Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Інтэграцыя ў адукацыі

Формула бесперапыннай адукацыі па траекторыі “каледж — універсітэт” зменіцца для будучых архітэктараў.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец і кіраўнік Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў правялі рабочую сустрэчу з актывам педагогаў і навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага архітэктурна–будаўнічага каледжа, прадстаўнікамі БНТУ і рэктарамі некаторых устаноў вышэйшай адукацыі. У полі зроку — сістэма падрыхтоўкі будучых архітэктараў, у якіх мае патрэбу дзяржава, а таксама інтэграцыя праграм сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, выбудоўванне гарманічнай сістэмы бесперапыннай адукацыі па траекторыі “каледж — універсітэт”, якая не будзе зацягвацца на 8–9 гадоў як для горадабудаўнікоў, так і для іншых спецыялістаў, найбольш запатрабаваных у эканамічным сектары.

У Мінскім дзяржаўным архітэктурна–будаўнічым каледжы па архітэктурных спецыяльнасцях навучанне доўжыцца амаль 4 гады. Затым атрымаць вышэйшую адукацыю па інтэграванай адукацыйнай праграме выпускнікі каледжа могуць на архітэктурным факультэце БНТУ — навучанне займае яшчэ чатыры з паловай гады і прадугледжвае толькі дзённую форму навучання. Такая адукацыйная арыфметыка ў значнай часткі тэхнікаў–архітэктараў адбівае жаданне працягваць навучанне ва ўстанове вышэйшай адукацыі, пры тым што для абітурыентаў–адзінаццацікласнікаў у БНТУ прадугледжана шасцігадовае навучанне.

— Сёння мы назіраем пэўныя перакосы ў падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы архітэктуры, — канстатаваў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Атрыманне ў каледжы сярэдняй спецыяльнай адукацыі не павінна станавіцца закрытай адукацыйнай траекторыяй для моладзі. Сёння не актуальна атрымліваць адукацыю на ўсё жыццё, у трэндзе іншы тэзіс — адукацыя праз усё жыццё. Неабходнасць бесперапыннай адукацыі абумоўлена прагрэсам навукі i тэхнікі, шырокім прымяненнем інавацыйных тэхналогій ва ўсіх сферах жыцця. Атрымаўшы прафесію ў каледжы i пачаўшы працаваць, малады спецыяліст павінен мець магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю ў завочнай скарочанай форме. Трэба ўважліва разгледзець пытанне падрыхтоўкі архітэктараў з поўным дэталёвым аналізам тых дысцыплін, якія павінны вывучацца на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыі, каб тэрмін навучання ва ўніверсітэце не перавышаў трох гадоў на дзённай форме навучання i 3–4 гадоў на завочнай. Пры гэтым важна не дапусціць страты якасці адукацыі.

Ідэя ўвядзення завочнага скарочанага навучання на архітэктурным факультэце БНТУ для выпускнікоў профільнага каледжа знайшла поўную падтрымку у навучэнцау. Хлопцы i дзяучаты не толькі ўспрынялі навіну з энтузіязмам, але i звярнуліся з просьбай павялічыць набор, бо многія з іх, жадаючы працаваць па спецыяльнасці, больш верагодным для сябе бачаць варыянт атрымання адукацыі, скажам, у Маскоўскім архітэктурным інстытуце, дзе прадугледжана вячэрняе аддзяленне. Магчымасць навучання па скарочанай праграме ў завочным фармаце ў БНТУ большасць навучэнцаў назвалі выдатнай альтэрнатывай.

Як адзначыла Наталля Лапцева, рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, увядзенне завочнай скарочанай формы навучання аказалася вельмі запатрабаваным i сярод выпускнікоў Лінгвагуманітарнага каледжа:

— Гэтая катэгорыя абітурыентаў аддае перавагу працаўладкаванню i завочнай вучобе, асабліва калі для паступлення ў МДЛУ не трэба здаваць экзамены, а вось паступленне на бюджэт сярод гэтай катэгорыі моладзі не карысталася попытам ужо летась, таму на будучы год набор на дзённае навучанне для выпускнікоў каледжа не плануецца.

Па даручэнні міністра адукацыі таксама ў найбліжэйшы час будзе разгледжана, наколькі структура набору ў каледжы адпавядае патрэбам заказчыкаў кадраў. Гаворка ідзе ў першую чаргу аб неабходнасці павелічэння набору на бюджэтную форму навучання. Таксама спецыялісты разгледзяць, наколькі мэтазгодна i апраўдана ўваходжанне трупы каледжаў у структуру ўніверсітэтаў з пункту гледжання іх інтэграванасці ў сістэму вышэйшай адукацыі.

Марына Куняўская

Источник: Настаўніцкая газета

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *