Завяршыўся Тыдзень прадпрымальніцтва. Сёлета адзін з ключавых акцэнтаў мерапрыемства зроблены на развіцці маладзёжных прадпрымальніцкіх ініцыятыў.
Менавіта на гэта была скіравана ўвага падчас правядзення мерапрыемстваў у БНТУ. На працягу трох дзён тут знаёмілі студэнтаў з тымі магчымасцямі, якія дае ўніверсітэт маладым і ініцыятыўным.
Пляцоўкай для сустрэч стаў Навукова–тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік”. Цэнтральнай падзеяй тыдня была інфармацыйная пляцоўка Demo Days: Technopark BNTU, падчас якой студэнты даведаліся пра асновы інавацыйнага прадпрымальніцтва.
Месцам сустрэчы невыпадкова стаў менавіта тэхнапарк — гэта месца, дзе прагрэсіўныя ідэі i інавацыі атрымліваюць падтрымку і ўвасабленне. Тэхнапарк дзейнічае пры БНТУ ўжо 30 гадоў. Установа мае статус навукова–даследчай арганізацыі і цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва. Тут ствараюць асяроддзе, інфраструктуру і інструменты для развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва, забяспечваюць сацыяльны ліфт для таленавітай моладзі.
У тэхнапарк заўсёды можна прыйсці са сваёй ідэяй. Яна будзе вынесена на экспертны савет, у склад якога ўваходзяць выкладчыкі ўніверсітэта і супрацоўнікі навукова–тэхналагічнага парка. Савет аналізуе прапанову, і калі лічыць яе перспектыўнай, то пачынаецца рэалізацыя праектаў або ў рамках навукова–вытворчых падраздзяленняў тэхнапарка, або з дапамогай інавацыйных кампаній — рэзідэнтаў тэхнапарка.
Для рэалізацыі самых розных інавацый у тэхнапарка ёсць мноства магчымасцей. Дзейнічае лабараторыя хуткага прататыпавання, дзе размешчаны 20 адзінак высокатэхналагічнага абсталявання, такога як, напрыклад, лазерный прыборы і 3D–прынтар. Любы студэнт можа звярнуцца сюды і распрацаваць прататып прыдуманай ім інавацыі.
Калі справа даходзіць да этапу рэалізацыі, то і тут тэхнапарку ёсць што прапанаваць. Тэхнапарк валодае маштабнай вытворчай пляцоўкай з інавацыйным, нярэдка ўнікальным абсталяваннем. Акрамя таго, у тэхнапарка ёсць 19 кампаній–рэзідэнтаў, якія таксама могуць дапамагчы з рэалізацыяй ідэй.
Штогод тэхнапарк “Палітэхнік” сумесна з БНТУ праводзіць конкурс стартапаў. Спачатку пачынае сваю работу стартап–школа, куды студэнты прыходзяць са сваімі праектамі і ідэямі. Тут ментары, у ролі якіх выступаюць паспяховыя бізнесмены, інвестары або супрацоўнікі тэхнапарка, дапамагаюць зрабіць першапачатковы праект. Гэты праект студэнты могуць прапанаваць непасрэдна на конкурсе стартапаў. Пераможцы атрымліваюць прызы, якія закліканы дапамагчы ім рэалізаваць сваю ідэю. Напрыклад, год бясплатнага бізнес–інкубавання або гранты.
Такім чынам, яшчэ будучы студэнтам БНТУ, можна стаць прадпрымальнікам, дырэктарам уласнай кампаніі. Як гэта адбылося з Кацярынай Ульянавай. Яна студэнтка і адначасова дырэктар прадпрыемства. Кацярына ўдзельнічала ў конкурсе стартапаў, атрымала грант і рэалізавала сваю ідэю — стала сузаснавальнікам сумесна з тэхнапаркам прадпрыемства “Макетная майстэрня БНТУ — 4create”. Удзельнікі Тыдня прадпрымальніцтва мелі магчымасць пазнаёміцца з дзяўчынай. Яна расказала пра свой шлях да ўвасаблення мары, пра тое, як усяго за пару гадоў вырасціла свой стартап да памераў прадпрыемства. Сёння яна кіруе камандай, якая вырабляе макеты розных архітэктурных аб’ектаў. Самым знакавым вырабам майстэрні на гэты момант з’яўляецца макет роднага ўніверсітэта, размешчаны ў зале славы БНТУ.
Таксама студэнты БНТУ даведаліся аб лічбавай трансфармацыі бізнеса i магчымасцях STEM–адукацыі, а падчас экскурсіі па выставачных залах тэхнапарка азнаёміліся з інавацыйнымі вырабамі, якія выпускае тэхнапарк. Усе выступленні экспертаў на мерапрыемствах у рамках Тыдня прадпрымальніцтва трансліравалі адзіную думку — ніколі не рана пачаць сваю справу, рэалізаваць сваю ідэю. Важна пачаць дзейнічаць, а падтрымку i аднадумцаў заўсёды можна знайсці. Прычым зусім побач — у роднай альма–матар.
Дар’я Рэва
Источник: Настаўніцкая газета