Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Інтэлект на максімум

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку дадзены старт трэцяй адукацыйнай змене. У сакавіку навучанне пройдзе па 4 кірунках: “Зялёная хімія”, “Робататэхніка”, “1нфармацыйныя i камп’ютарныя тэхналогіі” i “Інжынерная экалогія”. Таксама навучэнцаў чакаюць тэматычныя экскурсіі і сустрэчы з выдатнымі асобамі.

Да 1 красавіка джуніёры будуць займацца ў лабараторыях на базе БДУ, БНТУ, БДТУ і БДУІР, распрацоўваць уласныя праекты і выступаць на шматлікіх мерапрыемствах. Прадстаўнікі кірунку “Зялёная хімія” папрацуюць над удасканаленнем хімічных працэсаў, якія станоўча ўплываюць на навакольнае асяроддзе. Яны азнаёмяцца са стратэгіямі вырашэння экалагічных праблем, а таксама асвояць спосабы ачысткі паверхневых і падземных вод. Робататэхнікі вывучаць структуру мікракантролераў AVR і крытэрыі наладкі апаратных блокаў кантролера. Акрамя таго, падлеткі, якія выбралі гэтую дысцыпліну, навучацца працаваць у праграмных асяроддзях SolidWorks, Proteus, CodeVisionAVR.

Курс “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэкналогіі” спалучае ў сабе прататыпаванне, вэбдызайн і праграмаванне мікракантролераў, а “Інжынерная экалогія” вывучае ўзаемадзеянне прыроды і тэхнікі—заканамернасць фарміравання прыродна–тэхнічных сістэм.

— Перад тым як трапіць да нас, навучэнцы прайшлі некалькі этапаў адбору, — расказала загадчыца аддзела інфармацыйна–аналітычнай работы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Людміла Віктараўна Лыткіна. — Гэтым разам экспертны савет прагледзеў 194 заяўкі з усіх рэгіёнаў краіны. Больш за ўсё жадаючых было з Гомельскай вобласці — 47 чалавек. Па выніках тэсціравання і субяседавання камісія выбрала 40 самых перспектыўных падлеткаў, якія і адправіліся на адукацыйную змену.

Нават самаму развітому інтэлекту патрэбен адпачынак, таму ў НДТ разумовую нагрузку балансуе забаўляльна–пазнавальная частка. Раніцай дзеці займаюцца ў лабараторыях, абсталяваных па апошнім слове тэхнікі. Затым ідуць у школу — не забываюць пра базавую вучэбную праграму. А пасля можна ўдзяліць час фізічнаму развіццю, зазірнуўшы ў басейн або ў залу харэаграфіі. Таксама навучэнцы рэгулярна наведваюць разнастайныя мерапрыемствы, удзел у якіх спрыяе ўсебаковаму развіццю асобы.

— Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк рэалізуе праект “Мінулых гадоў жывая памяць”, арганізаваны сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, — дадала Людміла Віктараўна. — У рамках гэтай ініцыятывы для ўдзельнікаў адукацыйнай змены пройдзе экскурсія і інтэрактыўная лекцыя на тэму “Беларусь партызанская”. Яе ідэя ў тым, каб захаваць памяць пра подзвігі абаронцаў Айчыны, а таксама павысіць цікавасць падрастаючага пакалення да гераічных старонак гісторыі нашай краіны.

Дзмітрый Архіпенка

Источник: Настаўніцкая газета

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *