Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Студатрады — брэнд дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі

Сфера іх дзейнасці — ад будоўлі і сельгаспалеткаў да медыцынскіх устаноў.

У 2022 годзе Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў працаўладкаваў больш як 42 тысячы чалавек у складзе 2861 студэнцкага атрада.

Напрыканцы года ў Мінску на вялікай лядовай арэне спартыўна–забаўляльнага комплексу «Чыжоўка–Арэна» прайшло афіцыйнае закрыццё трэцяга працоўнага семестра, прысвечанага Году гістарычнай памяці. Цэнтральнай падзеяй стала ўрачыстая цырымонія ўшаноўвання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр» на найлепшы студэнцкі атрад і найлепшую арганізацыю, якая прымала студэнцкі атрад. Цырымонія стала адной з самых маштабных для беларускіх студэнцкіх атрадаў у гісторыі незалежнай Беларусі: на мерапрыемства было запрошана больш як шэсць тысяч чалавек — камандзіры, камісары, байцы студэнцкіх атрадаў, ветэраны студатрадаўскага руху, прадстаўнікі маладзёжнай агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Расійскія студэнцкія атрады» (партнёра БРСМ).

Хто стаіць за кожнай лічбай?

— Гэты год для студатрадаўскага руху склаўся вельмі ўдала. Але мы не гонімся за лічбамі, а працуем найперш на якасць і развіццё карпаратыўнай культуры, бо тое, што нежывое, несапраўднае, развівацца не будзе, — разважае другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр ПРОХАРАЎ. — За кожнай лічбай стаіць канкрэтны малады чалавек, які вясной, летам і восенню атрымаў магчымасць працаўладкавацца і падзарабіць. Байцы студатрадаў былі задзейнічаны ва ўсіх сферах дзейнасці: дапамагалі ва ўмацаванні харчовай бяспекі краіны — працавалі на ўборцы ўраджаю, у медыцынскіх установах, аздараўленчых лагерах, на флагманскіх прамысловых прадпрыемствах: МАЗе, МТЗ, «Атланце», «Гомсельмашы».

Зыходзячы са стратэгіі развіцця нашай арганізацыі, мы робім сёння акцэнт на рэалізацыі рэспубліканскіх і абласных працоўных праектаў. Рэспубліканскі праект павінен ахопліваць моладзь з розных рэгіёнаў краіны (не менш як з чатырох абласцей). У чым сэнс? Маладыя людзі разам працуюць, пражываюць у адным месцы, для іх арганізоўваецца вялікая культурна–экскурсійная, грамадзянскапатрыятычная і спартыўная праграмы. Для абласных працоўных праектаў таксама абавязковая ўмова — прыцягненне моладзі з розных раёнаў адной вобласці.

У 2022 годзе былі рэалізаваны рэспубліканскія маладзёжныя працоўныя праекты, сярод якіх Усебеларуская маладзёжная будоўля «Хатынь» на аб’ектах капітальнага рамонту і рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу, Усебеларуская маладзёжная будоўля ў Астраўцы («Горад маладосці»), вытворчыя працоўныя праекты «Атлант», «Трактарабудаўнік», «Аўтазаводзец», педагагічны праект «Важаты» на базе Нацыянальнага дзіцячага цэнтра «Зубраня», а таксама будаўнічы «Пуцейцы» і сэрвісны «Дарога магчымасцяў» — праекты на аб’ектах Беларускай чыгункі.

Як мы пераканаліся, менавіта рэспубліканскія працоўныя праекты даюць магутны штуршок для развіцця карпаратыўнай культуры і ўвогуле для развіцця студатрадаўскага руху ў Беларусі, які стаў брэндам не толькі БРСМ, а ўвогуле дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

У час працоўнага семестра праведзены шэраг працоўных акцый грамадзянска–патрыятычнага напрамку. Сярод іх — акцыя «Іх імёнамі названы студэнцкія атрады», скіраваная на фарміраванне маральных арыенціраў і павагі да гераічнага мінулага Беларусі.

Зусім хутка (пасля здачы зімовай сесіі) у нашай краіне стартуе патрыятычная акцыя «Зімовы маршрут», арганізатарам якой выступае Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ. Шлях байцоў зводных студатрадаў будзе пралягаць праз невялікія гарады і пасёлкі, дзе студэнты арганізуюць шэраг прафарыентацыйных інтэрактываў, тэматычных заняткаў, канцэртных і сацыяльна значных праграм, дапамогуць у расчыстцы ад снегу помнікаў і абеліскаў, акажуць шэфскую дапамогу па гаспадарцы ветэранам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і проста адзінокім пажылым людзям.

За 8 тысяч кіламетраў ад дома…

Як заўважыў Аляксандр Прохараў, падчас вызначэння пераможцаў конкурсу на найлепшы студатрад пад увагу браліся не толькі паказчыкі працоўнай дзейнасці, але і згуртаванасць будатрадаўцаў, іх актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых мерапрыемствах, мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці і гэтак далей.

Па выніках конкурсу «Працоўны семестр» у намінацыі «Пераходзячы сцяг найлепшаму студэнцкаму будаўнічаму атраду» перамог студэнцкі будаўнічы атрад «Эўрыка» імя Героя Савецкага Саюза Віктара Яронькі. Будатрад быў сфарміраваны штабам працоўных спраў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай і працаваў на міжнароднай будоўлі «Касмадром Усходні».

— Беларусь і Амурскую вобласць раздзяляюць 8 тысяч кіламетраў. І мы вельмі ганарымся нашымі хлопцамі, якія годна прадставілі ў Расійскай Федэрацыі і Саюз моладзі, і свой універсітэт, і нашу краіну, — падкрэслівае Аляксандр Прохараў.

На «Касмадроме Усходні» беларусы працавалі на будаўніцтве метэастанцыі, жылога фонду, былі задзейнічаны ў дарожных і аздабленчых работах. Дарэчы, у кампанію хлопцаў трапілі і трое дзяўчат. Як расказалі самі маладыя людзі, большасць з іх да гэтага моманту ніколі не ляталі на самалётах. Ніколі не былі ў расійскай глыбінцы, таму гэта вандроўка запомніцца надоўга…

Найлепшым выязным педагагічным атрадам, які працаваў за межамі краіны, стаў атрад «Фенікс» імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Азончыка з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Шчыра кажучы, не ўсім даецца шанц папрацаваць у такім месцы, як Усерасійскі дзіцячы цэнтр «Арляня», дзе сустракаюцца найлепшыя педагагічныя атрады з усёй Расіі, і правесці лета на марскім узбярэжжы ў Краснадарскім краі. А менавіта там летам 2021 года «Фенікс» атрымаў першае «баявое хрышчэнне».

«Арляня» — маштабная тэрыторыя магчымасцяў. За адну змену (21 дзень) яго выхаванцы пражываюць надзвычай насычанае жыццё, успаміны пра якое праносяць праз гады. А цяпер часткай іх успамінаў будуць і важатыя з Беларусі, якія ўжо два гады запар (з сярэдзіны мая і да канца жніўня) арганізоўваюць для іх сапраўднае свята.

— Мы праводзім там амаль чатыры месяцы. Дарога займае каля трох дзён. І перыяд адаптацыі для навічкоў, якіх сёлета ў нас было шмат, даволі складаны, — расказвае камісар атрада Кацярына ФОФАНАВА. — У гэтай сітуацыі на дапамогу прыходзяць сябры, якія заўсёды дапамогуць і падтрымаюць. Шчыра кажучы, за лета так моцна стамляешся, што кажаш сабе: «Усё, трэба ставіць кропку!». Але ўжо праз тыдзень пасля вяртання на радзіму пачынаеш сумаваць па дзецях, і калі вясной у цябе пытаюцца «Ну што, паедзеш?», ты ўпэўнена адказваеш: «Канешне!». Мы падтрымліваем праз сацыяльныя сеткі сувязь з нашымі выхаванцамі, яны нам пішуць, расказваюць пра сябе, радуюцца поспехам і перамогам.

«Памяць і Слава»: вяртанне імён

У БНТУ ў 2022 годзе было створана 53 студэнцкія атрады агульнай колькасцю 1703 чалавекі.

— Мы ахапілі практычна ўсе профілі, за выключэннем медыцынскіх і сельскагаспадарчых атрадаў, — расказаў сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Ягор НІКІЦІН. — Быў у нас і педагагічны атрад, які працаваў у санаторыі–прафілакторыі БНТУ «Палітэхнік». А сэрвісны атрад шчыраваў у Краснадарскім краі, у аздараўленчым лагеры «Марская хваля».

Нашы студэнты працавалі фактычна на ўсіх знакавых аб’ектах і рэспубліканскіх праектах: «Аўтазаводзец», «Трактарабудаўнік2022», «Атлант», Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, на рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Акрамя таго, мы вельмі ўдзячныя кіраўніцтву нашай ВНУ, якое выдзеліла шмат месцаў для працаўладкавання непасрэдна ва ўніверсітэце: хлопцы і дзяўчаты працавалі на кампусе, у студэнцкім гарадку (а ў нас 18 студэнцкіх інтэрнатаў), дапамагалі з метадычнай дакументацыяй на кафедрах.

— У Беларускім дзяржаўным універсітэце арганізавалі 41 атрад, дзе былі задзейнічаны 968 байцоў. Для нас гэта рэкордныя лічбы, — канстатуе начальнік аддзела маладзёжнай палітыкі ВНУ Вікторыя ДВАРЭЦКАЯ. — Для папулярызацыі студатрадаўскага руху мы праводзім маштабныя іміджавыя кампаніі на кожным факультэце, задзейнічаем сацыяльныя сеткі «Інстаграм», ТікТок і «Тэлеграм».

Асобна трэба спыніцца на рабоце студэнцкага сэрвіснага атрада «Памяць і Слава» імя першага рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты, створанага на гістарычным факультэце. Яго ўдзельнікі працуюць увесь год: займаюцца даследаваннем архіўных дакументаў, вывучэннем публікацый цэнтральнага перыядычнага друку Беларусі пасляваеннага перыяду ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Такім чынам былі ўстаноўлены прозвішчы яшчэ 30 супрацоўнікаў БДУ.

Акрамя таго, студатрадаўцы займаюцца добраўпарадкаваннем пахаванняў прафесарска–выкладчыцкага саставу ўніверсітэта на Ваенных, Паўночных і Усходніх могілках Мінска. Работа па пошуку і добраўпарадкаванні пахаванняў супрацоўнікаў БДУ вядзецца з 2020 года.

Таксама будучыя гісторыкі правялі маштабную работу па ўстанаўленні біяграфічных даных ваеннапалонных лагера «Шталаг352» у Масюкоўшчыне. Хлопцы і дзяўчаты вялі пошук і верыфікацыю звестак аб вязнях па кнізе памерлых лазарэта лагера. Усяго ўдалося знайсці інфармацыю аб 789 людзях. Сабраны матэрыял папоўніць рэспубліканскую базу даных.

«Мы лічым такую форму выхаваўчай работы з моладдзю вельмі эфектыўнай», — падкрэслівае Вікторыя Дварэцкая.

Рабочая спецыяльнасць… для студэнта

Кажучы аб далейшых перспектывах студатрадаўскага руху, Аляксандр Прохараў паведаміў, што планы амбіцыёзныя, але выканальныя:

— Падпісана пагадненне з Беларускай чыгункай. Гэта той напрамак, дзе мы бачым дадатковыя рэзервы для працаўладкавання студэнцкай моладзі. Там патрабуюцца не толькі праваднікі для цягнікоў, але і манцёры пуцей, і слесары рухомага саставу. Да таго ж сёння ёсць запыт з боку моладзі — студэнты хочуць паралельна з вышэйшай адукацыяй атрымаць дадаткова яшчэ і рабочую спецыяльнасць. Наймальнікі таксама зацікаўлены ў больш кваліфікаваных кадрах. Мы правялі сур’ёзнае анкетаванне ў ВНУ і бачым ТОП запатрабаваных спецыяльнасцяў.

Разам з міністэрствамі адукацыі, працы і сацыяльнай абароны і Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі зараз прапрацоўваецца пытанне аб праходжанні кароткатэрміновых прафесійных курсаў з выдачай адпаведных пасведчанняў. Разлічваем, што ўжо ў 2023 годзе гэты механізм запрацуе. І атрыманне дадатковай рабочай спецыяльнасці дазволіць моладзі апынуцца ў складзе студатрадаў на больш адказным участку працы і атрымаць больш высокі заробак.

«Вельмі здорава, што ў свой час кіраўнік дзяржавы даў даручэнне аднавіць студатрадаўскі рух і ў далейшым вывесці яго на новы ўзровень, — падкрэслівае Аляксандр Прохараў. — Сёння мы знайшлі механізмы, каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць указ Прэзідэнта як для канкрэтнага маладога чалавека, прадпрыемства, арганізацыі, так і для краіны ўвогуле».

Па выніках конкурсу «Працоўны семестр» ЗАТ «Атлант» перамагло ў намінацыі «Пераходзячы сцяг найлепшай арганізацыі, якая прымае». На прадпрыемстве з чэрвеня да снежня быў рэалізаваны маладзёжны вытворчы працоўны праект «Атлант–2022» з удзелам больш як 600 чалавек.

У намінацыі «Найлепшы будаўнічы атрад» пераможцамі сталі студэнцкі будатрад імя Героя Савецкага Саюза Аляксея Церашкова (Беларуска–Расійскі ўніверсітэт), а таксама атрады «Спадчына 2022» (Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт), які працаваў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Хатыні, і «Альфа» (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай), які шчыраваў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы.

Найлепшымі сельскагаспадарчымі атрадамі прызнаны атрад «Пушчанцы» (Камянецкая раённая арганізацыя БРСМ) і атрад «Парачанка» (Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт).

Сярод педагагічных атрадаў першынство ў конкурсе заваявалі атрады «Новае пакаленне» (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна), «Сузор’е» (Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка) і «Фенікс» (Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава).

Пераможцамі ў намінацыі «Найлепшы экалагічны атрад» прызнаны студэнцкія атрады «Флора» (Шчучынская раённая арганізацыя БРСМ) і «Буравеснік» (Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж).

Найлепшым медыцынскім атрадам прызнаны атрад «Рытм (Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж), сэрвісным — атрад «Локан» (Гомельскі дзяржаўны каледж бытавога абслугоўвання), вытворчым — атрад «Эйфарыя» (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай), які працаваў на Маладзёжным вытворчым працоўным праекце «Атлант–2022».

Надзея Нікалаева

Источник: Звязда

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *