Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт запрашае амбіцыйных і рашучых юнакоў і дзяўчат на інжынерна–эканамічную спецыяльнасць “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці (лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве)”.
— Лічбавізацыя ахоплівае ўсе сферы жыцця — ад змены нашага побыту і да глабальнай трансфармацыі вытворчых працэсаў і фарміравання эканомікі і грамадства новага тыпу. Такога роду тэхналагічныя зрухі становяцца адным з фактараў узмацнення канкурэнцыі на ўсіх узроўнях. Ядро эканомікі нашай краіны — прамысловасць, таму жыццёва важнай задачай становіцца паспяховае ўкараненне і выкарыстанне лічбавых тэхналогій на прамысловым прадпрыемстве, — адзначыла кандыдат эканамічных навук дацэнт кафедры “Эканоміка і права” факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ Ю.В.Мялешка.
На кафедры “Эканоміка і права” функцыянуе навуковая школа па даследаванні мадэрнізацыі эканомікі на чале з доктарам эканамічных навук прафесарам С.Ю.Саладоўнікавым. У ёй больш за 10 гадоў вывучаецца трансфармацыя прамысловасці пад уплывам лічбавых тэхналогій.
— Праблему разрыву паміж лічбавай мадэрнізацыяй і кадравай забяспечанасцю сёння адчуваюць прамысловыя прадпрыемствы ўсяго свету. Менавіта для яе пераадолення мы ініцыіравалі адкрыццё новага напрамку “Лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве” спецыяльнасці “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, — патлумачыла Юлія Віктараўна. — Мы адразу вырашылі, што гэта павінна быць інжынерна–эканамічная спецыяльнасць. Паспяховая лічбавая трансфармацыя прамысловага прадпрыемства ўключае ў сябе тры лічбавыя аспекты: вытворчасць, паслугі і бізнес–мадэлі. А для гэтага аднолькава важныя як інжынерныя, так і эканамічныя кампетэнцыі.
У час навучання па новым напрамку студэнты атрымаюць эканамічныя, праектныя, вытворча–тэхналагічныя, інфармацыйна–аналітычныя і іншыя навыкі. А пасля прыменяць іх для стварэння “разумнай” прамысловай вытворчасці, развіцця спадарожных лічбавых паслуг і пераходу прамысловага прадпрыемства да лічбавых бізнес–мадэлей.
— Важнае адрозненне гэтага напрамку — фундаментальная інжынерная падрыхтоўка ў галіне інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі. Дзякуючы ёй, будучыя спецыялісты стануць запатрабаванымі ўсімі галінамі прамысловасці, — дадала дацэнт кафедры. — Да таго ж у вучэбны план уключаны ўнікальныя аўтарскія дысцыпліны: “Прамысловы інтэрнэт рэчаў”, “Знакавае спажыванне і сучасныя таварныя рынкі”, “Індустрыяльная арганізацыя медыярынкаў і канкурэнтная палітыка”.
✓ Кваліфікацыя: “інжынер–эканаміст”.
✓ Тэмін навучання: 4 гады.
✓ Сертыфікаты ЦТ: матэматыка, замежная мова і руская (беларуская) мова.
Будучыя спецыялісты дадаткова будуць валодаць вытворча–тэхналагічнымі кампетэнцыямі і арыентавацца менавіта на прамысловы сектар — традыцыйныя прадпрыемствы: заводы, фабрыкі і іншыя вытворчасці, на якіх выкарыстоўваюць лічбавыя тэхналогіі для мадэрнізацыі інфраструктуры і бізнес–працэсаў.
— Нашы выпускнікі напрамку “Лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве” змогуць працаваць у рэальным сектары эканомікі: на прамысловай вытворчасці, у камерцыйных арганізацыях і гаспадарчых структурах, рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, галіновых міністэрствах і ўстановах, — паведаміла Юлія Віктараўна. — Гэты напрамак адрозніваецца ад іншых інжынерна–эканамічных спецыяльнасцей яшчэ і тым, што мае выразны пазагаліновы характар. Вывучэнне сучасных інфармацыйных тэхналогій апрацоўкі, мадэлявання інжынерных канструкцый, праектавання вытворчых працэсаў, кіравання жыццёвым цыклам вырабу і г.д. дазволіць атрымаць неабходныя веды і навыкі для арганізацыі лічбавай вытворчасці, паслуг і бізнес–мадэлей на любым прамысловым прадпрыемстве.
Такім чынам, новыя спецыялісты будуць умець ацэньваць узровень лічбавага развіцця прадпрыемства, аналізаваць рынак лічбавых тэхналогій, распрацоўваць і рэалізоўваць стратэгіі лічбавай трансфармацыі прадпрыемства, выбіраць прыярытэтныя лічбавыя праекты, распрацоўваць бізнес–сцэнарыі ўкаранення лічбавых тэхналогій, разлічваць эканамічныя эфекты ад выкарыстання лічбавых тэхналогій і многае іншае.
— Пры адкрыцці новага напрамку мы правялі апытанне патэнцыяльных работадаўцаў — кіраўнікоў прадпрыемстваў. І шэраг прадпрыемстваў выказалі гатоўнасць ужо зараз узяць на работу такіх спецыялістаў, праўда, давядзецца пачакаць 4 гады, — сказала дацэнт.
Сёлета на новы напрамак спецыяльнасці “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці (лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве)” будуць набіраць па 10 студэнтаў на бюджэтную і платную формы навучання. Як і на іншыя інжынерна–эканамічныя спецыяльнасці, для паступлення неабходна прадаставіць сертыфікаты ЦТ па матэматыцы, замежнай і рускай (беларускай) мовах.
— Мы запрашаем усіх, хто хоча атрымаць цікавую і запатрабаваную спецыяльнасць. Унікальныя міждысцыплінарныя кампетэнцыі дазволяць не толькі засцерагчы сябе ад структурнага беспрацоўя, якое спараджаецца робатызацыяй і аўтаматызацыяй, але і забяспечаць багатую і разнастайную працоўную дзейнасць. Так ці інакш большую частку нашага жыцця мы праводзім на рабоце. І калі чалавек штодзень вымушаны займацца нелюбімай працай, то гэта становіцца асабістай трагедыяй. Наша новая спецыяльнасць няпростая. А таму мы запрашаем да сябе амбіцыйных і рашучых, здольных знаходзіць нестандартныя задачы і рашэнні. Каб пасля нашы выпускнікі змаглі прысвяціць жыццё любімай справе, — анансавала Ю.В.Мялешка.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Источник: Настаўніцкая газета