Як будуць удасканальвацца профільныя класы прафесійнай накіраванасці?
Нарада па пытаннях удасканалення функцыянавання профільных класаў прафесійнай накіраванасці i карэкціроўкі адпаведных вучэбных праграм факультатыўных заняткаў прайшла ў Акадэміі адукацыі з удзелам намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая і прадстаўнікоў розных профільных міністэрстваў і ведамстваў, а таксама БНТУ і БДПУ.
Размова ішла аб класах педагагічнай, спартыўна–педагагічнай, інжынернай, аграрнай і ваенна–патрыятычнай накіраванасці.
— Асаблівасць профільных класаў прафесійнай накіраванасці заключаецца не столькі ў выкладанні асобных прадметаў на павышаным узроўні, колькі ў рэалізацыі вучэбных праграм факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці, распрацаваных профільнымі міністэрствамі, — падкрэсліў Аляксандр Кадлубай. — Гэта такія праграмы, як “Уводзіны ў педагагічную прафесію”,”Уводзіны ў спартыўна–педагагічныя прафесіі”, “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”, “Гатовы Радзіме служыць!” “Юны пагранічнік”і іншыя.
Да будучага навучальнага года ў сілу ўступяць абноўленыя праграмы. Каардынаваць работу па іх карэкціроўцы будуць спецыялісты Акадэміі адукацыі ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі Міністэрства адукацыі.
У прыватнасці, плануецца прадугледзець у праграмах варыятыўны кампанент, які ўлічвае спецыфіку рэгіёна і галіны эканомікі, на якія арыентаваны выпускнікі гэтых класаў. Больш увагі прапануецца ўдзяляць практычным заняткам з наведваннем прадпрыемстваў і арганізацый, вытворчых цэхаў, воінскіх часцей і г.д.
Так, вучэбная праграма “Увядзенне ў педагагічную прафесію” — адна з самых насычаных практыка–арыентаванымі заняткамі. Абавязковай часткай у ёй з’яўляюцца педагагічныя пробы, наведванне ўрокаў настаўнікаў–майстроў, аналіз прафесійных уменняў і асобасных якасцей сучаснага настаўніка, арагнізацыя гульняў на перапынках, правядзенне выхаваўчых мерапрыемстваў, урокаў у пачатковай школе, практыка ў школьным лагеры, валанцёрская дзейнасць і г.д.
Выпускнікі такіх класаў маюць асобную траекторыю для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Як адзначыў намеснік міністра, мэтазгодна рэалізацыю кожнай праграмы факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці замацаваць за ўстановамі вышэйшай адукацыі, якія будуць аказваць настаўнікам усебаковую падтрымку, праводзіць вучэбныя мерапрыемствы.
Ёсць прыклады інжынерных класаў, дзе арганізавана ўзаемадзеянне ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, а таксама заказчыкаў кадраў. У асобных рэгіёнах заключаюцца трохбаковыя дагаворы.
Напрыклад, у выпускніках інжынерных класаў сёння зацікаўлены не толькі ў БНТУ, але і ва ўніверсітэтах харчовых і хімічных тэхналогій. Што тычыцца вывучэння асобных прадметаў на павышаным узроўні ў межах інжынернага профілю, то гэта могуць быць не толькі фізіка і матэматыка, але і іншыя дысцыпліны.
Але самае галоўнае, па словах Аляксандра Кадлубая, на месцах правільна выбудаваць работу са школьнікамі, каб у такія класы ішлі самыя матываваныя дзеці, якія плануюць выбраць прафесію адпаведнага профілю, а не проста зацікаўлены ў вывучэнні на павышаным узроўні пэўных вучэбных прадметаў. Мэтазгодна распрацаваць дарожныя карты па развіцці кожнага класа прафесійнай накіраванасці. Галоўным крытэрыем іх эфектыўнасці павінна стаць колькасць выпускнікоў, якія прыйдуць ва ўніверсітэты па выбраным профілі, а затым у адпаведную прафесію.
Надзея Церахава
Источник: Настаўніцкая газета