Развіццё адносін з Кітаем — стратэгічны кірунак знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Бакі рэгулярна абменьваюцца візітамі на высокім узроўні, вядзецца актыўны дыялог, дынамічна развіваюцца міжведамасныя кантакты. Стабільна і імкліва развіваецца беларуска–кітайскае супрацоўніцтва ў навукова–тэхнічнай сферы. На працягу апошніх дзесяці гадоў ідзе актыўнае пашырэнне і ўмацаванне партнёрскіх сувязяў паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Адным з кірункаў гэтай дзейнасці з’явілася адкрыццё ў нашай краіне шасці інстытутаў Канфуцыя і аднаго класа Канфуцыя. Усяго ў свеце працуе 550 інстытутаў Канфуцыя і 1172 школы Канфуцыя ў 162 краінах.
Пагадненне аб стварэнні на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы было падпісана 5 снежня 2013 года ў Штаб–кватэры інстытутаў Канфуцыя (г. Пекін). Партнёрам БНТУ па стварэнні Інстытута Канфуцыя з’яўляецца адна з вядучых ВНУ Кітая — Паўночна–Усходні ўніверсітэт. Урачыстае адкрыццё Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы (ІКНТ) адбылося 21 кастрычніка 2014 года. Налета ІКНТ адсвяткуе сваё дзесяцігоддзе.
Узначальваюць Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы: дырэктар з кітайскага боку — Лі Вэньсюэ, дырэктар з беларускага боку — Уладзімір Клеянкоў.
Актыўная падтрымка дзейнасці Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (ІКНТ) забяспечваецца такімі дзяржаўнымі арганізацыямі, як Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Паўночна–Усходні ўніверсітэт, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Кітайска–Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Каардынуе работу з кітайскага боку Цэнтр міжнародных моўных абменаў і супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі і Міжнародны адукацыйны фонд кітайскай мовы.
Асноўная місія ІКНТ — актывізацыя навукова–тэхнічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, ажыццяўленне падрыхтоўкі кваліфікаваных інжынерных кадраў, якія валодаюць тэхнічнай тэрміналогіяй на кітайскай мове, а таксама магчымасць дакрануцца да шматтысячагадовай гісторыі і культуры Кітая.
У адпаведнасці з задачамі ІКНТ ажыццяўляе правядзенне сумесных беларуска–кітайскіх навукова–інавацыйных форумаў, конкурсаў для стымулявання моладзі да супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхнікі, выдзяляе стыпендыі на вывучэнне кітайскай мовы ў КНР, рэалізоўвае правядзенне адукацыйных праграм па навучанні агульнай і тэхнічнай кітайскай мове для фарміравання пласта вучоных з інжынернай адукацыяй і веданнем кітайскай мовы.
У пералік асноўных штогадовых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ІКНТ, уваходзяць:
— Беларуска–Кітайскі інавацыйны маладзёжны форум «Новыя гарызонты», які служыць выдатнай пляцоўкай для зносін маладых вучоных, дапамагае ім дасягнуць пэўных поспехаў у навукова–даследчай рабоце, а таксама актывізуе навукова–тэхнічнае і інавацыйнае супрацоўніцтва студэнцтва і маладых вучоных Беларусі і Кітая.
— Міжнародны конкурс навукова–тэхнічнага перакладу «Адзін пояс, адзін шлях». Конкурс праводзіцца ІКНТ пры падтрымцы Кітайска–Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», а таксама кампаній — рэзідэнтаў парка. У рамках конкурсу перакладчыкі дэманструюць веданне тэрміналогіі тэхнічнай кітайскай мовы, валоданне паслядоўным і сінхронным перакладам.
— Летнія школы ў Кітаі і моўныя змены на базе дзіцячых аздараўленчых лагераў у Беларусі. Для слухачоў ІКНТ арганізаваны змены для навучання кітайскай мове і знаёмства з культурай Кітая.
— Пастаянна дзеючая мабільная выстава «Навука і тэхніка Кітая: гісторыя і сучаснасць», створаная ў БНТУ сумесна з Паўночна–Усходнім універсітэтам.
Найважнейшым кірункам дзейнасці ІКНТ з’яўляецца выкладанне кітайскай мовы. Сістэма навучання кітайскай мове складаецца з трох узроўняў (HSK ці Hanyu Shuiping Kaoshi): пачатковы, сярэдні, высокі. Высокі ўзровень падзяляецца на два падузроўні: кітайскую тэхнічную мову і кітайскую мову для бізнесу.
Па словах дырэктара ІКНТ Уладзіміра Клеянкова, унікальнасць Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы заключаецца ў выкладанні гэтых двух курсаў. Навучанне курса «Тэхнічная кітайская мова» ажыццяўляецца з верасня 2015 года, а курса «Кітайская мова для бізнесу» — з верасня 2019 года.
Набор на навучанне праводзіцца двойчы ў год у восеньскім і вясновым семестры. Слухачамі курсаў з’яўляюцца спецыялісты навукова–тэхнічнай сферы, выкладчыкі, эканамісты, архітэктары, прадпрымальнікі і работнікі сумесных беларуска–кітайскіх кампаній. Падчас навучальнага працэсу выкарыстоўваюцца спецыялізаваныя навучальныя дапаможнікі па навуцы, тэхніцы і бізнесу, праводзяцца майстар–класы і лекцыі, у навуковай бібліятэцы БНТУ функцыянуе чытальная зала Інстытута Канфуцыя для самастойнай падрыхтоўкі навучэнцаў.
У інстытуце працуе 22 кваліфікаваныя кітайскія выкладчыкі. Распрацоўка адукацыйных праграм і навучанне на курсах кітайскай мовы ажыццяўляецца прафесійнымі выкладчыкамі Паўночна–Усходняга ўніверсітэта з вопытам работы, а таксама валанцёрамі, якія з’яўляюцца спецыялістамі ў галіне лінгвістыкі і літаратуразнаўства.
У адпаведнасці са сваім доўгатэрміновым стратэгічным планам ІКНТ праводзіць работу па стварэнні сеткі цэнтраў кітайскай мовы і культуры на базе ўніверсітэтаў, гімназій і школ. Паспяхова функцыянуюць навучальныя пункты ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Полацкім дзяржаўным універсітэце, Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту, Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым цэнтры «Зубраня», Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, у гімназіях Мінска: №№ 18, 22, 15, 40, а таксама ў школе кітайскай мовы настаўніка Вэй у Магілёве.
Адукацыйная сетка цэнтраў кітайскай мовы і культуры ІКНТ, якая ствараецца, дазваляе з кожным годам павялічыць колькасць слухачоў. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што іх ужо тысячы. Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых шляхоў і кірункаў сваёй дзейнасці з вядучымі ВНУ Паднябеснай. Сур’ёзную падтрымку ў стварэнні станоўчага іміджу ІКНТ аказваюць работнікі Медыяцэнтра Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта І. Ю. Камадзей і Э. М. Барычэўская.
За сваю адносна кароткую гісторыю Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы знаходзіцца ў авангардзе найлепшых адпаведных устаноў, дэманструючы сваю стабільнасць і магчымасць арганізацыі навукова–тэхнічных мерапрыемстваў для развіцця кантактаў таленавітай моладзі Беларусі і Кітая.
Яўген Жыжаль
Фота з архіва ІКНТ БНТУ
Источник: Звязда