Прарэктар па навуковай рабоце БНТУ Ксенія Якушэнка крочыць па жыцці з дэвізам: “Вер у сябе i рухайся наперад! Нават калі табе дрэнна альбо ўзніклі праблемы, пераадольвай сябе i ўпэўнена рабі крок у будучыню!”.
Ксенія Валянцінаўна — высокакваліфікаваны спецыяліст у галіне эканомікі, доктар эканамічных навук, дацэнт. Яна захапілася навуковымі даследаваннямі яшчэ ў школьныя гады, праяўляючы вялікую цікавасць да інавацый.
“Мая бабуля працавала ў бібліятэцы, а дзядуля пісаў вершы, таму з самага ранняга дзяцінства я жыла ў свеце кніг. Вывучала літаратуру, асабліва любіла беларускую, нават пісала работы для конкурсаў, а ў школе начала займацца навуковымі работамі па гісторыі. Да гэтага часу мне падабаецца шукаць пэўныя тэндэнцыі, заканамернасці, высвятляць, чаму так адбылося і да чаго гэта прыводзіць. Пасля навуковую дзейнасць працягнула і ва ўніверсітэце, дзе мяне заўважыў адзін з выкладчыкаў і прапанаваў разам напісаць работу на конкурс студэнцкіх навуковых работ. Так я зразумела, што навука — тое, чым мне сапраўды падабаецца займацца”, — узгадала прарэктар.
Скончыўшы з адзнакай факультэт выдавецкай справы і паліграфіі БДТУ, паступіла ў аспірантуру БДУ на факультэт міжнародных адносін. I тут яе галоўным настаўнікам стала матуля — кандыдат эканамічных навук дацэнт Алена Адольфаўна Сямак.
“Яна таленавіты педагог і вельмі моцны навуковы супрацоўнік, захапляюся ёй да гэтага часу. Напэўна, я пакуль не дасягнула яе ўзроўню, хоць вельмі імкнуся да гэтага”, — прызналася Ксенія Валянцінаўна.
Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі яна восем гадоў працавала ў БДЭУ на кафедры сусветнай эканомікі. А з 2017 года ўзначальвала кафедру “Маркетынг” факультэта маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва БНТУ, дзе дасягнула значных поспехаў у развіцці навуковых праграм і праектаў. Студэнты тэхнічнага ўніверсітэта пад яе кіраўніцтвам не раз станавіліся пераможцамі і прызёрамі розных конкурсаў навуковых работ.
“Маім навуковым кіраўніком у аспірантуры быў доктар эканамічных навук прафесар А.В.Данільчанка. Ён жа стаў і маім навуковым кансультантам у дактарантуры зноў жа ў БДУ. Падчас навучання там Аляксея Васільевіча запрасілі працаваць у БНТУ, і ён прапанаваў мне перайсці туды разам з ім. Так я апынулася ў БНТУ і стала вучоным сакратаром савета ўніверсітэта. Потым наш рэктар С.В.Харытончык вылучыў маю кандыдатуру на пасаду прарэктара па навуковай дзейнасці, а калегі падтрымалі гэтую прапанову. Сёння на мяне ўскладзена вялікая адказнасць весці навуковы напрамак ва ўніверсітэце, даваць новы штуршок для яго развіцця і адначасова прадстаўляць нашу УВА як прарэктар у навуковым асяроддзі. Таму такая пасада для мяне — і вялікі гонар, і вялікая адказнасць”, — расказала гераіня.
Гібрыднасць адукацыі i навукі звычайна дае нам добрага прафесіянала.
Што тычыцца навуковых інтарэсаў, то К.В.Якушэнка марыць стварыць уласную навуковую школу: “Мая дысертацыя закрапала пытанні фарміравання адзінай інфармацыйнай прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэтая тэма вырасла з разгляду сусветнага інфармацыйнага рынку, калі я выйшла на паняцце інфармацыйнай прасторы і яе ўтварэння ўнутры інтэграцыйнага аб’яднання. I сёння мне хочацца арганізаваць навуковую школу, якая якраз і будзе займацца пытаннямі інфармацыйнай прасторы. Буду набіраць вучняў, якія па гэтай канцэпцыі будуць працаваць у больш прыкладных напрамках. А яшчэ наперадзе ў мяне атрыманне звания прафесара, таму пішу навуковыя артыкулы, выдаю манаграфіі і сумесныя падручнікі”.
Вольга Антоненкава
Фота аўтара
Источник: Настаўніцкая газета