Перейти к содержимому

БНТУ в СМИ

Па запытах эканомікі

Новыя спецыяльнасці, што прадстаўлены ў каледжы, цалкам абгрунтаваны крок: яны адкрываюцца па патрабаваннях часу, а таксама па запытах вытворчасці і эканомікі краіны.

Апошнім часам у краіне добра развіваецца аўтамабільная вытворчасць. Гэта звязана з тым, што недалёка ад Барысава працуе завод “БелДжы”. Узнікла патрэба не толькі ў нашых тэхніках-механіках, але і проста ў тэхніках. Таму ў каледжы пачалі рыхтаваць спецыялістаў у галіне аўтамабілебудавання, — гэты кірунак уяўляе сабой штосьці сярэдняе паміж тэхналогіяй машынабудавання і тэхнічнай эксплуатацыяй аўтамабіляў. Дарэчы, проста так адкрыць новую спецыяльнасць мы не можам. Каб пайсці на такі крок, трэба мець заяўкі ад работадаўцаў. Калі з гэтым усё добра і патрэба ў новых кадрах ёсць, мы надаём заяўкі i даследаванні ў Міністэрства адукацыі, каб у далейшым адкрыць новую спецыяльнасць. Менавіта такім чынам у 2020 годзе была адкрыта спецыяльнасць “Машынабудаванне”.

Год назад пасля вывучэння рынку працы была адкрыта падрыхтоўка па такіх спецыяльнасцях, як “Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы” і “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Назвы спецыяльнасцей, як заўважыла намеснік дырэктара. каледжа, гавораць самі за сябе.

“Зразумела, што робаты — гэта ўжо наша будучыня, а будаўніцтва — гэта таксама важны этап развіцця краіны, — заўважыла прадстаўнік каледжа. — Сёння будуюцца не толькі жылыя комплексы, але і вытворчасць. Таму ўсе нашы спецыялісты будуць запатрабаваны на розных пляцоўках. Так, нашы электрамеханікі, што атрымлюаюць спецыяльнасці “Прамысловыя робаты i робататэхнічныя комплексы”, змогуць працаваць на тых прадпрыемствах, дзе ёсць аўтаматызаваныя і робататэхнічныя сістэмы. Гэта не абавязкова павінны быць выключна робаты. У нашых спецыялістаў кваліфікацыя будзе намнога шырэйшая, чым сама спецыяльнасць”.

Калі ў пераліку напрамкаў падрыхтоўкі з’яўляюцца новыя спецыяльнасці, абітурыенты не адразу аддаюць ім перавагу.

“Многае залежыць ад рэкламы, — упэўнена Тамара Лявоцкая. — Каб звярнуць увагу абітурыентаў на новыя спецыяльнасці, мы праводзілі шырокую прафарыентацыйную работу. Многа расказвалі пра новыя кірункі падчас дзён адкрытых дзвярэй. Таксама нашы спецыялісты праводзілі ў школах сустрэчы з навучэнцамі. Што тычыцца папулярнасці спецыяльнасцей, то, напэўна, ёсць аб’ектыўныя прычыны выбару таго ці іншага кірунку. Так, самым папулярным з’яўляецца “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”. Напэўна, гэта ў першую чаргу звязана з тым, што ўсе хлопчыкі любяць аўтамабілі і хочуць быць прафесіяналамі, арыентавацца ў тым, што ім падабаецца. Аб’яднаць хобі і прафесію — гэта вельмі цікава. Таму традыцыйна конкурс на гэтую спецыяльнасць у нас самы вялікі. На астатніх спецыяльнасцях конкурс таксама быў, але невялікі. Тым не менш каледж забяспечыў усе кантрольныя лічбы прыёму. Безумоўна, хочацца, каб конкурс на ўсе прадастаўленыя спецыяльнасці быў большы. Але тут ёсць свае прычыны: дэмаграфічныя спады i, як вынік, не вельмі вялікая колькасць абітурыентаў”.

Не новая, але даволі папулярная сярод абітурыентаў спецыяльнасць, якую можна атрымаць у каледжы, — “Геадэзія”. Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж — адзіная ў краіне сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, дзе рыхтуюць спецыялістаў такога профілю. Згодна з вучэбным планам, на спецыяльнасць “Геадэзія” прымаюцца навучэнцы выключна на базе 11 класаў.

На працягу апошніх гадоў дзякуючы прадпрыемствам — заказчыкам кадраў усе выпускнікі каледжа, што навучаліся на дзённай форме атрымання адукацыі за кошт рэспубліканскага бюджэту, атрымліваюць размеркаванне. Што тычыцца іншагародніх студэнтаў, то ўсе яны без выключэння забяспечваюцца месцамі ў інтэрнаце.

Дарэчы, паколькі каледж з’яўляецца філіялам БНТУ, усе спецыяльнасці ў ім інтэграваны з вядучым тэхнічным універсітэтам краіны. Гэта значыць, што кожны выпускнік БДПК незалежна ад таго, якое аддзяленне скончыў, можа паступаць у БНТУ на скарочаны тэрмін навучання. Але, як правіла, большасць выпускнікоў аддае перавагу завочнай форме атрымання вышэйшай адукацыі: гэта дазваляе працаваць паралельна з вучобай.

“Да нас паступаюць маладыя людзі, у якіх ёсць патэнцыял, а ў каледжы ёсць магчымасці актыўна яго развіваць, — запэўнівае Тамара Эдуардаўна. — Відавочна, што менавіта ўзаемная зацікаўленасць навучэнцаў і выкладчыкаў дазаляе навучальнай установе знаходзіцца на адной з самых высокіх прыступак у рэйтынгу лепшых каледжаў краіны”.

Матэрыял Наталлі Сахно

Источник: Настаўніцкая газета

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *