На пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця навуковай і навукова–тэхнічнай дзейнасці ведамства.
Удзельнікамі пасяджэння сталі рэктары і прарэктары па навуковай рабоце ўстаноў вышэйшай адукацыі і прадстаўнікі структурных падраздзяленняў міністэрства. Яны разгледзелі дзейнасць УВА па камерцыялізацыі вынікаў навуковых даследаванняў, а таксама абмеркавалі сумесныя дзеянні і меры, што пасадзейнічаюць больш эфектыўнай навукова–даследчай і інавацыйнай рабоце арганізацый Міністэрства адукацыі і ўзмацненню інтэграцыі ўніверсітэцкай навукі і нацыянальнай эканомікі.
— Універсітэцкая навука — адзін з найважнейшых і ў многім нават базавых элементаў развіцця нашых устаноў вышэйшай адукацыі. У сувязі з гэтым удасканаленне навуковай сферы, захаванне і ўзбагачэнне традыцый навуковых школ, умацаванне сувязі навукі і вытворчасці з’яўляюцца прыярытэтнымі напрамкамі развіцця нашых універсітэтаў. Сёння мы можам канстатаваць, што ва ўніверсітэтах і навуковых арганізацыях Міністэрства адукацыі сфарміравана і ўстойліва функцыянуе сістэма арганізацыі навуковай дзейнасці, — адзначыў А.І.Іванец.
Па яго словах, арганізацыі Міністэрства адукацыі актыўна ўдзельнічаюць у выкананні фінансуемых дзяржавай навукова–даследчых і доследна–канструктарскіх работ і навукова–тэхнічных праграм (дзяржаўных, галіновых і рэгіянальных), а таксама ў рэалізацыі сумесных міжнародных навукова–тэхнічных праектаў. Міністэрства адукацыі ажыццяўляе арганізацыйную і фінансавую падтрымку такой дзейнасці, выконвае функцыі дзяржаўнага заказчыка ў адносінах да ўсіх 12 дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, дзвюх дзяржаўных і адной галіновай навукова–тэхнічных праграм, шэрага іншых навуковых праектаў і мерапрыемстваў.
Андрэй Кароль: “Маладзёжная навука — звяно ў ланцужку адзінай сістэмы ажыццяўлення навуковай дзейнасці ў БДУ. Амаль 8 тысяч студэнтаў, а гэта 44% ад усёй колькасці нашых навучэнцаў, так ці інакш ахоплены рознымі формамі навукова–даследчай работы. Акрамя таго, у нас 14 студэнтаў — лаўрэатаў спецфонду Прэзідэнта. Мы прапаноўваем пачынаць прыцягваць лепшых студэнтаў да выканання навуковых даследаванняў ужо з 1 курса”.
— Наша асноўная задача — забеспячэнне поўнага інавацыйнага цыкла ад фундаментальных і прыкладных даследаванняў да стварэння інавацыйных распрацовак і ўкаранення іх у рэальны сектар эканомікі, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Сёння ў нас дастаткова нядрэнная інавацыйная інфраструктура. У яе ўжо ўваходзяць 3 зарэгістраваныя цэнтры трансферу тэхналогій, 8 цэнтраў калектыўнага карыстання ўнікальным навуковым абсталяваннем і 7 навукова–тэхналагічных паркаў. Для ўмацавання ўзаемадзеяння ўніверсітэцкай навукі з вытворчымі прадпрыемствамі і галіновымі органамі дзяржаўнага кіравання працягвае пашырацца сетка галіновых лабараторый, колькасць якіх ужо складае 33 адзінкі.
Андрэй Іванец перакананы, што магчымасці ўніверсітэцкай навукі не раскрыты ў поўнай меры, бо “ёсць больш сур’ёзны навуковы патэнцыял, які проста абавязаны выкарыстоўваць, таму што інакш навука УВА не будзе развівацца”.
— Іншых варыянтаў развіцця навукі, акрамя як работы на эканоміку краіны, сёння няма. Нам варта адказаць на такія пытанні: хто робіць універсітэцкую навуку і якія падыходы і механізмы размеркавання фінансавання будзем выкарыстоўваць пры ацэнцы эфектыўнасці навуковай і навукова–тэхнічнай інавацыйнай дзейнасці нашых УВА, а таксама якія знакавыя брэндавыя праекты мы змаглі б рэалізаваць у сістэме міністэрства.
Рэктар БДУ Андрэй Кароль у сваім дакладзе “Выніковасць удзелу БДУ ў выкананні заданняў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў” нагадаў, што ва ўніверсітэце функцыянуе 7 вучэбна–навукова–вытворчых кластараў, якія дапамагаюць вырашаць задачы, пастаўленыя перад імі вытворчасцю. А таксама працуе 6 галіновых лабараторый, вынік дзейнасці якіх дае магчымасць развіваць матэрыяльна–тэхнічную базу ўніверсітэта.
