Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Тэхналагічны суверэнітэт краіны праз мадэрнізацыю прамысловасці

Агульнавядома, што мадэрнізацыя і рэканструкцыя прамысловых прадпрыемстваў забяспечвае эканамічную бяспеку і незалежнасць краіны. Эксперты распавялі аб інавацыйных тэхналогіях прамысловай галіны, аб тэхналогіях стварэння экспартна арыентаванай тэхнікі і, у выніку, аб падтрымцы прадпрыемстваў у рэалізацыі інавацыйных праектаў бізнесу ў высокатэхналагічнай сферы.

Стаўка на робатаў

«Пасля распаду СССР у нас застаўся вельмі магутны прамысловы комплекс. Наша заслуга ў тым, што мы яго захавалі і ён паспяхова развіваецца ўжо амаль 30 гадоў. Сучасныя тэндэнцыі развіцця машынабудавання — электрыфікацыя і інтэлектуалізацыя транспарту. Гэта і лічбавыя «двайнікі», і лічбавыя тэхналогіі. Наш інстытут у гэтым актыўна ўдзельнічае, мы працуем з усімі буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі галіны. Сярод нашых кліентаў — БЕЛАЗ, МТЗ, МАЗ, «Белкамунмаш», — адзначыў генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей ПАДДУБКА. — Дзякуючы супрацоўніцтву з вядучымі ВНУ краіны мы атрымліваем падрыхтаваных спецыялістаў, далучаем іх да працэсу развіцця сучасных тэхналогій і паспяхова працуем з прадпрыемствамі над самымі складанымі задачамі».

Таксама важна развіваць такі кірунак, як рабатызацыя. «Зараз сучасныя тэхналогіі абсталёўваюцца велізарным робататэхнічным комплексам. Напрыклад, не так даўно мы былі на адным з заводаў Кітая, дзе нам паказалі цэх па зборцы аўтамабіляў. Яго назвалі «цёмны цэх», бо там не трэба ўключаць святло, робаты цалкам замясцілі чалавека і выконваюць усе аперацыі: робяць аўтамабільныя кузавы, зварку, афарбоўку. Атрымліваецца кругласутачная работа цэхаў», — распавёў Сяргей Паддубка. Таксама ён падкрэсліў, што рабатызацыя немагчымая без развіцця лічбавізацыі.

Гаворачы пра ўплыў санкцый, кіраўнік інстытута адзначыў: «У свой час мы разлічвалі на кантакты з развітымі краінамі ў частцы лічбавай электронікі. Цяпер з’явіліся пэўныя складанасці, але дзякуючы тым зачынам, якія ў нас ёсць, мы працуем з нашымі дружалюбнымі краінамі. Асабліва з Кітаем. Мы наладжваем адносіны з вядучымі пастаўшчыкамі і вытворцамі аўтамабільнай тэхнікі. Гэтыя кантакты пашыраюцца і развіваюцца. Думаю, мы будзем і далей паспяхова развівацца. Там, дзе мы страцілі нейкія сувязі, адновім іх з новымі партнёрамі», — канстатаваў ён.

Сярод прарыўных тэхналогій Сяргей Паддубка вылучыў аўтаматызацыю і рабатызацыю. Сучасныя прамысловыя тэхналогіі немагчымыя без робататэхнічных комплексаў. А рабатызацыя немагчымая без лічбавізацыі. У 2021 годзе прынята Комплексная дзяржаўная праграма развіцця электратранспарту на 2021—2025 гады. А Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук краіны — галаўное прадпрыемства, каардынатар працэсу па стварэнні новых кампетэнцый у галіне электрапрывада, кампанентнай базы электратранспарту.

Два вектары

У сваю чаргу, дэкан машынабудаўнічага факультэта БНТУ Андрэй САФОНАЎ падкрэсліў значнасць сістэмы адукацыі ў забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту краіны. «Відавочна, што без якаснай падрыхтоўкі кадраў немагчыма далейшае развіццё», — паведаміў ён. Андрэй Сафонаў назваў два вектары, па якіх неабходна развіваць прамысловасць. «Першы вектар — цесная сувязь прамысловасці, адукацыі і навукі. Гэта павінна пераходзіць у практычную плоскасць і штодня рэалізоўвацца. Другі — больш вузкае аб’яднанне намаганняў і патэнцыялаў Расіі і Беларусі. Зараз расійскі бок асаблівую ўвагу ўдзяляе навуковаму, вытворчаму і адукацыйнаму патэнцыялу нашай краіны. Напрыклад, з БНТУ падпісаны дагаворы і рэалізоўваюцца праграмы па стварэнні і развіцці перадавой інжынернай школы Саюзнай дзяржавы», — расказаў ён. Напрыклад, добра сябе зарэкамендаваў тандэм Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і БНТУ па стварэнні перадавой інжынернай школы ў галіне станкабудавання».

«Мы вялікую ўвагу ўдзяляем развіццю лічбавізацыі ў адукацыі. З дапамогай лічбавых, камп’ютарных тэхналогій з большай эфектыўнасцю сістэматызуем падрыхтоўку спецыялістаў», — дадаў дэкан. На думку Андрэя Сафонава, без уласных асноўных сродкаў вытворчасці нельга марыць аб развіцці аўтамабілебудавання і іншых галін прамысловасці. Сёння асобныя прадпрыемствы, якія своечасова набылі замежныя станкі, пасля сутыкнуліся з праблемамі, трапіўшы ў пэўную тэхналагічную, тэхнічную залежнасць, але… Родная Айчына не без уласных «кулібіных». Цяпер практычна палова сапраўды актыўных інжынераў з машынабудаўнічай падрыхтоўкай займаецца стварэннем уласнай базы праграмнага забеспячэння замежных станкоў.

Таму неабходна сыходзіць ад такой практыкі, ствараючы свае станкі, якія вельмі патрэбныя краіне. «Асаблівую ўвагу неабходна аддаваць развіццю лічбавізацыі ў адукацыі. Індустрыя 4.0 — гэта рэальнасць, у якой павінны расці нашы студэнты і маладыя спецыялісты. У БНТУ, непасрэдна на машынабудаўнічым факультэце, мы перайшлі ў плоскасць рэалізацыі гэтых задач», — лічыць дэкан.

Без імпарту цяжка, але можна

Гаворачы аб імпартазамяшчэнні, загадчык лабараторыі Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі, прафесар кафедры «Тэхналогія машынабудавання» БНТУ Марат БЕЛАЦАРКОЎСКІ адзначыў: «Адна з задач, якая перад намі стаіць, — рознымі метадамі аднавіць дэталі, якія на стыковачных вузлах, аўтамабілях, сельскагаспадарчай тэхніцы зроблены за мяжой. Гэта не так проста, як здаецца на першы погляд. Але мы гэтым займаемся, і даволі паспяхова, — акцэнтаваў увагу ён.

«Таксама толькі мы на постсавецкай прасторы займаемся такой прарыўной тэхналогіяй, як нанясенне адносна тоўстых металічных пакрыццяў на палімерныя вырабы. Гэта трэба для касмічнай сферы, беспілотнага транспарту. Гэта вельмі запатрабаваны кірунак. Як толькі мы правялі эксперыменты і зрабілі першыя ўзоры, адразу ж з намі заключыла дагаворы карэйская кампанія LG Electronics, і мы з ёй два гады супрацоўнічалі, — сказаў прафесар. — Акрамя таго, у нас з’явіліся сур’ёзныя партнёры ў асобе кітайскіх спецыялістаў. Ім вельмі падабаюцца нашы нестандартныя рашэнні».

У цэлым, паводле яго слоў, у інстытута распрацавана даволі вялікая колькасць разнастайных тэхналогій, але да прамысловага ўкаранення іх не так проста давесці. «У нас ёсць вельмі добрая школа, і мы імкнёмся яе захаваць. Самае галоўнае — выхаваць маладое пакаленне, якое б і далей працягнула развіваць нашу навуку», — падкрэсліў Марат Белацаркоўскі.

Лічбавыя тэхналогіі

Загадчык лабараторыі прамысловай робататэхнікі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Валерый КАСЬЯНІК распавёў аб трох асноўных тэхналогіях у сферы лічбавізацыі, якімі займаецца дадзеная лабараторыя. «Першая — тэхналогія калабарацыйных робатаў. Гэта досыць новая ідэя, рэалізаваная дацкімі студэнтамі ў 2010-х гадах. Такі робат можа і павінен працаваць з чалавекам. Гэта не дзве ўзаемавыключальныя сутнасці. І гэта правільна. Робат забірае на сябе руцінную работу, а чалавек займаецца інтэлектуальнай. Яны дапаўняюць адзін аднаго», — адзначыў ён.

Другая — тэхналогія лічбавых «двайнікоў», або лічбавага інжынірынгу. «Гэта выкарыстанне розных лічбавых інструментаў для павышэння эфектыўнасці праектавання. Значыць, скарачаецца час з’яўлення тэхнічнага рашэння, яго праверка адбываецца без фізічных прататыпаў, што моцна патанняе працэс распрацоўкі», — звярнуў увагу загадчык лабараторыі.

І трэцяя тэхналогія, якая цяпер перажывае вялікі ўздым, — штучны інтэлект. «Мы часткова займаемся гэтай тэхналогіяй. Яна вельмі карысная пры апрацоўцы даных», — дадаў Валерый Касьянік.

Сяргей Куркач

Источник: Звязда

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *