Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Адукацыя без меж

З году ў год замежная гаворка ўсё часцей гучыць у аўдыторыях i калідорах беларускіх УВА. Чаму замежныя студэнты імкнуцца атрымліваць адукацыю ў Беларусі? Чым іх прываблівае жыццё ў нашай краіне? Як яны праводзяць вольны час? Якія планы маюць на будучыню? Даведаліся ў хлопцаў і дзяўчат, якія прыехалі ў Мінск з Кітая, Лівіі, Туркменістана, Узбекістана, Манголіі.

Набор студэнтаў–замежнікаў у беларускія ўніверсітэты ў разгары і працягнецца да 15 кастрычніка. Адны прыязджаюць атрымліваць вышэйшую адукацыю з нуля, другія едуць паступаць у магістратуру, трэція выбіраюць Беларусь, каб займацца навукай і вучыцца ў аспірантуры.

Пры гэтым маладым людзям прадастаўляецца магчымасць атрымліваць адукацыю як на рускай, так i на англійскай мове. Дарэчы, ва ўніверсітэтах Беларусі вучыцца каля 33 тысяч замежных студэнтаў з сотні краін. Сёння айчынныя ўніверсітэты рэалізуюць з замежнымі УВА больш за 200 сумесных адукацыйных праграм.

Як адзначылі на факультэце міжнароднага супрацоўніцтва БНТУ, ва ўніверсітэце вучыцца каля 3 тысяч замежнікаў з больш чым 50 краін свету. Прычым 70 сумесных адукацыйных праграм рэалізуецца з 15 установамі вышэйшай адукацыі толькі Узбекістана. У гэтым годзе першыя дыпломы атрымалі ўзбекскія выпускнікі, якія вучыліся па праграме “2+2” — у рамках супрацоўніцтва БНТУ з Ташкенцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя Іслама Карымава, Ташкенцкім дзяржаўным транспартным універсітэтам, Каршынскім інжынерна–эканамічным інстытутам, Ташкенцкім архітэктурна–будаўнічым інстытутам, Самаркандскім дзяржаўным архітэктурна–будаўнічым інстытутам імя Мірза Улугбека. Праграма прадугледжвае навучанне замежных грамадзян на 1—2 курсах у роднай краіне, а на 3—4 курсах — у Беларусі.

Сёння ў БНТУ вучацца студэнты з 52 краін. За больш чым стагадовую гісторыю навучальная ўстанова падрыхтавала i выпусціла тысячы высокакваліфікаваных спецыялістаў для 120 краін свету. Па шэрагу спецыяльнасцей навучанне ў БНТУ ажыццяўляецца на англійскай мове, па іншых — толькі на рускай. Яе замежнікі асвойваюць на падрыхтоўчым аддзяленні ўніверсітэта. У цяперашні час значна павялічылася колькасць грамадзян Туркменктана, якія хочуць вучыцца ў БНТУ.

3 кітайскімі ўніверсітэтамі супрацоўніцтва ажыццяўляецца ў рамках адукацыйных праграм “4+0” i “2+2”. Выбраўшы, скажам, “4+0”, студэнты з Кітая атрымліваюць магчымасць вучыцца ў сябе дома. Беларускія выкладчыкі або навучаюць іх анлайн, або адпраўляюцца выкладаць за мяжу ва ўніверсітэт–партнёр. Перавага надобных праграм для замежных студэнтаў у тым, што яны атрымліваюць адразу два дыпломы: УВА сваёй краіны i дыплом міжнароднага ўзору БНТУ. Дарэчы, рускую мову кітайцы пачынаюць вывучаць загадзя з нашымі выкладчыкамі ў сябе на радзіме.

Сярод замежнікаў, якія чатыры гады вучацца ў БНТУ, большасць тых, хто вучыцца на рускай мове. Яны вывучаюць яе папярэдне на працягу дзевяці месяцаў на падрыхтоўчым аддзяленні ўніверсітэта. Аюба Альшыдві i Сухайб Халаф, студэнты з Лівіі, якія асвойваюць прафесію інжынера–праграміста на факультэце інфармацыйных тэхналогій i робататэхнікі БНТУ, патлумачылі, што вырашылі вучыцца на рускай мове, каб добра разумець мясцовых жыхароў, бліжэй азнаёміцца з культурай i традыцыямі нашай краіны.

— Пра Беларусь мае бацькі даведаліся ад сябра сям’і, які працаваў і жыў тут. Ён расказаў, што тэта вельмі прыгожая, утульная, бяспечная краіна, — гаворыць студэнт 3 курса Аюба Альшыдві. — Я, прызнацца, спачатку хацеў вучыцца ў Нідэрландах, але бацька паставіў ультыматум: “Кал1 хочаш вучыцца за мяжой, то толькі ў Беларусі”. Цяпер у планах скончыць магістратуру i паступіць у аспірантуру. Ёсць думкі пра тое, каб застацца жыць тут. Я шмат падарожнічаў па Еўропе i магу дакладна сказаць, што беларусы — самыя добрыя людзі.

Студэнт 1 курса Сухайб Халаф, які паступіў у БНТУ па парадзе старэйшага таварыша, пра вучобу ў аспірантуры пакуль не задумваецца, але магчымасць застацца жыць у Мінску таксама разглядае. Клімат юнакоў з афрыканскага кантынента не бянтэжыць — ужо прызвычаіліся. Як, зрэшты, i да таго, што ў нас прынята з размахам i падарункамі адзначаць 8 Сакавіка i Новы год.

А вось у БДЭУ сярод студэнтаў каля 600 замежных грамадзян з некалькіх дзясяткаў краін. Найбольш прывабным навучанне ў галоўнай эканамічнай УВА Беларусі бачыцца маладым людзям з Кітая, Расіі і Туркменістана. Тэндэнцыя апошніх гадоў — пашырэнне супрацоўніцтва з Расіяй і краінамі СНД, а таксама адкрыццё сумесных адукацыйных праграм з універсітэтамі КНР.

21–гадовы Дауд Тарсаеў, родам з чачэнскага горада Курчалой, яшчэ падчас навучання ў старшых класах школы стаў задумвацца а6 атрыманні вышэйшай адукацыі за мяжой.

— Аповеды маіх знаёмых пра жыццё i вучобу ў Беларусі былі вельмі пазітыўнымі, я вырашыў паехаць і паглядзець, што там і як. Прыехаў — і сёння я ўжо студэнт 3 курса, жыву ў Мінску чацвёрты год, — усміхаецца юнак. — Выбраць факультэт было складана, бо шмат спецыяльнасцей здаваліся цікавымі і перспектыўнымі. Вырашыў вывучаць эканамічную палітыку на факультэце міжнародных эканамічных адносін. Пабываў на практыцы ў Нацыянальным банку, Беларускай валютна–фондавай біржы, у адной з міжнародных дызайнерскіх кампаній. Мне вельмі пашанцавала з аднагрупнікамі: усе яны мае сябры. Карыстаючыся выпадкам, перадаю ім прывітанне! У інтэрнаце ў мяне шмат сяброў сярод туркаў, кітайцаў, а лепшы сябар Хусейн родам з Емена. Пасля заканчэння магістратуры і аспірантуры думаю застацца жыць і працавацьу Беларусі.

Менавіта так зрабіла выпускніца БДЭУ Надзея Мустафаева з Туркменістана, якая 5 гадоў адвучылася ў БДЭУ на факультэце маркетынгу і лагістыкі. Атрымаўшы ступень магістра, яна засталася працаваць у міжнародным аддзеле ўніверсітэта. А6 вяртанні на радзіму не думае. Зараз гэты ж універсітэт заканчвае яе малодшы брат, а ў планах — перавезці бацькоў у Мінск.

У БДЭУ дзейнічаюць больш за 120 дагавораў аб супрацоўніцтве з замежнымі партнёрамі, праграмы бакалаўрыята і магістратуры. З гэтага года стартуе праект па сумесным навучанні кітайскіх студэнтаў у магістратуры на юрыдычнай спецыяльнасці з праходжаннем даследчай практыкі ў Кітаі. Як адзначыла прарэктар па вучэбнай рабоце БДЭУ Вольга Маразевіч, з расійскімі ўніверсітэтамі–партнёрамі ў рамках эксперыментальнага праекта дзейнічае адукацыйная праграма. Так, расійскія студэнты, атрымліваючы спецыяльнасць у сваёй УВА, могуць паралельна вучыцца ў БДЭУ па сумежнай спецыяльнасці i ў выніку атрымаць дыпломы двух універсітэтаў.

20–гадовая Сарангерэл Адганхуу з Манголіі, якая вучыцца на 2 курсе факультэта фінансаў i банкаўскай справы, пасля заканчэння БДЭУ збіраецца вярнуцца дадому. Ва ўніверсітэце яна адзіная прадстаўніца сваёй краіны:

— Рускую мову прыйшлося асвойваць з нуля. Спачатку вывучала яе на падрыхтоўчых курсах, працягваю вучыць i цяпер. Пасля заканчэння ўніверсітэта планую вярнуцца на радзіму i працаваць на мытні, таму i выбрала спецыялізацыю “Фінансы i кантроль у сферы мытнай справы”. Мая краіна мяжуе з Расіяй, таму веданне рускай мовы для работы на мангола–расійскай мяжы — важны дадатковы бонус пры працаўладкаванні.

Асноўнае кола зносін дзяўчыны — замежныя студэнты. Разам яны любяць у вольны час прагуляцца па цэнтры горада, вулачках у раёне Нямігі. Ёй падабаецца мясцовая прырода, людзі. За гады жыцця ў Беларусі Сарангерэл палюбіла беларускую кухню i прызнаецца, што яе любімай стравай сталі дранікі.

28–гадовы Го Цычэн прыехаў з Кітая, каб вучыцца ў аспірантуры БДУІР. Яго дзяўчына Ma Ніна вучыцца на эканамічным факультэце БДУ і неўзабаве таксама плануе навучанне ў аспірантуры. А пазнаёміліся маладыя людзі два гады назад у Кітаі, калі пачыналі вывучаць рускую мову.

— Беларусь i Кітай ужо даўно звязваюць глыбокія сяброўскія адносіны. Ведаю, што ў апошнія гады ўсё больш кітайскіх студэнтаў прыязджаюць да вас вучыцца, таму што беларуская адукацыя цэніцца ў нашай краіне. Калі прыйшоў час вызначацца з аспірантурай, вырашыў працягнуць навучанне ў Мінску, бо тут ёсць магчымасць атрымаць паглыбленыя веды, а таксама вывучыць рускую мову, — гаворыць Го Цычэн. — Зараз вучуся на 1 курсе на вельмі важнай спецыяльнасці ў сучасным свеце — “Інфармацыйная бяспека”.

Цікаўлюся даследаваннямі ў галіне аўтаномнага кіравання, вывучаю адначасовае пазіцыянаванне і картаграфаванне робатаў. Пасля вучобы хацеў 6ы жыць у Кітаі, выкладаць ва ўніверсітэце.

Акрамя вучобы, маладыя людзі шмат падарожнічаюць. Пабывалі ў Брэсце, Гродне, Гомелі, Віцебску. Вялікае ўражанне на іх зрабілі Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, Брэсцкая крэпасць–герой.

БДУІР выбралі для атрымання вышэйшай адукацыі каля 1000 замежнікаў з 40 краін. Універсітэт прапаноўвае навучанне па 14 адукацыйных праграмах агульнай вышэйшай адукацыі на рускай мове i па 4 — на англійскай. Таксама прапаноўваецца 18 адукацыйных праграм для атрымання паглыбленай вышэйшай адукацыі на рускай мове i 5 — на англійскай. Сярод найбольш запатрабаваных фарматаў навучання — праграма “2+2”.

Азіза Джумаева з Узбекістана прыехала вучыцца ў БДУІР на 3 курс два гады назад па адукацыйнай праграме “2+2”. Яе выбар — факультэт камп’ютарных сістэм i сетак, спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. Атрымаўшы сёлета дыплом бакалаўра, дзяўчына працягнула навучанне ў магістратуры па спецыяльнасці “Праграмная інжынерыя”. Сёння яна вучыцца i працуе на паўстаўкі ў дэканаце свайго факультэта, а ў групе адказная дзяўчына з’яўляецца старастай.

— Вырашыла працягнуць вучобу ў Мінску, бо тут мне спадабалася ўсё: горад, людзі, культура, узровень адукацыі, — тлумачыць сваё рашэнне Азіза. — Ніякіх праблем з мовай у мяне не было, бо я скончыла рускую школу, думаю на рускай мове. Бацькі маё рашэнне застацца яшчэ на два гады ў Мінску ўхвалілі. Тым больш што мама прылятала да мяне на некалькі дзён, ёй усе вельмі спадабалася. Заканчваючы бакалаўрыят, я вучылася ў групе са сваімі суайчыннікамі, цяпер у маёй групе ў асноўным беларусы і толькі некалькі чалавек з Узбекістана.

Вольны час Азіза любіць праводзіць на прыродзе: каля вадаёмаў, у парках. Ёй вельмі падабаюцца доўгія пешыя прагулкі. Пакуль павандраваць па Беларусі ёй не давялося, бачыла толькі Брэст, але плануе наведаць і іншыя гарады. А вось на пытанне аб планах на жыццё дала нязвыклы беларускаму вуху адказ:

— Гэта складанае пытанне. Хацелася б застацца ў Беларусі, тут пачаць будаваць жыццё. Але я дзяўчына, i ў нас існуюць свае традыцыі — будзе так, як вырашыць бацька.

Марына Куняўская

Источник: Настаўніцкая газета

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *