Днямі рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Харытончык зацвердзіў Палітыку ў галіне інтэлектуальнай уласнасці. Такім чынам, БНТУ стаў першым універсітэтам Беларусі, у якім прыняты такі дакумент.
Дакумент распрацаваны ў межах Нацыянальнага праекта па развіцці інстытуцыянальнай палітыкі ў галіне інтэлектуальнай уласнасці для ўстаноў вышэйшай адукацыі і навукова–даследчых арганізацый Беларусі, што рэалізуецца ў адпаведнасці з Мемарандумам аб узаемаразуменні паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці. Праект рэалізуецца на базе вядучых універсітэтаў і навуковых арганізацый Беларусі пры падтрымцы Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці і Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці.
Прыняты дакумент мае стратэгічны характер. Ён вызначае мэты, базавыя прынцыпы і канцэптуальныя падыходы да кіравання інтэлектуальнай уласнасцю ў БНТУ. Гэта дастаткова шырокі дакумент, які паказвае, што наш універсітэт прытрымліваецца палітыкі, прынятай міжнароднай супольнасцю, — патлумачыў прарэктар па навуковай рабоце прафесар Аляксандр Міхайлавіч Малярэвіч. — Нагадаю, інтэлектуальная ўласнасць — гэта тое, што створена чалавечым розумам. Зараз ва ўсім свеце вельмі распаўсюджаны метады абароны інтэлектуальнай уласнасці. Асноўнымі вынаходнікамі з’яўляюцца навуковыя арганізацыі і ўстановы вышэйшай адукацыі, бо там сканцэнтравана інтэлектуальная эліта краіны. Яна і арыентуе арганізацыі на вызначэнне таго, па якіх прынцыпах яны будуць працаваць са сваімі работнікамі, каб эфектыўна і інтэнсіўна стваралася інтэлектуальная ўласнасць”.
Па словах А.М.Малярэвіча, наша краіна з’яўляецца ўдзельніцай праекта Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, якая стымулюе сваіх удзельнікаў на стварэнне такога роду дакументаў. “У Міністэрстве адукацыі нашей краіны вядзецца гэтая работа пры актыўным удзеле нашых супрацоўнікаў. БНТУ стварае шмат патэнтаў, толькі за апошнія 5 гадоў намі атрымана 270 патэнтаў. У асноўным гэта патэнты Рэспублікі Беларусь альбо Еўразійскай патэнтнай супольнасці, у якую ўваходзяць Арменія, Азербайджан, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан, Расія. I атрымліваючы такі патэнт, мы адразу ва ўсіх гэтых краінах абараняем нашу ўласнасць, — адзначыў прарэктар БНТУ. — Да таго ж у БНТУ назапашаны вялікі вопыт па абароне інтэлектуальнай уласнасці, таму нашы работнікі ўваходзяць у склад камісіі па падрыхтоўцы дакументаў “Палітыка ў галіне інтэлектуальнай уласнасці” і прапаноўваюць універсітэтам Міністэрства адукацыі разгледзець іх і будаваць сваю работу, абапіраючыся на іх.
У БНТУ перакананы, што i іншым установам вышэйшай адукацыі нашей краіны варта падпісаць такія дакументы, каб абараніць сваіх супрацоўнікаў і свае патэнты.
Вольга Антоненкава
Источник: Настаўніцкая газета