Ад стартапа да бізнесу
Калі закранулі пытанне камерцыялізацыі вынікаў навукова–даследчых і доследна–канструктарскіх работ, то сваім вопытам падзяліўся БНТУ. Там сфарміравана эфектыўная інавацыйная адукацыйна–навукова–вытворчая сістэма, якая ўключае 16 факультэтаў, філіял “Навукова–даследчы політэхнічны інстытут”, Навукова–тэхналагічны парк “Палітэхнік” і доследны завод. Такая інфраструктура дае магчымасць БНТУ не толькі рэалізаваць поўны цыкл стварэння інавацыйнай навукова–тэхнічнай прадукцыі ад ідэі да выпуску і давядзення да спажыўца, але і забяспечыць падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў і навуковых кадраў.
Вадзім Богуш: “Мы прапаноўваем шэраг змяненняў, якія тычацца далейшага развіцця магістарскіх праграм. Устанавіць максімальны тэрмін падрыхтоўкі ў магістратуры —2 гады, аптымізаваць вучэбную нагрузку, працягнуць работу з заказчыкамі кадраў па вызначэнні пераліку пасад з кваліфікацыяй магістра або вышэйшай і аптымізаваць кандыдацкія экзамены”.
— У БНТУ створана і функцыянуе сістэма маладзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва ад стартап–ідэі да бізнесу. Працуюць 4 галіновыя лабараторыі для забеспячэння выканання работ канкрэтных галін на базе ўніверсітэта. У нас шмат прыкладаў камерцыялізацыі распрацовак у рэальным сектары эканомікі, — адзначыў прарэктар па навуковай рабоце Аляксандр Малярэвіч. — Распрацоўка збалансаванага комплексу арганізацыйна–кіраўніцкіх і стымулюючых мер для актывізацыі працэсу камерцыялізацыі, уключаючы развіццё інавацыйнага прадпрымальніцтва моладзі, садзейнічае павышэнню інавацыйнай успрымальнасці рэальнага сектара эканомікі нашай краіны. Адукацыйны і навуковы патэнцыял БНТУ дае магчымасць вырашаць складаныя задачы рэальнага сектара эканомікі.
У сваю чаргу міністр адукацыі акцэнтаваў увагу, што 1 красавіка адбудзецца цырымонія ўручэння прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі. Аднак вучоныя нашых УВА не ўдзельнічалі ў гэтым конкурсе, што праходзіць раз у тры гады. А.І.Іванец папрасіў прысутных прыняць удзел, падрыхтаваўшы сур’ёзныя праекты.
У час пасяджэння калегіі асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі і дзейнасці магістратуры як асноўных элементаў кадравага забеспячэння навукова–педагагічнай дзейнасці.
Аляксандр Жук: “Падрыхтоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі праз аспірантуру і дактарантуру становіцца ўсё больш істотным фактарам устойлівага развіцця эканомікі, навукі, грамадства і сістэмы адукацыі”.
— Сярод фактараў, што ўплываюць на павышэнне эфектыўнасці работы аспірантуры і магістратуры, — пераемнасць у ланцужку “студэнцкая навукова–даследчая дзейнасць — магістратура — аспірантура”, забеспячэнне якасці абітурыентаў “на ўваходзе”, далучэнне маладых вучоных да выканання дзяржаўных праграм і розных грантаў, нефармальны прамежкавы кантроль і стымулюючыя меры, — сказаў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук. — Імідж універсітэта, яго вобраз і рэпутацыю, давер з боку грамадства і дзяржавы забяспечваюць навукова–педагагічныя кадры, таму работа па іх падрыхтоўцы павінна ажыццяўляцца сістэмна і ўвесь час знаходзіцца ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва ўніверсітэта.
Пра магістратуру як элемент сістэмы падрыхтоўкі навуковых кадраў паведаміў рэктар БДУІР Вадзім Богуш.
— Магістратура — самастойная ступень вышэйшай адукацыі. Паводле новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, тэрміны навучання ў магістратуры вызначаны ад года да двух. Выпускнікі магістратуры — гэта будучыя кадры не толькі вышэйшых навучальных устаноў, але і ў цэлым сістэмы адукацыі. Сёння варта перагледзець магістарскія праграмы, бо кантынгент навучэнцаў магістратуры істотна зніжаецца. Прычыны гэтай з’явы звязаны з перафармаціраваннем праграмы навучання і яе тэрмінамі, парушэннем прынцыпу бесперапыннай перападрыхтоўкі, а таксама з больш высокай вучэбнай нагрузкай у магістратуры, якая не заўсёды спрыяе рэалізацыі не толькі навуковых, але і інавацыйных праектаў па заказах арганізацый–заказчыкаў.
У канцы пасяджэння міністр адукацыі выказаў просьбу, каб УВА звярталіся па дапамогу ў рэалізацыі навуковых праектаў у мясцовыя інавацыйныя фонды.
— У кожнай вобласці ёсць свае інавацыйныя фонды, у якіх адчуваецца голад інавацыйных праектаў. А нашы ўніверсітэты — унікальныя навуковыя цэнтры, якія павінны прыходзіць у аблвыканкамы і прапаноўваць свае праекты, якія можна было б рэалізаваць з выкарыстаннем сродкаў абласных інавацыйных фондаў. Мне здаецца, у нашых УВА ёсць сур’ёзны патэнцыял, каб заявіць пра сябе. Упэўнены, што тут сур’ёзнае поле для дзейнасці, у тым ліку і для нашых гуманітарыяў, — заявіў А.І.Іванец.
Вольга Антоненкава
Источник: Настаўніцкая газета