Беларусь паказала Узбекістану свае навуковыя дасягненні.
Вынікі двухбаковага супрацоўніцтва і планы на будучыню ў галіне навукі і адукацыі абмеркавалі ўдзельнікі Першага беларуска–ўзбекскага жаночага бізнес–форуму падчас тэматычнай секцыі, якая прайшла на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. На пачатку пасяджэння ўдзельнікам арганізавалі невялікую экскурсію па лабараторыях тэхнапарка і паказалі інтэлектуальныя здабыткі, створаныя юнымі вучонымі.
А напрыканцы мерапрыемства Віцебскі дзяржуніверсітэт імя Машэрава, БНТУ, Палескі і Полацкі дзяржуніверсітэты падпісалі шэраг пагадненняў са сваімі калегамі з Узбекістана.
У рамках дакументаў будуць развівацца, у прыватнасці, сумесныя адукацыйныя праграмы з магчымасцю выдачы двайных дыпломаў.
Пункты судакранання
Удзельнікі секцыі абмеркавалі найважнейшыя тэмы і кірункі супрацоўніцтва ў сферы навукі і адукацыі.У навукова–тэхнічнай сферы ўжо рэалізоўваецца шэраг праектаў, датычных аграрнай прамысловасці, нанатэхналогій у сферы фатонікі, медыцыне. Актывізацыя такіх праектаў яшчэ адзін крок да супрацоўніцтва ў сферы навукі, а галоўнае, што гэта кансалідуе навуковыя суполкі абедзвюх краін і дае магчымасць для з’яўлення новых інавацыйных распрацовак і іх укаранення ў сферы вытворчасці Беларусі і Узбекістана, лічыць Ірына СТАРАВОЙТАВА, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:
— За апошнія чатыры гады ў беларускіх ВНУ ў разы павялічылася колькасць навучэнцаў з Узбекістана. Аднак перспектывы супрацоўніцтва бачацца не толькі ў сферы вышэйшай адукацыі, але і ў сістэме дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі. У будучыні, магчыма, з’явяцца новыя спецыяльнасці, якія будуць цікавыя для нашых краін. Яшчэ адзін кірунак супрацоўніцтва дзяржаў — маладзёжная палітыка. Нашы краіны не проста захавалі гістарычную повязь і памяць, але і здолелі павялічыць колькасць праектаў, якія ў тым ліку ўплываюць на эканоміку нашых краін і дабрабыт людзей. Наш форум стане добрым стартам і для сумеснай работы маладзёжных парламентарыяў.
Жанчына ў нашай краіне і ў свеце — увасабленне міру і стварэння. Жанчына — гэта маці, радзіма, сям’я, дзеці, таму ў нас шмат агульных пунктаў судакранання: жыццёвых, чалавечых, важных. І калі з іх пачынаць размову, яна абавязкова скончыцца добрымі пазітыўнымі рашэннямі і далейшай работай сумеснымі намаганнямі, а прынятыя рашэнні будуць рэалізоўвацца, — дадала сенатар.
На постсавецкай і нават сусветнай прасторы Беларусь зрабіла вялікі крок у многіх сферах, у тым ліку ў навуковай і адукацыйнай. Сумесную цікавасць адзін да аднаго ў гэтых галінах праяўляюць абедзве краіны, а Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк — гэта фабрыка раскрыцця талентаў, заўважыў, гаворачы пра даўняе супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана, Аляксандр БАХАНОВІЧ, першы намеснік міністра адукацыі:
— Паміж універсітэтамі нашых краін заключана некалькі соцень прамых дагавораў аб супрацоўніцтве, у рамках якіх адбываюцца сумесныя адукацыйныя праграмы, абмен студэнтамі і выкладчыкамі. Выконваецца і шэраг сумесных навуковых праектаў, абменьваемся аспірантамі і дактарантамі, вучонымі. У заключаных падчас работы секцыі пагадненнях прапісаны магчымасці ўзаемных стажыровак, наведванняў універсітэтаў, правядзенне сумесных на вуковых канферэнцый і шэраг мерапрыемстваўу частцы выхаваўчай работы і стасункаў студэнтаў і выкладчыкаў. Мы плануем распрацоўваць бізнес–праекты і прапаноўваць іх нашай прамысловасці і прадпрыемствам рэальнай эканомікі.
Дзіцячыя ідэі — сёння, інавацыйны прадукт — заўтра
Навучэнцы тэхнапарка сёння прапаноўваюць мноства ідэй, якія ўжо цяпер можна рэалізоўваць у якасці канкрэтных праектаў і дакладных інавацыйных прадуктаў, упэўнены спецыялісты.
Сачыць за эмацыянальным станам супрацоўнікаў, каб папярэдзіць іх эмацыянальнае выга ранне, можна, напрыклад, з дапамогай сістэмы, распрацаванай адным з навучэнцаў, лічаць у тэхнапарку. Ідэя праекта ў тым, што па фота сістэма з дапамогай нейрасеткі аналізуе эмоцыі чалавека. Госці з Узбекістана прапанавалі выкарыстоўваць такую сістэму падчас дэгустацыі ў харчовай прамысловасці.
А робат–павадыр, да якога прымацавана спецыяльная палка, прапанаваны адным з вучняў лабараторыі, дзе займаюцца робататэхнікай, можа суправаджаць невідушчых людзей, бо здольны спыняцца перад перашкодай. Яшчэ адна цікавая ідэя датычыцца ўдасканальвання сістэмы ацяплення БелАЭС, аўтар якой Лізавета Статкевіч, 10–класніца з Ліды. Яна з дапамогай сур’ёзных разлікаў удасканаліла работу рэальнай цеплавой схемы на станцыі, якая дазволіць зменшыць цепластраты. Пакуль у тэорыі, але мяркуецца, што яе праект прадставяць на БелАЭС і прымуць да ведама.
— Усе разлікі робяцца датычна рэальных аб’ектаў з выкарыстаннем рэальных лічбаў і схем, і яны могуць выкарыстоўвацца на практыцы, — заўважыла Таццяна ПЯТРОЎСКАЯ, старшы выкладчык кафедры прамысловай энергетыкі і цеплатэхнікі БНТУ. — Напрыклад, вучні прааналізавалі сусветны вопыт выкарыстання сонечных панэляў, узялі найлепшае, сабралі і прапанавалі нашаму прадпрыемству МАЗ для электробусаў з улікам выкарыстання ў беларускім клімаце. Часам праекты нашых вучняў больш складаныя, чым дыпломныя работы студэнтаў.
Працуюць і ў лабараторыі авіякасмічных тэхналогій тэхнапарка. Частка заняткаў адбываецца на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, дзе хлопцы і дзяўчаты вывучаюць, як уладкаваны і працуюць беспілотныя лятальныя апараты. А ў канцы навучання ўсе яны ўмеюць кіраваць беспілотнікамі.
Ідэі і прадукты, зробленыя ўласнымі рукамі дзяцей, вельмі актуальныя і запатрабаваныя, таму што гэтыя рашэнні адразу можна прымяняць на практыцы, падзяліўся ўражаннямі ад убачанага Мацёкуб БАКОЕЎ, акадэмічны дырэктар ташкенцкага філіяла Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін (універсітэта) МУС Расіі:
— Урад Узбекістана таксама ўдзяляе вялікую ўвагу стварэнню тэхнапаркаў ва ўсіх рэгіёнах, аднак у нас не хапае кадраў, якія маглі б рыхтаваць дзяцей. Мы будзем абавязкова супрацоўнічаць з беларускім Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам адносна атрымання вопыту методыкі, а таксама з тэхуніверсітэтамі — для наладжвання сувязі.
Практычна ўсе новыя галіны, якія ствараюцца ў Беларусі — робататэхніка, нана– і біятэхналогіі, штучны інтэлект — цікавяць узбекскі бок. Беларусы ў сваю чаргу гатовыя дзяліцца сваім вопытам і ўзаемаўзбагачаць адзін аднаго, а таксама вучыць грамадзян Узбекістана і павышаць кваліфікацыю прафесарска–выкладчыцкага складу ў беларускіх універсітэтах.
Ірына Сідарок
Источник: Звязда