Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Да тэхналагічнага першынства

БНТУ, XII форум вузов инженерно-технологического профиля Союзного государства

XII форум ВНУ інжынерна–тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы завяршаецца ў БНТУ. Амаль 40 універсітэтаў прынялі ўдзел у маштабным мерапрыемстве.

Вучэбныя карпусы БНТУ і Навукова–тэхналагічны парк “Палітэхнік” сталі інтэграцыйнай пляцоўкай для студэнтаў і навукоўцаў Саюзнай дзяржавы, магістрантаў і аспірантаў, прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання, навуковых арганізацый, высокатэхналагічных прамысловых прадпрыемстваў Беларусі, Расіі, а таксама іншых краін СНД.

Форум наведалі дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец, пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў, член Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжнародных справах ганаровы прафесар БНТУ Рыгор Рапота.

Андрэй Іванец падкрэсліў, што сёння, ва ўмовах сур’ёзнага санкцыйнага націску, падрыхтоўка інжынерных кадраў для высокатэхналагічных галін — найважнейшы складнік тэхналагічнага суверэнітэту кожнай краіны:

— Для Саюзнай дзяржавы ў прыярытэце развіццё такіх ключавых галін, як мікраэлектроніка, прыборабудаванне, авіякасмічныя тэхналогіі. У цэнтры ўвагі — пытанні эфектыўнага выкарыстання навуковага патэнцыялу вядучых універсітэтаў Беларусі і Расіі, перспектывы шырокага ўзаемадзеяння пры падрыхтоўцы кадраў новай фармацыі ў рамках сеткавага ўзаемадзеяння. Толькі сёлета навукоўцы беларускіх ВНУ выконвалі больш за сем дзясяткаў навукова–даследчых праектаў з расійскімі калегамі. Мы сёння гатовы выпускаць высакакласнага спецыя­ліста пад канкрэтнае высокатэхналагічнае прадпрыемства. Удалыя прыклады ўжо ёсць. Шэраг нашых ВНУ прымаюць удзел у рэалізацыі праекта “Перадавая інжынерная школа”, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка міжгаліновага інжынера.

На форуме актыўна працавалі тры секцыі па тэмах “Прыярытэтныя напрамкі навуковай, навукова–тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ВНУ Саюзнай дзяржавы”, “Развіццё інжынернай адукацыі ў Саюзнай дзяржаве”, “Маладзёжнае інавацыйнае прадпрымальніцтва”. У конкурсе на лепшы маладзёжны стартап Саюзнай дзяржавы прынялі ўдзел каля 20 праектаў.

Лепшы стартап — праект “Blatta. Тэхналагічная тактычная спецвопратка для будаўнічых брыгад” Аляксандра Віхарава з Іжэўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя М.Ц.Калашнікава.

На пляцоўках секцый удзельнікі форуму закранулі актуальныя пытанні па развіцці навукова–інавацыйнага патэнцыялу ВНУ як інструмента захавання эканамічнай бяспекі дзвюх краін. Абмеркавалі тэхналогіі лічбавізацыі інжынернай адукацыі, вопыт рэалізацыі мадэлі “Універсітэт 3.0”, прыярытэтныя напрамкі развіцця энергетыкі, машынабудавання і прыборабудавання Саюзнай дзяржавы.

Адзін з прыкладаў паспяховага расійска–беларускага супрацоўніцтва — стварэнне Перадавой інжынернай школы гібрыдных тэхналогій у станкабудаванні Саюзнай дзяржавы. З’явілася такая школа дзякуючы ўзаемадзеянню Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Рэктар ПскоўДУ Наталля Ільіна ўпэўнена, што акадэмічная грамадскасць Расіі і Беларусі можа адказваць на тэхналагічныя выклікі і ажыццяўляць не толькі рэінжынірынг, але і ствараць абсалютна новы вытворчы ланцужок, апярэджваючы краіны, якія лічацца сусветнымі лідарамі.

— Наш універсітэт разам з БНТУ адказвае за цяжкае машынабудаванне, станкабудаванне. Да 2027 года мы плануем стварыць гібрыдны станок, які спалучае ў сабе такарныя, фрэзерныя і лазерныя тэхналогіі. Такой вытворчасці няма ў свеце. Але важна не проста вырабіць прадукт, укараніць яго ў эканоміку, стварыўшы, напрыклад, беларуска–расійскае прадпрыемства, а неабходна займацца падрыхтоўкай маладых кадраў: рабочых, інжынераў–тэхнолагаў, канструктараў. Нашы ВНУ стварылі так званую вучэбную варонку, дзякуючы якой малады чалавек, які вучыцца ў Перадавой інжынернай школе, можа атрымаць два дыпломы аб адукацыі — БНТУ і ПскоўДУ, — паведаміла Наталля Ільіна.

Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі зацвердзіў праект дэкрэта Вышэйшага дзяржаўнага савета аб стратэгіі навукова–тэхналагічнага развіцця да 2035 года.

Як адзначыў міністр адукацыі, падрыхтоўка высакакласных спецыялістаў у Беларусі забяспечваецца за кошт рэалізацыі падыходаў бесперапыннай адукацыі: школа — універсітэт — прадпрыемства. Так, каля 4 тысяч спецыялістаў з рэальнага сектара эканомікі прымаюць удзел у адукацыйным працэсе, падрыхтоўцы інжынерных кадраў. Цесная сувязь універсітэтаў з навуковым сектарам важная, бо падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі — залог таго, што ўніверсітэты будуць выпускаць спецыялістаў будучыні.

Для паглыблення матывацыі навучэнцаў у выбары інжынерных прафесій у Беларусі рэалізуецца цэлы комплекс мер: Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк прапануе праграмы падрыхтоўкі будучых інжынераў, з гэтага года ў краіне адкрылася больш за 20 інжынерных класаў, у якіх вучацца больш за 2,5 тысячы школьнікаў. Дарэчы, як прагучала на форуме, для выпускнікоў такіх класаў плануецца прадугледзець ільготы пры паступленні ў профільныя ВНУ. Таксама моладзь прымае ўдзел у такіх буйных навукова–даследчых праектах, як “100 ідэй для Беларусі”, “100 ідэй для СНД”, конкурс Саюзнай дзяржавы “ТэхнаІнтэлект” і інш. Сярод важных ініцыятыў, агучаных на форуме, — стварэнне беларуска–расійскага ўніверсітэта высокіх тэхналогій. Спецыялісты выказалі ўпэўненасць, што яе рэалізацыя ў сеткавай форме дазволіць падрыхтаваць высакакласных інжынераў.

Гаворачы аб традыцыі фарміравання асаблівай практыкі адносін інжынерных ВНУ Беларусі і Расіі, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў акцэнтаваў увагу на тым, што супрацоўніцтва ВНУ дазволіць рыхтаваць інжынерныя кадры, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням:

— Гэта немагчыма зрабіць без уключанасці тысяч добра адукаваных маладых грамадзян Беларусі і Расіі ў агульную дзейнасць па фарміраванні вытворчых ланцужкоў, укараненні самых перадавых навукова–даследчых і доследна–канструктарскіх дасягненняў, арыентаванасці на імпартазамяшчэнне і забеспячэнне тэхналагічнай незалежнасці.

Марына Куняўская

Фота з архіва БНТУ

Источник: Настаўніцкая газета

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *