Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны.
«У Беларусі сёння няма ніводнага прадпрыемства, дзе б ні працавалі выпускнікі БНТУ. А патрэба ў інжынерных кадрах у краіне настолькі вялікая, што падчас размеркавання выпускнікоў мы не можам задаволіць усе заяўкі ад наймальнікаў», — канстатаваў падчас сустрэчы з журналістамі першы прарэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Георгій ВЯРШЫНА.
НОВЫЯ СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ
— Я лічу, што кожнае новае пакаленне лепшае за папярэдняе: маладыя ведаюць больш за нас і глядзяць далей. А прыёмная кампанія — найважнейшае мерапрыемства, калі вырашаецца лёс маладых людзей. І мы павінны дапамагчы ім зрабіць правільны выбар. Толькі ў нашым універсітэце за дзесяць апошніх гадоў адкрылася 50 новых спецыяльнасцяў, — расказаў Георгій Вяршына. — Заўважу, што на пустым месцы спецыяльнасць не адкрываецца. Гэтаму папярэднічае цэлая эпапея: спачатку ідуць фундаментальныя даследаванні, ажыццяўляецца нейкі значны стартап–праект. Далей — прыкладныя даследаванні. Новую спецыяльнасць адкрываем, толькі калі маем тры складнікі: наяўнасць матэрыяльна–тэхнічнай базы, навуковай школы і інфармацыйнага забеспячэння. Імкнёмся трымаць руку на пульсе, і ўсе спецыяльнасці, якія патрабуюцца рынку працы, абавязкова адкрываем.
Так было, напрыклад, са спецыяльнасцю «Праектаванне і эксплуатацыя атамных электрычных станцый». Мы забяспечваем спецыялістамі не толькі БелАЭС, але і атамнагляд, і сферу экалогіі. Нашы выпускнікі працуюць ужо і на пульце атамнай станцыі, а іх заробкі ў гэтай сферы смела могуць канкурыраваць са сферай ІТ. Цяпер працуем у галіне беспілотнага транспарту.
Дарэчы, сёлета БНТУ аб’явіў набор на спецыяльнасць «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» па кірунку «Лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве» — гэта так званая індустрыя 4.0. Студэнты будуць атрымліваць эканамічныя, праектныя, вытворча–тэхналагічныя, інфармацыйна–аналітычныя і іншыя навыкі, неабходныя для стварэння разумнай прамысловай вытворчасці, развіцця спадарожных лічбавых паслуг і пераходу прамысловага прадпрыемства да лічбавых бізнес–мадэляў.
Зразумела, што спецыяліста за адзін дзень падрыхтаваць немагчыма, таму ўсё плануецца стратэгічна. Напрыклад, сёння шмат увагі ўдзяляецца клопату аб навакольным асяроддзі і рэсурсазберажэнні. «Зялёныя стандарты» актыўна ўкараняюцца ў будаўніцтве і іншых галінах, вызначаны цэлы комплекс альтэрнатыўных крыніц. У планах БНТУ на найбліжэйшыя гады — распачаць падрыхтоўку сіці–менеджараў і ўрбанолагаў. Веды такіх спецыялістаў спатрэбяцца ў розных сферах: горадабудаўніцтве, архітэктуры, лагістыцы, экалогіі…
АРЫЕНЦІРЫ ДЛЯ МОЛАДЗІ
Не сакрэт, што моладзь часта выбірае спецыяльнасць, арыентуючыся на моду і кідкую назву, а не на перспектывы будучага працаўладкавання. У БНТУ дзейнічае 16 факультэтаў па розных напрамках: энергетыка, машынабудаванне, аўтамабілеі трактарабудаванне, будаўніцтва, архітэктура. Плюс ваенна–тэхнічны факультэт. Рыхтуюцца кадры па 85 спецыяльнасцях. Як жа абітурыенту ў іх разабрацца? Для БНТУ праблема апошняга дня падачы дакументаў стаіць асабліва востра: маладыя людзі часта выбіраюць спецыяльнасць, зыходзячы з балаў у сваіх сертыфікатах, і да апошняга спрабуюць пралічыць шанцы на паступленне.
У прыёмнай камісіі БНТУ раяць арыентавацца ўсё ж такі не на кідкую назву, а вывучаць кампетэнцыі, якія атрымліваюць тыя, хто там навучаецца. Напрыклад, вядучыя будаўнічыя прадпрыемствы краіны маюць вострую патрэбу ў інжынерах, якія дасканала ведаюць інавацыйнае абсталяванне, што прымяняецца ва ўсім шматпрофільным будаўнічым комплексе. Менавіта таму ў БНТУ летась адкрылася спецыяльнасць «Інавацыйная тэхніка для будаўнічага комплексу». Падрыхтоўка ў рамках спецыяльнасці праводзіцца па трох спецыялізацыях: «Інавацыйная тэхніка для будаўніцтва і эксплуатацыі аўтамабільных дарог», «Ліфты, эскалатары, травалатары і пад’ёмна–транспартныя машыны» і «Інавацыйнае абсталяванне для атрымання прадуктаў з адпрацаваных будаўнічых канструкцый». Будучыя інжынеры атрымаюць навыкі аўтаматызаванага праектавання дэталяў, агрэгатаў і машын, а таксама будуць ведаць усё аб інавацыйным абсталяванні будаўнічага комплексу. Выпускнікі спецыяльнасці змогуць працаваць на машынабудаўнічых прадпрыемствах, якія выпускаюць пад’ёмна–транспартныя, будаўнічыя і дарожныя машыны, у буйных гандлёвых цэнтрах, метро, на вакзалах, у Нацыянальным аэрапорце ў якасці інжынераў па эксплуатацыі грузапад’ёмных механізмаў, ліфтаў, эскалатараў і на іншых аб’ектах.
Яшчэ адна новая цікавая спецыяльнасць, якая адкрылася летась, — «Прамысловы дызайн» —з двума кірункамі: дызайн транспартных сродкаў і дызайн прамысловага абсталявання. Студэнтаў чакае паглыбленая падрыхтоўка ў галіне дызайн–праектавання транспартных сродкаў і вытворчага абсталявання. У працэсе падрыхтоўкі інжынерных кадраў увага будзе ўдзяляцца метадам і сродкам мастацкага канструявання, кампазіцыі, каларыстыкі, макетавання і трохмернага мадэлявання знешняй будовы, а таксама інтэр’еру кабін, працоўнага месца аператара і пасажырскага салона транспартных сродкаў. Падрыхтоўка інжынераў–дызайнераў будзе ажыццяўляцца для розных тэхнічных напрамкаў, звязаных з даследаваннем, праектаваннем і вытворчасцю аўтатрактарнай, будаўніча–дарожнай тэхнікі, сродкаў гарадскога транспарту, у тым ліку электрычнага і аўтаномнага, а таксама для навукова–даследчых, праектных арганізацый і дызайнерскіх бюро. Выпускнікі спецыяльнасці змогуць працаўладкавацца на вядучыя прадпрыемствы ў галіне машынабудавання, сярод якіх ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў», Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ААТ «Мінскі трактарны завод» і іншыя.
Выпускнікі кірунку «Прамысловы дызайн вытворчага абсталявання» будуць запатрабаваныя на прадпрыемствах станкабудавання, прыборабудавання, бытавой тэхнікі, электратэхнічнай і радыёэлектроннай прамысловасці, вылічальнай тэхнікі, транспартнага машынабудавання і лёгкай прамысловасці. Іх чакаюць заняткі па асновах вэб–дызайну, распрацоўцы кампазіцый у прамысловым дызайне, засваенне спецыялізаваных праграмных прадуктаў для мадэлявання і візуалізацыі.
УНІВЕРСІТЭТ 3.0
— Наш спецыяліст выйдзе на рынак працы праз чатыры–пяць гадоў. І ніхто ні ведае, што будзе ў эканоміцы ў гэты час, — разважае Георгій Вяршына. — Нам могуць сказаць, што мы рыхтуем спецыялістаў учарашняга дня. Таму пры падрыхтоўцы, незалежна ад спецыяльнасці, павінна забяспечвацца некалькі важных умоў. Веданне лічбавых тэхналогій — аснова. Таксама выпускнік павінен разумець, як ствараюцца новыя матэрыялы. Трэцяе — валоданне элементамі дызайну (прамысловага, архітэктурнага, вэб–дызайну) і англійскай мовай. Гэта дае магчымасць працаваць у любым пункце свету і быць універсальным спецыялістам.
Да таго ж у сучасным свеце адных толькі ведаў тэхнічнага характару недастаткова. Трэба ўмець яшчэ прасунуць свой прадукт (распрацоўку), прадаць яго і атрымаць прыбытак. Канцэпцыя «Універсітэта 3.0», якая рэалізоўваецца ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, — спалучэнне адукацыі, навукі і інавацыйнага прадпрымальніцтва, што непарыўна звязаны паміж сабой. Такія навыкі ў БНТУ развіваюць з дапамогай тэхнапарка «Палітэхнік». Гэта тая структура, якая акумулюе інавацыйны патэнцыял і дазваляе, падтрымліваючы стартапы, даваць і развіваць вострадэфіцытныя навыкі.
Першы прарэктар БНТУ лічыць мэтавае навучанне найлепшай формай падрыхтоўкі спецыяліста: «Сваю кар’еру значна прасцей пабудаваць на адным прадпрыемстве. Абітурыенту, які свядома заключае дагавор на мэтавую падрыхтоўку, гарантавана і працаўладкаванне пасля заканчэння навучання, і падтрымка. Цяпер некаторыя прадпрыемствы вельмі ў гэтым зацікаўлены, напрыклад, Мінскі аўтамабільны завод. Работадаўцы не проста зацікаўлены ў кадрах, а гатовы аказваць дапамогу ў падрыхтоўцы спецыяліста. А калі малады чалавек прыйдзе на прадпрыемства, скажам, у аддзел галоўнага канструктара або тэхнолага, ён ужо будзе спецыялістам з перспектывай».
Усяго БНТУ сёлета плануе прыняць на першы курс 4365 абітурыентаў плюс 101 чалавек на ваенна–тэхнічны факультэт. «Лічбы набору на бюджэт засталіся практычна на ранейшым узроўні: мы набіраем толькі на 11 чалавек менш, чым летась, — заўважыў Георгій Вяршына. — А на пазабюджэтнай форме набор зменшыўся на 70 чалавек. На мэтавую падрыхтоўку плануем прыняць 42 абітурыенты. Інфармацыя пра тое, што заключаць дагаворы на мэтавую падрыхтоўку цяпер могуць усе прадпрыемствы, незалежна ад месца іх знаходжання, у тым ліку і ў буйных гарадах, з’явілася крыху са спазненнем. Таму, мяркую, наймальнікі не паспелі сарыентавацца. Спадзяёмся, што ў наступным годзе лічбы мэтавага набору будуць ужо іншыя».
Таксама Георгій Вяршына паведаміў, што ў Беларусі зараз распрацоўваюцца навучальныя праграмы для профільных класаў інжынернай накіраванасці. «Спадзяёмся, да 1 верасня кожны факультэт БНТУ будзе мець свой профільны клас у адной з гімназій Мінска, Баранавіч і іншых гарадоў Беларусі. А далей усё будзе залежаць ад цікавасці з боку навучэнцаў школ. Калі нашы профільныя класы будуць карыстацца папулярнасцю і іх колькасць будзе расці, тады мы выйдзем з прапановай у Міністэрства адукацыі аб увядзенні ў правілы прыёму пэўных ільгот для гэтай катэгорыі абітурыентаў. Такія льготы ёсць, напрыклад, у выпускнікоў педагагічных, сельскагаспадарчых, спартыўна–педагагічных і ваенна–патрыятычных класаў. Мяркуем, што аналагічны парадак прыёму можа распаўсюдзіцца і на будучых інжынераў, калі яны будуць здзяйсняць свой выбар усвядомлена».
Надзея Нікалаева
Источник: Звязда