Студэнцкі атрад — гэта не толькі часовыя працоўныя брыгады, але і выдатная школа падрыхтоўкі будучых высакакласных спецыялістаў, база для духоўнага і творчага развіцця маладога пакалення беларусаў. Менавіта гэтыя словы сталі лейтматывам прэс–канферэнцыі «Студатрады летам 2023. Дзейнасць і жыццё». «Вынікі трэцяга працоўнага семестра мы падводзім восенню. У кастрычніку будуць папярэднія вынікі ў штабах працоўных спраў устаноў вышэйшай адукацыі, тэрытарыяльных, абласных штабах студэнцкіх атрадаў. Закрыццё трэцяга працоўнага семестра папярэдне плануем на лістапад», — распавяла камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Анастасія Яленская. Якія ж папярэднія вынікі гэтага сезона працоўнай актыўнасці моладзі?
Часовая занятасць падлеткаў цягам усяго года
Увогуле, з пачатку года часова працаўладкавана больш за 40 тысяч юнакоў і дзяўчат, паведаміла начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алёна ДАКУКІНА. Ключавыя напрамкі, дзе яны праяўлялі сябе актыўна, — сфера паслуг, сельскагаспадарчыя работы, дробны рамонт у школах і пашыў школьных вырабаў.
Яна зазначыла, што часовая занятасць моладзі ў Беларусі арганізоўваецца на працягу ўсяго года, але найбольш актыўна моладзь выказвае жаданне працаваць менавіта ўлетку. «Матывацыя на спалучэнне працоўнай дзейнасці і навучання ў моладзі заключаецца не толькі ў дадатковым заробку, але і ў набыцці вопыту першай працы».
Паводле слоў Алёны Дакукінай, сёлета міністэрства падышло да арганізацыі часовай занятасці ў новым фармаце. У маі быў арганізаваны кірмаш вакансій. «Больш за дзве тысячы наймальнікаў адгукнуліся і былі гатовы ўзяць на работу моладзь. Заяўлялася каля 30 тысяч свабодных рабочых месцаў». Яна таксама расказала, што для хлопцаў і дзяўчат, якія не змаглі або не паспелі наведаць кірмаш вакансій, на партале службы занятасці была створана асобная ўкладка, дзе моладзь знаёмілася з вакансіямі. На сёння наймальнікамі з розных куткоў Беларусі заяўлена каля 12 тысяч працоўных месцаў.
Алёна Дакукіна таксама нагадала, што дзеці могуць займацца толькі лёгкімі відамі работ, якія не шкодзяць іх здароўю. У час канікулаў дзеці з 14 да 16 гадоў могуць працаваць 4 гадзіны 36 хвілін у дзень, а ад 16 да 18 гадоў — 7 гадзін. У час вучобы яны таксама маюць магчымасць працягваць працаваць. Так, працоўны дзень падлетка з 14 да 16 гадоў складзе 2 гадзіны 18 хвілін, з 16 да 18 гадоў — 3 гадзіны 30 хвілін.
Высокія і якасныя паказчыкі ў юбілейны год
Уласна ў студатрадах у Беларусі працаўладкаваны ўжо больш як 35 тысяч маладых людзей. І гэтая лічба будзе павялічвацца, таму што занятасць круглагадовая. Але асноўнае працаўладкаванне праходзіць у перыяд трэцяга працоўнага семестра, паведаміла камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Анастасія ЯЛЕНСКАЯ.
«У гэтым годзе студатрадаўскаму руху спаўняецца 60 гадоў. Г эта для нас вельмі знакавая падзея. Упершыню ў 1963 годзе 2,5 тысячы студэнтаў выехалі ва Уральскую вобласць на сваю першую цаліну, і дагэтуль мы падтрымліваем гэтую традыцыю. Прыемна, што на працягу ўсіх гэтых 60 гадоў студатрадаўскі рух ні на год не спыняўся. І мы гэтым, вядома, вельмі ганарымся».
Камісар нагадала, што ў трэцім працоўным семестры 2023 года рэалізоўваюцца такія працоўныя праекты, як «Атлант», «Трактарабудаўнік» у ААТ «МТЗ», «Аўтазаводзец» у ААТ «МАЗ», «Палессе» ў ААТ «Гомсельмаш», «Медыкус», «Горад маладосці». Традыцыйна студатрады выехалі і за межы краі ны. «Самае галоўнае, што студэнцкі атрад — гэта не проста працаўладкаванне. Гэта работа ў камандзе, атрыманне вопыту, вялікая камісарская работа, — адзначыла Анастасія Яленская. — Хочацца адзначыць, што дзякуючы намаганням дзяржавы і асабіста Прэзідэнта Беларусі, Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ, арганізацый, якія прымаюць, мы падыходзім да высокіх і якасных паказчыкаў у гэты юбілейны год».
Якія кірункі работы студатрадаў найбольш запатрабаваны ў моладзі? Па словах Анастасіі Яленскай, традыцыйна на працягу некалькіх гадоў самая вялікая іх колькасць — у сэрвісным кірунку: гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі, работа ў сферы аказання паслуг. Далей ідзе сельскагаспадарчы і педагагічны кірунак. Усе астатнія профілі размяркоўваюцца ў роўнай колькасці.
Дзебайцы шчыравалі гэтым летам
Намеснік начальніка аператыўнага штаба па арганізацыі работы студэнцкіх атрадаў БДУ Антон КУПЧЫН расказаў, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі часовай занятасці навучэнцаў. «Ужо не першы год ідзе работа па папулярызацыі студатрадаўскага руху. І прыемна разумець, што гэта работа прыносіць вынік. У 2023 годзе штабам па арганізацыі работы студэнцкіх атрадаў БДУ было арганізавана 69 атрадаў колькасцю 1096 навучэнцаў», — адзначыў ён.
Сёлета студэнты БДУ працавалі ў розных профілях. «Найбольш папулярнымі з’яўляюцца сэрвісныя: афіцыянты, работнікі колцэнтраў, абслуговы персанал. На другім месцы педагагічныя атрады — выхавальнікі ў аздараўленчых лагерах. Далей — вытворчыя атрады (работа ў цэхах вядучых прадпрыемстваў нашай краіны). І з імі на ўзроўні сельскагаспадарчыя атрады: праполка раслін, уборка ўраджаю».
Сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ БНТУ Аляксей БАЛЫШ паведаміў, што ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце было створана 37 студатрадаў агульнай колькасцю больш як 1,5 тысячы чалавек. «У гэтым годзе нашы студэнты ў складзе студэнцкага атрада прынялі ўдзел у Рэспубліканскім працоўным праекце «Аўтазаводзец–2023», працавалі на будоўлі функцыянальнага комплексу на скрыжаванні вуліцы Кірылы Тураўскага і праспекта Незалежнасці, будавалі гандлёвы цэнтр», — сказаў ён.
Дар’я ЛУКАШЭВІЧ, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ БДПУ імя М. Танка, адзначыла, што ў сувязі са спецыфікай ва ўніверсітэце найбольш папулярныя педагагічныя атрады. «Так, нашы педагагічныя атрады працуюць у найлепшых установах адукацыі. Атрад «Сузор’е» — у Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым цэнтры «Зубраня».
Паводле яе слоў, у ВНУ таксама ёсць вытворчыя атрады, якія працавалі на заводзе электронікі і бытавой тэхнікі «Гарызонт». Сэрвісныя атрады прыводзілі ў парадак інтэрнаты. А таксама сёлета Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт арганізаваў сэрвісны атрад на базе мемарыяльнага комплексу «Хатынь», дзе студэнты гістарычнага факультэта працавалі экскурсаводамі.
Сакратар першаснай арганізацыі БРСМ Беларуска–Расійскага ўніверсітэта Ірына ШАЛЫГІНА падкрэсліла, што ва ўніверсітэце займаюцца не толькі ўладкаваннем у студатрады, але таксама індывідуальным працаўладкаваннем. «У гэтым годзе ў нас працуе 24 атрады колькасцю 370 чалавек. Наш будаўнічы атрад «Тытан» выехаў у Варонеж, дзе працаваў на будаўніцтве школы. Акрамя таго, кожны год мы шчыруем у рамках рэспубліканскіх працоўных праектаў — гэта «Атлант», «Аўтазаводзец», «Трактарабудаўнік».
Важны элемент дастойнай працы бяспека
Як моладзь забяспечваюць бяспечнымі працоўнымі месцамі, растлумачыў дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Аляксандр СЕМІЧ. Ён адзначыў, што першы вопыт работы павінен быць станоўчы.
«Важны элемент дастойнай працы — бяспека. Работа па гарантаванні бяспекі аб’ектаў, на якіх будуць працаваць будатрады, пачынаецца зімой, калі на сайтах мясцовых выканаўчых распарадчых органаў з’яўляецца інфармацыя аб арганізацыях, што плануюць прыняць студэнцкія атрады», — сказаў дырэктар Дэпартамента.
Паводле яго слоў, у 2019 годзе паміж Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Федэрацыяй прафсаюзаў было падпісана пагадненне па пытаннях стварэння бяспечных і здаровых умоў працы і прафілактыкі вытворчага траўматызму, у якім прапісана гарантаванне бяспекі тых аб’ектаў, дзе будуць працаваць студэнцкія атрады.
«Умоўна арганізацыі дзеляцца папалам паміж міністэрствам і прафсаюзамі, і да пачатку лета ўсе яны павінны быць абследаваны або дзяржаўнай інспекцыяй працы, або тэхнічнай інспекцыяй працы прафсаюзаў», — распавёў Аляксандр Семіч. Наступны этап — накіраванне Дэпартаментам інфармацыйнага ліста ўсім зацікаўленым. «У ім расказваецца, як правільна арганізаваць працу менавіта з улікам работы з моладдзю. Бо многія з хлопцаў і дзяўчат яшчэ непаўналетнія, што накладвае абмежаванні як па відах выкананых работ, так і па іх працягласці.
Пасля на працягу лета Дэпартамент сумесна з прафсаюзамі імкнецца мінімум па адным разе наведаць усе аб’екты, на якіх працуюць студэнты. «У асноўным мы выяўляем такія парушэнні: прыцягненне моладзі да работ, бяспечнаму выкананню якіх яны не навучаны, і незабеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны або непрымяненне гэтых сродкаў. Большасць такіх парушэнняў устараняецца яшчэ непасрэдна ў ходзе рэйду мабільнай групы або правядзення маніторынгу».
Матэрыялы падрыхтаваў Сяргей Расолька
Источник: Звязда