Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

З чаго пачынаецца БНТУ?

БНТУ, скульптурная композиция «Студент и студентка», Сардаров Армен, Финский Александр

Са студэнта і студэнткі — скульптур, якія з’явіліся на тэрыторыі БНТУ ў дзень 100–годдзя ўніверсітэта. А 1 красавіка, на 20–годдзе перайменавання Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, артаб’екты былі перанесены да галоўных варот універсітэта.

Сімвалічныя фігуры студэнтаў упрыгожваюць галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны не проста так. Архітэктар кампазіцыі — дэкан архітэктурнага факультэта, доктар архітэктуры, прафесар Армэн Сяргеевіч Сардараў — расказаў, што адна з ідэй стварэння скульптур — упісаць у гісторыю 100–годдзе БНТУ.

“Акрамя архітэктуры, я займаюся навукай, таму пайшоў глядзець нашы архівы, — успамінае Армэн Сяргеевіч. — Мне хацелася нашы ідэі нечым падмацаваць. Знайшоў першы праект БНТУ, які зрабіў мой настаўнік Леў Мікалаевіч Рымінскі — вельмі таленавіты чалавек і ўнікальны спецыяліст. Па праекце ўваходная брама нашага ўніверсітэта была ўвенчана скульптурнай групай, таму лічу гэтую работу працягам універсітэцкай традыцыі. Так, выкладчыкамі архітэктурнага факультэта, скульптарамі і архітэктарамі былі распрацаваны два варыянты. Першы прадугледжваў трохфігурную кампазіцыю. З аднаго боку павінна была з’явіцца фігура прафесара, а з другога — юнак і дзяўчына, якія ўвасабляюць студэнцтва. Другі варыянт прадугледжваў толькі студэнцкую групу: з аднаго боку — дзяўчына–студэнтка, з другога — хлопец–студэнт”.

“Галоўныя героі нашага студэнцкага гарадка — хлопчыкі і дзяўчынкі, студэнты і студэнткі, а значыць, менавіта ім павінны быць прысвечаны кампазіцыі”.

Ідэй візуалізацыі арт–аб’ектаў было многа. Пасля доўгіх абмеркаванняў вырашылі, што лепшы варыянт, калі БНТУ будзе пачынацца са студэнта і студэнткі. “Узводзіць скульптуры каля УВА па важных датах — гэта традыцыя, — звярнуў увагу дэкан архітэктурнага факультэта. — Так, каля Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ў 2014 годзе адкрылі скульптуру “Настаўніца першая мая”, каля Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта з’явіўся двухметровы бронзавы ляснік, а каля Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта ўсталявалі помнік студэнту з бронзы. Што тычыцца нашага студэнцкага гарадка, то тут галоўныя героі — хлопчыкі і дзяўчынкі, студэнты і студэнткі, а значыць, менавіта ім павінны быць прысвечаны кампазіцыі. Варыянт з прафесарам, педагогам таксама добры, але выкладчык павінен быць строгім, сур’ёзным. Паказваць яго такім не вельмі хацелася. А маладых людзей, якія цягнуцца за ведамі, — так, трэба паказваць”.

Асобнай тэмай для абмеркавання стала тое, што студэнты будуць трымаць у руках. Пасля гарачых спрэчак вырашылі, што студэнтка будзе стаяць з чарцяжом, на якім адлюстраваны вядомыя архітэктурна–будаўнічыя аб’екты, а студэнт — з шасцярнёй. “Малады чалавек — гэта ўвасабленне тэхнічных спецыяльнасцей, што прапаноўвае БНТУ, а дзяўчына — архітэктурных, — тлумачыць Армэн Сяргеевіч Сардараў. — Увасабляючы моладзь у мастацтве, мы паказалі нашым студэнтам свае адносіны да іх. Прыемна, што хлопцы і дзяўчаты вельмі добра прынялі гэты жэст”.

Думаючы над вобразамі студэнта і студэнткі, іх знешнасцю, архітэктар Армэн Сардараў і скульптар Аляксандр Фінскі вырашылі, што самым ідэальным рашэннем будзе адлюстраванне славянскай прыгажосці. “Самы высокі ўзровень скульптуры — у Старажытнай Грэцыі. Архітэктары Грэцыі ўвасаблялі ў сваіх аб’ектах найбольш прыгожыя рысы, і мы вырашылі зрабіць гэтак жа, толькі паказаць беларускую прыгажосць”, — канстатаваў архітэктар. 

“Архітэктары Грэцыі ўвасаблялі ў сваіх аб’ектах найбольш прыгожыя рысы, і мы вырашылі зрабіць гэтак жа, толькі паказаць беларускую прыгажосць”.

Тым, што сёння БНТУ сярод іншых універсітэтаў вылучаюць яшчэ і арт–аб’екты, ганарацца і яго студэнты. “Скульптуры сімвалізуюць пачатак нечага новага, новых дасягненняў, — разважае студэнт 3 курса машынабудаўнічага факультэта БНТУ Максім Кулік. — Безумоўна, для студэнтаў яны таксама выступаюць сімвалам адзінства, любові да БНТУ. Я, напрыклад, паступіў па сямейнай традыцыі. Мой дзядзька і родны брат тут вучыліся, таму я мэтанакіравана выбіраў навучальную ўстанову. Мне падабаецца чарціць, ствараць нешта новае. Хочацца пакінуць у гісторыі ўніверсітэта і краіны свой след”. 

Ужо ходзяць чуткі, што для паспяховай здачы сесіі трэба патрымаць студэнта ці студэнтку за руку, але, як прызнаўся Максім Кулік, яму яшчэ не давялося праверыць, наколькі гэта праўда. А вось Лізавета Чыж, студэнтка 4 курса, расказвае: “Для студэнтаў фігуры ў першую чаргу азначаюць атрыманне ведаў у сценах нашага ўніверсітэта. А яшчэ яны нагадваюць пра магчымасць праявіць сябе. Студэнт і студэнтка — гэта ўвасабленне таго, што ў БНТУ з нас, студэнтаў, робяць прафесіяналаў. А для абітурыентаў гэта як напамін пра тое, што яны могуць загадаць жаданне на ўдачу, каб паступіць у БНТУ.

Я, напрыклад, сёлета заканчваю апошні курс факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі. А тое, што пры паступленні зраблю выбар менавіта на карысць БНТУ, ведала ўжо ў 10 класе. Мне было дастаткова толькі ўбачыць галоўны корпус, пабываць на дні адкрытых дзвярэй, і адразу ўсё стала зразумела. Гэта тое месца, дзе я хацела і хачу вучыцца. Матыватарам для мяне ў першую чаргу з’яўляюцца веды, бо калі не хадзіць на заняткі, не рыхтавацца да лабараторных і курсавых, то сэнсу ў вучобе няма. Ва ўніверсітэт мы прыходзім менавіта для гэтага. А яшчэ матывацыя заключаецца ў дасягненні пастаўленых мэт, бо з кожнай здадзенай курсавой мы падымаемся на прыступку вышэй. БНТУ — гэта лепшае, што здарылася са мной у жыцці”.

Наталля Сахно

Источник: Настаўніцкая газета

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *