інстытута інтэграваных форм навучання i маніторынгу адукацыі.

Марына Куняўская

Источник: Настаўніцкая газета

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *